Тры жыцці з Cіняй птушкай Жака з-пад Гродна

№ 3 (1026) 21.01.2012 - 28.01.2012 г

"Патрэбен сюжэт — адправімся па сюжэт. І няхай будзе спрэчка!.. "

/i/content/pi/cult/360/6898/1-2.jpeg

Гэтае імя для сучаснага беларуса - аматара мастацтва, як ні дзіўна, яшчэ мала знаёмае. Сучаснік і сабрат французскіх і амерыканскіх авангардыстаў, які правёў усё творчае жыццё ў Францыі і ЗША і памёр у 1973-м на востраве Капры ва ўзросце 82 гадоў, яшчэ пры жыцці атрымаў сусветнае прызнанне, як і яго суайчыннікі, выхадцы з этнічных беларускіх тэрыторый, М.Шагал, О.Цадкін, Х.Суцін, М.Ротка, А.Мешчанінаў...
На рускай мове пра Жака Ліпшыца (а гаворка - менавіта пра яго) напісана вельмі мала, а на беларускай - наогул нічога, хаця ў замежных манаграфіях, альбомах і каталогах ён вядомы як "адзін з вялікіх", "непаўторных" і "геніяльных" скульптараў ХХ стагоддзя. Як правіла, усе крыніцы паведамляюць, што нарадзіўся ён у г. Друскенінкай, Літва. Гэта, мякка кажучы, не зусім правільна. На самой справе, яго малая радзіма - горад Друскенікі Гродзенскай губерні тагачаснага Паўночна-Заходняга краю.

Нагадаю, што вёска Друскенікі з XIV ст. уваходзіла ў склад ВКЛ, а ў 1793-м атрымала статус куророта пасля таго, як былі пацверджаны лекавыя ўласцівасці яе мінеральных крыніц. Але хуткае развіццё Друскенікаў як бальнеалагічнага горада-курорта пачалося ў сярэдзіне XIX ст. У Гродне нават выходзіў спецыяльны часопіс "Русалка друскенікскіх крыніц". І тады ж гродзенскі віцэ-губернатар Якаў Ражноў пабудаваў там праваслаўную царкву ў гонар іконы Божай Маці "Усіх тужлівых Радасць". Напрыканцы XIX ст. малалетні Хаім-Якаў, будучы Жак Ліпшыц, разам з бацькамі неаднойчы курсіраваў па Нёмане на параходзе з Друскенікаў да Гродна і назад, альбо прарабляў той жа 42-кіламетровы шлях па пясчанай дарозе - на дыліжансе.

Далёкія і блізкія продкі Жака Ліпшыца былі родам з Гродна. Шая, дзед яго, буйны прамыслоўца, даволі вядомы ва ўсёй Беларусі і Літве. Бабуля Хая-Фегл - моцная і ўладарная жанчына, якая вяла гаспадарку і выхоўвала шэсць дочак і трох сыноў, у тым ліку і Аўраама, будучага тату Жака. Дык вось, гэты Аўраам, калі стаў дарослым, закахаўся і пабраўся шлюбам з суседскай дзяўчынай Рахіляй, але - супраць волі бацькоў абодвух кланаў, бо сям'я Шаі была не надта рэлігійная, а сям'я Рахілі - наадварот, да таго ж, бедная. Сямейныя сваркі не зламалі маладых, але яны вымушана пакінулі горад і атабарыліся ў бліжэйшым ад Гродна мястэчку - Друскеніках, дзе пасяліліся ў вялікім драўляным доме (ён захаваўся і па сёння). 22 жніўня 1891 года нарадзіўся сын, якога назвалі Хаім-Якаў. Мясцовы равін прадказаў нованароджанаму будучае вялікае поле дзейнасці, тое, што ён стане знакамітым чалавекам. І гэта адыграла сваю ролю ў самаадчуванні Ліпшыца. Як прыгадваў мастак, "...словы равіна зрабілі значны ўплыў на маю маці, якая заўсёды выказвала ўпэўненасць у тым, што я быў народжаны стаць выбраннікам, здзейсніць нешта вялікае... І вось цягам усяго жыцця я не мог пазбавіцца адчування, што мне адкрываецца патаемны сэнс усяго на свеце і нешта дзівосным чынам накіроўвае маё жыццё. Тысячу разоў я мог бы памерці альбо адмовіцца ад творчасці, калі б у маім сэрцы не жыло гэтае адчуванне...".

