Праведзена інтэнсіўная праца па аднаўленні сядзібы ў Чырвоным Беразе Жлобінскага раёна. Пасля адраджэння псеўдагатычнага будынка там павінен адкрыць свае дзверы музей. На дадзены момант выканана амаль 50% работ. Адкрыццё музея дадасць яшчэ больш турыстычнай прывабнасці месцу, дзе ўжо функцыянуе мемарыяльны комплекс, прысвечаны дзецям - ахвярам вайны.
Таксама прадоўжацца работы ў колішнім езуіцкім калегіуме ў вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна: тут ужо ўсталяваны купалы, крыжы, дахоўка, зманціраваны інжынерныя сеткі.
У самім Гомелі будзе працягвацца добраўпарадкаванне парку і набярэжнай Сожа, што прымыкае да Палацава-паркавага ансамбля Румянцавых і Паскевічаў.
Згодна з Дзяржпраграмай "Замкі Беларусі", разлічанай на 2012 - 2018 гады, на Гомельшчыне плануецца правядзенне кансервацыі тэрыторыі парку, а таксама - фрагментаў сцяны замка Вішнявецкіх у пасёлку Тэльман Брагінскага раёна, рыхтуецца дакументацыя па музеефікацыі археалагічных помнікаў: гарадзішча старажытнага Турава і гарадзішча жалезнага веку ў Рэчыцкім раёне.
Таксама распрацоўваецца дакументацыя па рэстаўрацыі палаца Чарнышовых-Круглікавых у Чачэрску. Плануецца, што на гэтыя ды іншыя мэты выдаткуюць 26 млрд. рублёў. Як зазначыў Сяргей Разанаў, дакументацыя была адобрана ў Міністэрстве культуры і цяпер праходзіць праверку ў Міністэрстве фінансаў Рэспублікі Беларусь.
На здымку: камп'ютарны макет выгляду сядзібы
ў Чырвоным Беразе пасля рэстаўрацыйных работ.