Сабраць “100 сяброў”

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

Ліда: версія гульні

 

Работнікі Лідскага раённага палаца культуры пастаянна шукаюць і ўкараняюць новыя формы работы з насельніцтвам. Так і з'явіўся ў Лідзе тэатр гульні "100 сяброў".

- Сучаснаму чалавеку ўжо не дастаткова гульні як часткі таго або іншага культурна-масавага мерапрыемства, - кажа загадчык дзіцячага аддзела Лідскага РПК Іна Альшэўская. - Яму хочацца выйсці за яе рамкі, бачыць у ёй сюжэтнае напаўненне. А значыць, патрэбны гульнёвы спектакль...

Малады і ініцыятыўны кіраўнік новага тэатра Ірына Калыска згуртавала вакол сябе таленавітых супрацоўнікаў Палаца культуры ды ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці і з цягам часу змагла зацікавіць сваімі пастаноўкамі ўсіх лідчан. І гэта не выпадкова, бо тэатр гульні "100 сяброў" аб'яднаў, па сутнасці, усе творчыя калектывы галоўнай установы культуры раёна.

Склад удзельнікаў таго або іншага спектакля - розны. У адной дзеі могуць быць заняты акцёры народнага драматычнага тэатра, а ў другой, з фальклорным зместам, - артысты "Лідчанкі", у трэцяй - скрыпачы "Славяначкі"...

Удзельнікаў тэатра пастаянна можна бачыць на калядных гульнях, на святкаванні Масленкі, Купалля, на навагодніх ранішніках ды кірмашах, выстаўках і рэспубліканскіх "Дажынках".

Шматгранная і творчая дзейнасць тэатра гульні "100 сяброў" - новага слова ў забаўляльнай індустрыі, бадай, усёй Гродзеншчыны - не засталася па-за ўвагай жыхароў як нашага горада, так і вобласці. Таму ў апошнія гады Лідскі РПК неаднойчы станавіўся фіналістам Абласнога конкурсу гульнёвых праграм "Карагод весялосці". А па перадавы вопыт у арганізацыі ды правядзенні гульнёвых праграм у Ліду прыязджаюць культработнікі з іншых раёнаў Беларусі.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ

Ліда