Абраз з півоняй

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

Перліна “віленскага барока”

/i/content/pi/cult/362/6928/1-4.jpegФранцысканскі манастыр з касцёлам у Івянцы, узведзены ў 1-й палове ХVІІІ ст. пры фундацыі мінскіх стольнікаў Тэадора і яго пляменніка Уладзіслава Ваньковіча, - ці не галоўная славутасць населенага пункта. Будаўніцтва касцёла ажыццяўлялася пад кіраўніцтвам мясцовага манаха Анжэльма Чаховіча. Спачатку касцёл называўся "Бязгрэшнае зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі", кляштар жа насіў імя Святога Антонія.

Нядаўна ў Івянецкім касцёле Святога Міхаіла адбылося асвячэнне аднайменнага абраза "Бязгрэшнае зачацце", які стварыў францысканскі манах, айцец Андрэй Бука, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Як стала вядома, аналагічны абраз знаходзіўся і на галоўным алтары Івянецкага францысканскага касцёла з сярэдзіны ХVІІІ  - да сярэдзіны ХІХ ст.

Абраз "Бязгрэшнае зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі" быў адноўлены ў традыцыях заходняга іканапісу. Кожны яго элемент нясе ў сабе глыбокі сімвалічны змест. У прыватнасці, у цэнтры абраза знаходзіцца выява Мацi Божай у Царстве Нябесным, якая, стоячы на паўмесяцы ў прамянях сонца, схіляе галаву долу, вакол галавы - вянец з дванаццацi зорак. Цікавае і значэнне кветак, якiя растуць каля ног Марыi: аквiлегiя - сiмвал Святога Духа, пiвоня сведчыць пра любоў Божую, сцiпласць i сарамлiвасць, сунiца - гаючая моц Божай Мацi, а дзiкая ружа сімвалізуе пакутніцкую смерць Хрыста, сiмвал таямнiцы.

Варта адзначыць, што францысканскі манастыр дзейнічаў у Івянцы да 1832 г., калі пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчага паўстання быў закрыты. Тут планавалася адкрыць пансіянат для знямоглых каталіцкіх святароў. Але напрыканцы 1836 г. па хадайніцтве мясцовага духавенства і Элізы Плявака, тагачаснай уладальніцы івянецкіх земляў, яго дазволілі адрамантаваць на сродкі ад ахвяраванняў местачкоўцаў, а касцёл зрабіць парафіяльным. У 1856 - 1860-м будынак быў адрэстаўраваны архітэктарам В.Бяляўскім і мастаком Я.Кураткевічам і асвечаны ў гонар архангела Міхаіла. Але ў 1868 г. па распараджэнні Міністэрства ўнутраных спраў забаранілі праводзіць набажэнствы ў касцёле. А ў 1880 - 1886-м яго івянецкі касцёл перабудавалі ў праваслаўную царкву Пральніцкага прыходу. Напрыканцы 1919 г. храм зноў быў ператвораны ў каталіцкі касцёл, які пасля Другой сусветнай вайны спыніў сваю дзейнасць. У 2-й палове ХХ ст. касцёл выкарыстоўваўся пад даследчыцка-эксперыментальны цэх Мінскага праектна-канструктарскага тэхналагічнага інстытута, у яго падвале знаходзіўся засолачны цэх Валожынскай нарыхтоўчай канторы, а ў будынку манастыра размяшчаліся класныя пакоі Івянецкай школы, пазней - адміністрацыя МПКТІ. І толькі напрыканцы мінулага стагоддзя, а дакладней - у 1993 - 1994-м, івянецкія парафіяне атрымалі магчымасць карыстацца святыняй па прызначэнні.

Касцёл Святога Міхаіла - сапраўдная перліна "віленскага барока" з характэрнымі пластычнымі лініямі, ажурнымі шмат'яруснымі вежамі і скульптурным дэкорам. Храм уражвае незвычайнай лёгкасцю, сілуэтнай выразнасцю, вытанчанай маляўнічасцю. Скульптурнае аблічча гэтага манументальнага архітэктурнага комплексу дапаўняе магутная агароджа, куды ўваходзяць ажурная каваная брама і васьмігранная невялікая барочная вежа. У інтэр'еры касцёла знаходзяцца алтары з рэліквіямі францысканцаў: святога Антонія, бласлаўлёных Ахілеса і Германа.

Галіна САБАЛЕЎСКАЯ, старшы навуковы супрацоўнік  Івянецкага музея традыцыйнай культуры