Гронка з клавіш

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

Студэнцкая версія шляху да перамогі

/i/content/pi/cult/362/6920/1-5.jpeg

Цэлае суквецце лаўрэацкіх званняў прывезлі беларускія піяністы з XIII Міжнароднага конкурсу піяністаў, фартэпіянных дуэтаў і камерных ансамбляў імя Марыі Юдзінай у Санкт-Пецярбургу.

Гэты конкурс даўно заваяваў статус аднаго з найбольш прэстыжных і надзвычай складаных - ужо хаця б таму, што ўдзельнічаюць у ім не толькі навучэнцы ды студэнты, але і маладыя музыканты з вялікім канцэртным вопытам. Тым больш значнай уяўляецца сёлетняя гронка нашых чацвярых пераможцаў - студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Арцём Шаплыка і Мурад Асуіл падзялілі Другую прэмію ў сольным выканальніцтве. А Ганна Махмуранц і Аляксандра Горушка занялі ІІ месца ў намінацыі фартэпіянных дуэтаў.

- Гэта адзін з тых конкурсаў, - падзяліўся ўражаннямі Арцём ШАПЛЫКА, - праграма якога цалкам рэгламентавана. Такія ўмовы ствараюць для выканаўцаў дадатковыя цяжкасці, але і даюць магчымасць выявіць сябе дастаткова разнастайна. Цягам двух тураў трэба выконваць музыку абсалютна розных стыляў і жанраў: тут - і старадаўняя поліфанія, і найскладаныя эцюды на розныя віды тэхнікі, і сучасны твор, і, зразумела, класічная саната ды разгорнутыя рамантычныя кампазіцыі.

- Марыў пра перамогу?

- Прызнацца, ехаў найперш паўдзельнічаць, без аніякіх асаблівых спадзяванняў, дый у навагоднюю ноч не загадваў такое жаданне. Нават кпіў з самога сябе: 1-га студзеня, усе яшчэ працягваюць свята адзначаць, а я - ужо ў аўтобусе на Санкт-Пецярбург. Конкурс адкрываўся 3-га, але я знарок ехаў на дзень раней, каб крыху адаптавацца. Дарма! Мяне папросту нікуды не пусцілі: маўляў, прыходзьце заўтра. Увогуле, арганізацыя была далёка не ідэальнай. Буклеты з'явіліся толькі ў апошні дзень, вядучыя і на адкрыцці, і на закрыцці чамусьці забываліся згадаць Беларусь сярод краін-удзельніц... Так крыўдна было! На конкурсах, што праходзяць у нас, усё плануецца і праходзіць нашмат лепш. Але атмасфера была добразычлівая, зала - утульная, міжнароднае журы - вельмі прадстаўнічае, таму граць было - у радасць. Так атрымалася, што на абодвух турах мне давялося выступаць апошнім перад працяглым перапынкам. Апошні нумар заўсёды запамінаецца, дый у закуліссі ніхто сваімі хваляваннямі не дыхаў мне ў патыліцу.

- Але побач, пэўна, быў прафесар Юрый Гільдзюк, у якога вы займаецеся?

- Ён не ездзіў са мной, але гэта і яго перамога. Ён заўсёды вучыць не імкнуцца ў творах да "спартыўных дасягненняў" кшталту хуткасці ды гучнасці, а шукаць у кожнай ноце і фразе толькі ім уласцівы музычны сэнс. Так можа сказаць пра свайго выкладчыка кожны з нашай "каманды". Я вельмі рады за Мурада і дзяўчат, бо такая не адзінкавая, а, можна сказаць, "калектыўная" перамога сведчыць пра высокі ўзровень усёй беларускай фартэпіяннай школы.

- Пра гэты конкурс, - да размовы далучылася Саша Горушка, - мы з Аняй даведаліся ад свайго выкладчыка Наталлі Котавай. Дуэтам гралі яшчэ на апошнім курсе Мінскага музычнага вучылішча, і конкурс падштурхнуў узгадаць тую практыку. Мы пачалі рыхтаваць новую праграму: трэба было граць і на двух раялях, і на адным у чатыры рукі. У Наталлі Сяргееўны - вялікі вопыт выступлення ў дуэце. Разам з Валерыем Баравіковым (мы, дарэчы, выконвалі і зробленыя ім пералажэнні) яны шмат канцэртуюць, папулярызуюць гэты від выканальніцтва, арганізавалі ў нашай філармоніі Міжнародны фестываль такіх дуэтаў. Цяпер мы таксама марым выступіць на ім і - больш канцэртаваць.

На здымку: Арцём Шаплыка.

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"