Нацыянальная кінастудыя

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

Штогод павялічваецца дзяржаўная падтрымка фільматворчых прадпрыемстваў.

 /i/content/pi/cult/132/693/Kino1.jpg

Падчас здымак фільма “Пяшчотная зіма”.

Фільмаграфія.

Сёлета кінастудыя прапанавала сваім гледачам наступныя мастацкія стужкі: “Рыфмуецца з каханнем”; “Маёр Ветраў” (сумесна з “Арт Сінема груп”); “Радзіма або смерць” (сумесна з Творчай студыяй “Стэла”); “Ворагі”.
Завяршаецца праца над фільмамі: “Навагоднія прыгоды ў ліпені”; “Вока за вока” (сумесна з кінакампаніяй “Пакроўскія вароты” пры падтрымцы Федэральнага агенцтва па культуры і кінематаграфіі Расійскай федэрацыі); “Шчыт Айчыны”; “Чаклун і Румба”; “На спіне ў чорнага ката”; “Чэрвень” (сумесна з ЗАТ “Цэнтрал Партнершып”).

Конкурс.

Кінастудыя правяла конкурс на лепшы сцэнарый поўнаметражнага мастацкага і тэлевізійнага фільма. Пераможцы:

Першая прэмія — “Дняпроўскі рубеж” (ваенная драма), аўтар— А.Дудараў;

Другая прэмія — “Ліда” (драма), аўтар— Я.Трусевіч;

Трэцяя прэмія — “Бессмяротнасць каштуе нам жыцця” (прыгодніцкі фільм), аўтар — Т.Швядко; “За каханнем каханне, альбо Адны” (меладрама), аўтар— А.Жук; “Крапавы берэт” (баявік), аўтар — А.Дзебалюк.

Новае абсталяванне.

Кінастудыя ў гэтым годзе набыла камплект кінакамеры ARRIFLEX 435 Extreme, у які ўваходзіць 11 аб’ектываў “ультра-прайм” з рознымі фокуснымі адлегласцямі. Камера дазваляе здымаць з хуткасцю да 150 кадраў у секунду са змяненнем вугла адкрыцця абцюратара ў часе работы.
У цэху спецыяльных кінавідэатэхналогій “Тэлекіно” запушчаны ў работу новы тэхнічны комплекс для вытворчасці спецыяльных візуальных эфектаў, камп’ютэрнай графікі і лічбавай апрацоўкі кінавыявы, які складаецца з пяці графічных станцый. Гэта дазволіць ствараць камп’ютэрную графіку і спецэфекты самай высокай якасці.

Рэканструкцыя.

1 верасня гэтага года пачалася маштабная рэканструкцыя вытворчага комплексу “Беларусьфільма”. Падчас яе кінастудыя набудзе новае аблічча. Усе работы плануецца завяршыць на працягу двух гадоў.

Фестывалі.

Фільмы кінастудыі прымаюць актыўны ўдзел у кінафестывалях не толькі бліжняга, але і далёкага замежжа, дзе атрымліваюць высокія ацэнкі і ўзнагароды. Сярод самых знакавых фестывальных перамог:
Х
VІ Міжнародны кінафорум “Залаты Віцязь” адзначыў “Бронзавым Віцязем” і дыпломам “За спасціжэнне свету Андэрсена, гармонію гукавога і выяўленчага рашэння” анімацыйны фільм “Залатыя падковы” Ірыны Кадзюковай, Спецыяльны дыплом “За сцвярджэнне прыгажосці і гармоніі на Зямлі” атрымалі Мікалай Князеў і Алег Шклярэўскі за дакументальны фільм “Вароты”, а ў конкурсе студэнцкіх і дэбютных фільмаў бронзу атрымала Марыя Мажар за свайго “Сабаку”.
“Залатыя падковы”, дарэчы, атрымалі дыплом “За лепшую казку для дзяцей” на Міжнародным анімацыйным фестывалі “Залатая рыбка”.
На фестывалі “Брыганціна” (г. Бярдзянск) тэлефільм “Рыфмуецца з каханнем” атрымаў прызы “За лепшую рэжысёрскую работу” (Аляксандр Яфрэмаў), “За лепшую жаночую ролю”
(Ганна Кавальчук), а таксама спецдыплом (маладая актрыса Марыя Возба). Гэтая ж стужка на кінафестывалі “Разам” (г. Ялта) атрымала прыз і дыплом журы “За гуманізм і высокае прафесійнае майстэрства”, на “Кінашоку” (г. Анапа) — “Прыз глядацкіх сімпатый”.
“Ворагі” Марыі Мажар на той жа “Брыганціне” ўдастоены галоўнага прыза “За лепшы мастацкі фільм”. А крыху раней Юлія Ауг, выканаўца галоўнай ролі ў гэтым фільме, атрымала прыз “За лепшую жаночую ролю” на кінафестывалі “Балтыйскія дэбюты”. Прынялі ўдзел “Ворагі” і ў шэрагу расійскіх фестываляў, сярод якіх— V Міжнародны фестываль патрыятычнага кіно “Слаўся, Айчына!” і ІV Міжнародны кінафестываль ваенна-патрыятычнага фільма імя С.Ф. Бандарчука “Валакаламскі рубеж”.

 

Ул. інф.