На што натхняе Брэст?

№ 3 (1026) 21.01.2012 - 28.01.2012 г

Пра твор “родам” з легендарнай крэпасці і ўсе “Студзеньскія музычныя вечары”

/i/content/pi/cult/360/6892/8-4.jpeg

На мінулым тыдні ў Брэсце завяршыўся ХХІV Міжнародны фестываль "Студзеньскія музычныя вечары". Удзельнікамі свята класічнай музыкі сталі больш за пяцьсот музыкантаў з адзінаццаці краін свету, таму амаль усе фестывальныя канцэрты атрымаліся інтэрнацыянальнымі. А пабывалі на іх больш як пяць тысяч слухачоў.

Яшчэ афіцыйнае адкрыццё фестывалю пачалося з урачыстасцей. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар не толькі павітаў удзельнікаў і гасцей, але і ўручыў Ганаровую грамату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь заснавальніку і мастацкаму кіраўніку Камернага ансамбля Брэсцкай абласной філармоніі Аляксандру Мартыненку.

А вось адметныя канцэрты пачаліся ўжо напярэдадні адкрыцця. У Свята-Мікалаеўскай царкве Брэсцкай крэпасці выступіў аматарскі хор "Кантатрыкс" з галандскага горада-пабраціма Кувордэна. Разам з іншымі творамі прагучала частка месы маладога кампазітара Хойтэ Пруксма, які напісаў яе пад уражаннем ад наведання брэсцкага мемарыяла два гады таму. Прэм'ера твора адбылася летась на ўрачыстым адкрыцці муніцыпалітэта Кувордэна. Да цяперашняга ж выканання далучыліся брэсцкія артысты, на справе прадэманстраваўшы сяброўства гарадоў і народаў.

Інтэрнацыянальныя матывы гучалі і ў сольніку польскага арганіста Дарыуша Пшыбыльскага. Ён прапанаваў сюіту "Арган Адысеі", стварылі якую, акрамя яго самога, яшчэ сямёра кампазітараў з розных краін свету: кожны з іх напісаў адну з частак.

А ці ж не інтэрнацыянальным атрымалася выступленне народнага артыста СССР Зураба Саткілавы? Ён выконваў старадаўнія рускія рамансы, узгадаў і грузінскую народную песню. Разам з майстрам спявала яго вучаніца, лаўрэат міжнародных конкурсаў Марына Начкебія, а акампанаваў ім аркестр народных інструментаў імя Л.Іванова Магілёўскай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Мікалая Алданава. Знаны саліст высока ацаніў майстэрства калектыву і прапанаваў разам выступіць у гастрольным туры па Беларусі. Кульмінацыяй жа канцэрта сталі сумесныя спевы ўсёй залы.

Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Аляксандра Анісімава выступіў адразу ў трох фестывальных канцэртах. Саліравалі з ім пяць музыкантаў з розных краін: беларускія піяністы - мастацкі кіраўнік сталічнай філармоніі Юрый Гільдзюк і лаўрэат міжнародных конкурсаў Уладзімір Дулаў, адзінаццацігадовая японская скрыпачка-вундэркінд Манэ Хаторы, яе настаўнік - прафесар Захар Брон, а таксама яго сын - віяланчэліст Данііл Брон, які жыве ў Швейцарыі. З сімфанічным аркестрам Брэсцкага музычнага каледжа імя Р.Шырмы пад кіраўніцтвам Людмілы Жабінскай граў тэмпераментны львоўскі скрыпач Назар Фядзюк. Адкрыццём жа фестывалю сталі адораны дзевяцігадовы скрыпач Валодзя Аксёнаў, які займаецца ў заслужанай артысткі Малдовы Галіны Буйноўскай, і лірычны тэнар Ван Юйсі з Кітая, што выступаў у суправаджэнні нашай Жанны Варламавай.

/i/content/pi/cult/360/6892/8-5.jpegПадарункам для слухачоў сталіся выступленні польскіх спевакоў - Ганны Самсон, якая ў Брэст прыехала не ўпершыню, і яе калег - удзельнікаў тамтэйшага фестывалю вакалістаў "Belcanto". Дый украінскі акардэаніст Ігар Завадскі, завітаўшы на нашы "Студзеньскія музычныя вечары" ўпершыню, так спадабаўся публіцы, што адразу атрымаў запрашэнне прыехаць яшчэ - з сольным канцэртам у лістападзе.

Заўсёднікамі фестывалю сталі і многія беларускія артысты і калектывы, якія штораз здзіўляюць публіку ўсё новымі праграмамі. Той жа Ігар Алоўнікаў, які прымаў удзел ва ўсіх "Студзеньскіх музычных вечарах", звычайна выступаў як сольны піяніст і канцэртмайстар. Цяпер жа мы пачулі яго арганны канцэрт, на якім панавала музыка І.С. Баха. А вось ансамбль флейтыстаў "Сірынкс" Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам прафесара Ніны Аўраменка, хаця за трыццаць гадоў свайго існавання і бываў у Брэсце, на гэтым фестывалі выступіў упершыню. Слухачам было прыемна пачуць не толькі цудоўную ігру папраўдзе чароўных флейт, але і сведчанні пра штогадовыя дабрачынныя канцэрты калектыву ў Германіі, грошы ад якіх накіроўваюцца на будаўніцтва дамоў для сем'яў перасяленцаў з Чарнобыля. Заключным жа акордам фестывалю стаў выхад на сцэну Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча.

"Студзеньскія музычныя вечары", пабудаваныя як ланцужок гала-канцэртаў з удзелам творчых калектываў і салістаў, прайшлі выпрабаванне часам, за чвэрць стагоддзя сабраўшы вакол сябе прадстаўнікоў мастацтва сарака краін свету. Наперадзе - юбілейны, ХХV фестываль!

Алена КАПАЧОВА

На здымках: прэм'ера месы ў Свята-Мікалаеўскай царкве Брэсцкай крэпасці; выступае Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр краіны.

Фота Мікалая ЧАБЕРКУСА