Спеўная “Крыніца”

№ 3 (1026) 21.01.2012 - 28.01.2012 г

Століншчына: два з васьмі

/i/content/pi/cult/360/6901/2-3.jpeg

Народнаму хору "Крыніца" Столінскага ГДК (мастацкі кіраўнік - Алена Аўсянік) было прысвоена званне "Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь".

Да гэтага звання ансамбль прайшоў шлях даўжынёю ў 35 гадоў. Створаны самадзейным кампазітарам Мікалаем Вайцяхоўскім, хор год ад года развіваўся, сталеў, адточваў сваё выканальніцкае майстэрства. Няма на Століншчыне таго куточка, дзе б не выступала "Крыніца".

Творчасць народнага хору таксама вядомая і далёка за межамі раёна, вобласці, рэспублікі. Даўнія сяброўскія сувязі звязваюць яго з Украінай, Германіяй, Польшчай... Толькі за апошні год "Крыніца" стала лаўрэатам абласнога фестывалю "Ляці, наша песня!", лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу вакальна-харавога мастацтва, была ўзнагароджана прэміяй Цэнтральнага камітэта прафсаюза работнікаў культуры, удзельнічала ў святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах... Усяго і не пералічыць!..

- Пад час удзелу ў Рэспубліканскім фестывалі вакальна-харавога мастацтва, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння Г.Цітовіча, прафесійнае журы высока ацаніла наша выканальніцкае майстэрства, сцэнічную культуру, музычнае суправаджэнне, касцюміраванне, - дзеліцца мастацкі кіраўнік хору "Крыніца" Алена Аўсянік. - Высокую ацэнку хору даў і, што называецца, блаславіў на добрую справу народны артыст краіны, прафесар, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча Міхась Дрынеўскі. Мы паверылі ў свае сілы і пачалі мэтанакіравана працаваць над новай праграмай...

ёлета хор будзе прадстаўляць Брэстчыну на фальклорным фестывалі ў Польшчы. А яшчэ яго запрашаюць у Германію на 20-годдзе дружбы з горадам-пабрацімам Хомбергам.

Галіна ГАШЧУК

Столін

На здымку: Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь "Хор "Крыніца".