Імправізацыі на тэму “… Джаза”

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

Настройся на юбілейны настрой!

/i/content/pi/cult/362/6919/1-1.jpeg

Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам пры падтрымцы Мінгарвыканкама правёў ХХІІІ Музычны праект "Мінскі джаз".

Тры канцэрты, што адбыліся 23 - 25 студзеня ў Клубе імя Дзяржынскага, мелі строга вытрыманую канцэпцыю: два - нашыя, апошні - гасцявы. У першы вечар быў прадстаўлены "Новы сусветны  джаз": творы ХХІ стагоддзя, што яшчэ не выконваліся на постсавецкай прасторы. У другі - "Лепшая калекцыя джаза" (уключаючы, вядома, рэпертуар колішняга Дзяржджаза БССР - аркестра Эдзі Рознера). У трэці - "Еўрапейскі джаз" у выкананні "Новага літоўскага біг-бэнда" пад кіраўніцтвам Яраслава Цехановіча. Адбылася і шостая цырымонія ўручэння прэміі "Лепшы джазмен года".

Сёлета лепшымі былі прызнаны адразу двое музыкантаў: саксафаніст Андрэй Кляшчоў, які летась быў удастоены гонару правесці з аркестрам свой бенефіс, і першы трубач калектыву Дзмітрый Трафімовіч. Нагадаем, што прэмію заснаваў і выплачвае сам калектыў. Але ў нашым біг-бэндзе, дзе - спрэс лепшыя прафесійныя музыканты, прэтэндаваць на яе можа літаральна кожны. І цяперашні праект чарговы раз падкрэсліў гэта.

Візітоўкай славутага калектыву магла б стаць фраза: "Саліруюць - усе!". Дый маэстра М.Фінберг не стамляўся "піярыць" сваіх падначаленых, ды так, што да канца канцэрта нават не спрактыкаваная ў джазы публіка паспявала вывучыць імёны нашых музыкантаў і прыняць кожнага джазмена як "роднага": трамбаніста Дзмітрыя Бударына, гітарыста Сяргея Анцішына, Уладзіміра Ксёндза, які спрытна змяняў саксафон на кларнет і наадварот, Паўла Бяляўскага, што граў на барытон-саксафоне, і многіх-многіх іншых. Можна было заўважыць, як творча ўзрос вакаліст Юрый Селязнёў: колькі гадоў працы ў аркестры сталі для яго і школай, і музычнай ВНУ, і лепшымі майстар-класамі. Ці як пасля вяртання да калег і сяброў адкрылася "другое дыханне" ў папраўдзе легендарнага трубача Валерыя Шчарыцы: ён дэманстраваў, без перабольшання, фантастычную ігру з разнастайнымі сучаснымі эфектамі і новымі прыёмамі. Ды што казаць: ужо па тварах аркестрантаў было відаць, якую асалоду яны атрымліваюць ад самога працэсу музіцыравання. Гэты зарад пазітыўнага настрою перадаваўся і слухачам.

/i/content/pi/cult/362/6919/1-4.jpegАдчуванне свята гэткай "інтэлектуальнай гульні" ўзмацняла сцэнаграфія. Адразу кідаліся ў вочы пазнавальны почырк і неверагодная вынаходлівасць мастака Веніяміна Маршака: столькі гадоў ён афармляе гэты праект - і штораз знаходзіць усё новыя "адгалінаванні" ад тэмы, "імправізацыі" на яе, варыятыўнае спалучэнне розных "версій". Як заўсёды, мы ўбачылі максімальна дасціпнае дызайнерскае рашэнне, заснаванае на простых геаметрычных фігурах і насычанае багаццем асацыятыўных выхадаў за іх межы. У аснову было пакладзена кола. А далей - тут табе і грамплыткі з надпісамі "Мінск", "2012", "Jazz", і выявы радыёхваляў, і святло каляровых пражэктараў, і, як у мінулыя гады, падабенства да семафора... А яшчэ спартыўныя кольцы (ці нават раз'яднаныя алімпійскія, бо іх было акурат сем), абрысы стадыёна з "бегавымі дарожкамі", від на фантан зверху, каляровы малюнак далёкай і адначасова такой блізкай планеты, вакол якой - россып зорак... Нарэшце, цыркавая арэна - з подыумам для аркестра і месцамі для гледачоў. Апошняе параўнанне - невыпадковае: Міхаіл Фінберг доўгі час працаваў у аркестры цырка, дый увогуле ў 60-я менавіта ў цыркавым асяродку развівалася найперш джазавае мастацтва, у тым ліку беларускае.

Літоўскія госці і салістка Неда, якая даўно стала ўлюбёнкай беларускай публікі, унеслі свае адметныя колеры і адценні ў джазавае свята. А тое, што свята атрымалася, ні ў кога не выклікала сумневу: джазавы настрой стаўся найлепшай уверцюрай да 25-годдзя аркестра, якое будзе адзначацца ў лютым.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"