Фота... пад адкрытым небам

№ 3 (1026) 21.01.2012 - 28.01.2012 г

Артэфакт з салона Адамовіча

/i/content/pi/cult/360/6896/14-2.jpeg

Адным з надзвычай папулярных і прыцягальных месцаў для айчынных ды замежных турыстаў не адно дзесяцігоддзе з'яўляецца Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Прычым да апошняга часу ўстанова знаёміла сваіх гасцей з традыцыйнай культурай беларускай вёскі ХІХ ст. Пры гэтым неаднаразова гучалі ідэі адлюстравання ў айчынным скансене і побыту беларускага мястэчка ды горада. Мо разам з новым праектам тэма знойдзе адлюстраванне і ў дакументальнай стужцы, што, плануецца, будзе здымаць знаны рэжысёр беларускага паходжання Сяргей Лазніца на "Белвідэацэнтры"?Думаецца, невыпадкова да 35-годдзя з дня стварэння музея сёлета быў зроблены першы крок: адкрыццё на тэрыторыі ўстановы "Свътописного кабинета" - менавіта так першапачаткова ў нашых краях называліся фотасалоны. Па словах Аляксандра Ісакава, загадчыка навукова-экспазіцыйнага аддзела, для выстаўкі быў абраны драўляны будынак, характэрны для забудовы мінскіх прадмесцяў канца ХІХ ст., паколькі менавіта там і размяшчаўся адзін з першых фотасалонаў на Беларусі, які належаў Эмерыку Адамовічу - настаўніку мінскай гімназіі. Варта адзначыць, што адмыслова для стварэння экспазіцыйнага праекта будынак, стан якога выклікаў у музейшчыкаў непакой, быў адрамантаваны.

Экспанаты ж збіраліся цягам не аднаго дзесяцігоддзя. У прыватнасці, у афармленні выстаўкі былі выкарыстаны копіі знойдзеных фотаздымкаў Эмерыка Адамовіча, што захоўваюцца ў архівах Польшчы і Літвы, а таксама ў фондах самога музея-скансена. Прадстаўлены і здымкі, на якіх можна ўбачыць жыхароў мінскіх прадмесцяў, візуальна ацаніць іх высокі сацыяльны статус.

Што ж уяўляў з сябе адзін з першых мінскіх фотасалонаў? Эмерык Адамовіч працаваў у гэтай галіне пачынаючы з 1858 года да канца ХІХ ст. у сваім жылым доме. І гэта прытым, што большасць тагачасных фатографаў працавала не больш за пяць - сем гадоў і, не вытрымліваючы пастаяннай канкурэнцыі, згортвала сваю дзейнасць. Як удалося высветліць з архіўных крыніц, салон Адамовіча працаваў усяго два - тры дні на тыдзень, ды і тое, каб завітаць да майстра, трэба было папярэдне ўзгадніць час. Сам жа інтэр'ер дома адпавядае тагачаснаму побыту сярэднестатыстычнага гараджаніна.

Фотаздымак на той час каштаваў некалькі рублёў. І гэта пры заробку, скажам, настаўніка ў 55 рублёў за месяц! Але, калі ўжо чалавек збіраўся сфатаграфавацца, то рабіў не адзін, а некалькі здымкаў, каб іх потым можна было падарыць сваім родным і блізкім.

Калі ж казаць пра асаблівасць адзначанага фотасалона з мінскага прадмесця, то ў ім, да прыкладу, было зроблена сумяшчэнне рэкрэацыйнай зоны для наведвальнікаў, дзе кліент мог адпачыць, пагутарыць з гаспадыняй, выпіць кавы, з месцамі для афармлення дакументаў гаспадаром і ўласна фатаграфавання. /i/content/pi/cult/360/6896/14-1.jpeg

Цікава, што прадстаўлены на выстаўцы арыгінальны фотаапарат з'яўляецца самаробным, сабраным з некалькіх дэталей. Як аказалася, фотамайстар быў незадаволены набытым абсталяваннем і вырашыў удасканаліць тэхніку. У сваю чаргу, другі фотаапарат, які дэманструецца ў экспазіцыі, быў у ХІХ ст. прывезены ў Мінск з Дрэздэна. З выстаўкі можна даведацца і пра тое, што, як аказалася, вялікая частка прыбытку першых фатографаў складалася не столькі з вырабу здымкаў, колькі з продажу вельмі дарагой на той час тэхнікі, а таксама яе далейшага абслугоўвання.

Увага стваральнікаў экспазіцыі не абышла і іншыя дэталі ды нюансы фотасправы ХІХ стагоддзя. У прыватнасці, на стале гаспадара можна ўбачыць невялічкую кардонную папку, куды клаліся фотаздымкі і з пасыльным перадаваліся кліенту. Там жа прадстаўлена і копія плана фотасалона Эмерыка Адамовіча, які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве. Да таго ж, папярэдне была зроблена і рэканструкцыя святлоадбівальніка ды балюстрады, што выкарыстоўваліся для стварэння якаснага мастацкага фота ў пазамінулым стагоддзі. Але і сёння гэтыя кампаненты запатрабаваны цікаўнымі турыстамі.

У прыватнасці, па словах Аляксандра Ісакава, ці не ўсе наведвальнікі выстаўкі з задавальненнем карыстаюцца магчымасцю сфатаграфавацца і такім чынам перанесціся ў ХІХ стагоддзе. Для гэтага створаны не толькі фон, але і некалькі ўзораў адзення, якое, на выбар, можа апрануць госць музея. Пры гэтым арганізатары выстаўкі не імкнуліся аднавіць па старых фотаздымках іх сапраўдны фон - было вырашана стварыць свой, арыгінальны, малюнак. Для гэтага супрацоўнік музея, мастак Андрусь Такінданг у фонавай карціне ўвасобіў сваё бачанне мінскіх краявідаў ХІХ ст.

Варта адзначыць, што ўжо ў бліжэйшай перспектыве ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту плануецца стварыць шэраг аб'ектаў адмысловай гарадской вуліцы Мінска ХІХ ст., у тым ліку дом майстра гадзіннікаў, цырульніка, напоўніць іх артэфактамі, якія сёння "пыляцца" ў фондах установы.

Між іншым

Пасля паўстання 1863 года пачаўся жорсткі кантроль за дзейнасцю фотасалонаў. У прыватнасці, закон аб друку 1865-га, які рэгламентаваў, у тым ліку, і дзейнасць фатаграфічных устаноў Расійскай імперыі, абавязваў іх уладальнікаў выпускаць здымкі толькі з пазначэннем фірмы, што іх зрабіла. Перад адкрыццём фотасалона неабходна было падаць прашэнне на імя губернатара, выплаціць дзяржаўную пошліну і абавязкова прыкласці дакумент аб добранадзейнасці. Акрамя таго, каб заняцца фотасправай, трэба было мець істотны пачатковы капітал, бо выдаткі на тэхніку і іншае абсталяванне меркаваліся вялікія.

Між іншым

У тагачасных фатографаў былі і вельмі разнастайныя тэхнічныя сродкі. На пачатку ХХ ст. у Мінску ўжо пачалі выкарыстоўвацца электрычныя фотаўспышкі, а таксама трымальнікі галавы, паколькі з-за нізкай святлоадчувальнасці тэхнікі працэс здымкі займаў не адну хвіліну.

На здымках: "зборны"

фотаапарат ХІХ ст.; працоўны стол фатографа.

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"