Але бацька хацеў, каб сын, калі вырасце, прадоўжыў сямейны бізнес і стаў фабрыкантам, альбо, у крайнім выпадку, добрым інжынерам-архітэктарам. Аднак камерцыя не надта прываблівала хлопца. Пасля навучання ў пачатковай рэлігійнай школе-хедэры яму давялося па воле бацькі амаль пяць гадоў (да 1905-га) займацца ў камерцыйным вучылішчы ў Беластоку Гродзенскай губерні. Праўда, вучыўся Хаім-Якаў вельмі дрэнна: яго заўсёды цягнула толькі да рысавання і жывапісу. А потым - яшчэ чатыры гады - Ліпшыц прамучыўся ў Віленскім рэальным вучылішчы. Аднак, і тут, акрамя лепкі і малявання, маладога чалавека, па сутнасці, нічога больш не цікавіла, і ён увесь вольны час праводзіў у кампаніі мясцовых віленскіх мастакоў.

Неўзабаве, у 1909 годзе, употайкі ад бацькі, але пры падтрымцы маці, якая прадала свае брыльянтавыя завушніцы, Хаім-Якаў за гэтыя грошы з'ехаў у Парыж - па сваю Сінюю птушку. Амаль адначасова з ім, восенню гэтага ж года ў Парыж прыехаў з Лондана і Осіп Цадкін - віцебскі хлопец, таксама будучы вялікі скульптар. Першыя два гады жыцця ў Францыі Ліпшыц правёў больш-менш бестурботна: астылы ад гневу бацька шчодра дапамагаў сыну. Але потым наступілі цяжкія часіны: бацька разарыўся, і Жаку, каб хоць неяк праіснаваць, давялося па начах развозіць фрукты або падпрацоўваць чаляднікам у іншых скульптараў. Урэшце, большасць эмігрантаў, мастакоў-пачаткоўцаў, менавіта так падпрацоўвала на пражытак.

Але ўсё ж галоўнай была вучоба, і сваё прафесійнае майстэрства да 1912 года Жак пачынаў удасканальваць у Нацыянальнай школе прыгожых мастацтваў у класіцыста Жана-Антуана Энжальбера, дзе кожны дзень рысаваў з твораў Мікеланджэла і штосьці высякаў у мармуры. Смешна, але многія заходнія і некаторыя расійскія крыніцы кажуць, што ў гэтай школе Ліпшыц вучыўся ў... Ж.Б. Карпо і Э.Ж. Далу. Між тым, і першы, і другі скульптары-настаўнікі памерлі задоўга да з'яўлення Ліпшыца ў Парыжы (Карпо пайшоў з жыцця яшчэ ў 1875 годзе, а Далу - у 1902-м). Але, канешне ж, Жаку, які тады жыў у гатэлі на бульвары Сан-Мішэль, потым шмат чаго далі так званыя акадэміі Радольфа Жульена і Філіпа Каларосі. Праўда, самога Жульена, былога жывапісца і таленавітага адміністратара, Ліпшыц у жывых не заспеў, але Акадэміяй удала кіравала яго ўдава Амелі Сарэл-Бары з пляменнікамі, і, такім чынам, усё па-ранейшаму заставалася на высокім узроўні, як і завяшчаў Жульен.

/i/content/pi/cult/360/6898/1-1.jpegПа сутнасці, абедзве акадэміі з'яўляліся прыватнымі мастацкімі школамі-майстэрнямі, якія, тым не менш, у тыя часы вызначалі аблічча сучаснага мастацтва і былі нейкай альтэрнатывай афіцыйнай кансерватыўнай Школе прыгожых мастацтваў. Дастаткова сказаць, што побач з Ліпшыцам у гэтых акадэміях, дзе галоўным прынцыпам была "поўная свабода творчасці", адсутнасць акадэмічнай руціны і праца з "жывой натурай" - аголенымі мадэлямі, а таксама неабавязковае для эмігрантаў веданне французскай мовы, вучыліся такія будучыя "зоркі" сусветнай культуры, як Д.Эпстэйн, П.Банар, М.Дэні, А.Мадзільяні, Ж.Паскін, А.Дэрэн, К.Мілес, Ф.Лежэ, "славяне" - В.Мухіна, Г.Галубкіна, П.Канчалоўскі, І.Грабар, П.Бянькоў, М.Чарнышоў, А.Купрын, А.Шаўчэнка, І.Пуні, Я.Лансэрэ, М.Валошын. Сярод іншых - Ф.Валатон, Д.Джакамеці, Г.Грос, А.Муха, Х.Арп, сяброўка Радэна - К.Кладэль, сяброўка Мадзільяні - Ж.Эбютэрн ды шмат іншых вядомых і напаўзабытых асоб.

