У мінулым нумары "К" была закранута тэма пошуку інвестараў для незапатрабаваных шляхецкіх сядзіб. Менавіта актыўнага пошуку, а не пасіўнага чакання. У прыватнасці, гутарка вялася пра неабходнасць піяру такіх аб'ектаў, які немагчымы без высілкаў з боку мясцовых улад.
Не паспела яшчэ высахнуць друкарская фарба, як працяг тэмы наспеў сам сабою. Метадыст аддзела культуры Шчучынскага райвыканкама Таццяна Пятрова патэлефанавала ў рэдакцыю, каб запрасіць на выстаўку "Дух гісторыі", арганізаваную ў Мінску.
Выстаўка прысвечана ўсяго аднаму аб'екту - знакамітаму палацу Святаполк-Чацвярцінскіх у Жалудку. З лёгкай рукі айчынных кінематаграфістаў, гэты велічны стары гмах у стужцы "Масакра" стаў ледзь не "назыўным" увасабленнем гістарычнай спадчыны. Але ж будучыня ў яго пакуль што няпэўная: новы гаспадар-прыватнік, здатны адрадзіць даволі занядбаны палац, пакуль так і не знайшоўся, каб змяніць прадпрыемства, што ўтрымлівае яго на ўласным балансе. Па словах Таццяны Пятровай, менавіта гэтая акалічнасць і стала адным са стымулаў зладзіць выстаўку ў сталіцы.
У зале Музея гісторыі беларускага кіно размясціліся тыя артэфакты, якія сведчаць пра тое, што цалкам закінутым лічыць палац сёння не выпадае: там і кіно здымаюць, і мастацкі пленэр летась прайшоў... А яшчэ у ім рэгулярна ладзяцца суботнікі, экскурсіі для дзетак, а параўнальна нядаўна нават і вяселле адгуло. Адным словам, мясцовыя ўлады прыкладаюць высілкі, каб "народныя сцежкі" да гэтага месца не зарасталі, саступаючы месца духу запусцення. А прадпрыемства, якое з'яўляецца цяперашнім уласнікам палаца, робіць захады па яго кансервацыі.
Між іншым, выстаўка адразу засведчыла цікавасць з боку інвестараў да гэтай сядзібы. На вернісажы слова меў і Аляксандр Малчанаў - кіраўнік фірмы, створанай не так даўно спецыяльна дзеля адраджэння старых сядзіб. У яго планах - стварэнне сумеснага прадпрыемства з цяперашнім уласнікам для паступовага аднаўлення былой велічы маёнтка Святаполк-Чацвярцінскіх.
Як сцвярджаюць спецыялісты ў сферы аховы спадчыны, такія аб'екты, як палац у Жалудку, патрабуюць для свайго захавання не столькі нават сродкаў (тыя ж элементарныя работы па кансервацыі на ўзроўні "зацыраваць дах", паўтарымся, не патрабуюць вялікіх выдаткаў), колькі менавіта ўвагі. І толькі маючы гэтую ўвагу і павагу да помнікаў спадчыны на сваёй малой радзіме, можна зацікавіць імі і гасцей з іншых краёў. Што цалкам удаецца жыхарам Шчучыншчыны.
І.С.