Не менш важным момантам у жыцці Ліпшыца, чым вучоба у акадэміях, сталі сустрэчы з новымі сябрамі - П.Пікаса, Д.Рыверам, Х.Грысам, А.Архіпенкам, М.Кіслінгам, Ф.Лежэ, паэтамі М.Жакобам, Г.Апалінэрам, Б.Сандрарам і землякамі - А.Мешчанінавым, О.Цадкіным, П.Крэменем, П.Кікоіным, Х.Суціным і М.Шагалам, якія і з'явіліся, так бы мовіць, "фундаментам" знакамітай Парыжскай школы. У 1912 годзе Жак, яшчэ невядомы мастак, атрымлівае мабілізацыйнае прадпісанне з Расіі, бо ён на той час з'яўляецца падданым Расійскай імперыі, і прыязджае ў Пецярбург для праходжання ваеннай службы. Але медыцынская камісія знаходзіць у яго адзнакі сухотаў і вызваляе ад воінскай павіннасці. Атрымаўшы адпаведную меддаведку, мастак імчыцца ў Эрмітаж, дзе ўнікальная калекцыя скіфскай скульптуры робіць на яго грандыёзнае ўражанне. А калі вяртаецца ў Парыж, у сваю новую майстэрню на другім паверсе дома "La Ruche" (Вулей"), з новымі сіламі і творчым уздымам бярэцца за лепку, хаця яшчэ дакладна не ведае, якім шляхам ісці далей. Побач - майстэрні такіх розных маладых творцаў - Шагала, Цадкіна, Лежэ, Бранкузі, Суціна, Архіпенкі, ад чыіх мастакоўскіх эксперыментаў сам чорт нагу зломіць. Вось і паспрабуй у гэтым калейдаскопе знайсці ісціну, сваю праўду...

Спачатку Ліпшыц працуе ў строга класічнай манеры - так, як яго вучыў Энжальбер. Да гэтага часу адносяцца самая ранняя элегантная гіпсавая работа "Газель", якая стала мадэллю для будучай кампазіцыі ў бронзе "Жанчына і газель". Другі твор гэтага перыяду - "Маленькая італьянка". Але хутка на небасхіле французскага мастацтва з'яўляецца зорка кубізму, пачатак якому паклалі творы Пабла Пікаса і Жоржа Брака. "Я адлюстроўваю свет не такім, як яго бачу, а такім, якім яго разумею", - гэтыя словы Пікаса цалкам прыняў Ліпшыц, лічачы, што менавіта кубізм з яго прынцыпам строгай сістэмы найбольш адпавядае і новаму часу, і яго ўласнаму мастакоўскаму арганізму, які "патрабаваў" зрабіць сваю мову больш сінтэтычнай, а пластыку - больш канструктыўнай. Для гэтага стылю важна было перадаць не вонкавы выгляд чалавека, а раскрыццё яго ўнутранай сутнасці, унутранага стану ягонага духоўнага і метафізічнага свету. Інакш кажучы, перавага аналізу над пачуццём - гэта ўсяго толькі патрэба ва ўпарадкаванні. Калі твор імкнецца да ўпарадкавання, яснага, выразнага ладу, - ён набліжаецца да сінтэзу, а далей ужо слова - за мастаком. Прырода для кубістаў - не ўзор для пераймання, а сыры матэрыял, які падлягае перапрацоўцы. Тым больш, што кубісты ды іхнія прыхільнікі жылі ў прасторы, не народжанай натуральнай прыродай, а створанай рукамі і розумам чалавека эпохі наступлення тэхнічнай рэвалюцыі.

"Купальшчыца, якая сядзіць" - першы прыклад цікавасці мастака да перадачы ламаных паверхняў разам з захаваннем істотных элементаў анатамічных форм. Гэтая мадэль з'яўляецца прататыпам больш позняй скульптуры "Купальшчыца", дзе на змену наўмысна плоскай вуглаватасці прыйшла больш цякучая пластыка. Якраз такім чынам кампазіцыя "Арлекін з кларнетам" разам з варыяцыяй на тэму "Мужчына з гітарай" дэманструе творчую "спеласць" Ліпшыца, яго віртуознасць у пытаннях стылю і формы, у аперыраванні слоўнікам кубісцкіх элементаў у бок абстракцыі. Ліпшыц, па яго словах, імкнуўся да абстракцыі, але так, "...каб сэнс сюжэта і яго чалавечнасць не былі б страчаны". Ён шмат разважаў над роляй "пустот" у скульптуры і надаваў вялікае значэнне святлу твора: "Галоўнае было і ёсць - заваяваць аб'ёмы на святле. Дасягнуць аб'ёму - значыць перамагчы. Патрэбен сюжэт - адправімся па сюжэт. І няхай будзе спрэчка паміж аб'ёмам і святлом!.."

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"