Cучаснасць тысячагоддзяў: ад Янцзы да Свіслачы Чжан Лічэнь. “Кветкі і птушкі”.

№ 3 (1026) 21.01.2012 - 28.01.2012 г

Дваццацігадовы стаж культурнага складніка дыпламатыі

/i/content/pi/cult/360/6890/7-1.jpg

Сёлета Рэспубліка Беларусь і Кітайская Народная Рэспубліка адзначаюць 20-годдзе з часу ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзяржавамі.

17 студзеня з гэтай нагоды Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні прадстаўнікоў вядучых СМІ Кітайскай Народнай Рэспублікі. Як паведамляе Прэс-служба Прэзідэнта нашай краіны, Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы з журналістамі падкрэсліў, што ні з адной краінай у нашай рэспублікі адносіны не развіваюцца настолькі дынамічна, як з Кітаем. Сярод іншых тэм беларускі Лідар адзначыў і моманты актыўнага культурнага ўзаемадзеяння.

З 14 па 20 студзеня ў Беларусі знаходзіцца дэлегацыя дзеячаў культуры і мастацтва Кітайскай Народнай Рэспублікі. 16 студзеня ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета адбылася сустрэчы міністра культуры нашай краіны Паўла Латушкі з дэлегацыяй Цэнтральнага інстытута каліграфіі і жывапісу Музея па вывучэнні культуры і гісторыі КНР на чале з дырэктарам Ма Чжэньшэнем.

/i/content/pi/cult/360/6890/7-2.jpgУ ходзе сустрэчы Павел Латушка азнаёміў прысутных з сучасным станам развіцця сферы культуры Беларусі і дынамікай беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў галіне.

Таксама кітайская дэлегацыя прыняла ўдзел у сустрэчах у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускім саюзе мастакоў і Інстытуце Канфуцыя БДУ.

Адной з першых у шэрагу святочных мерапрыемстваў стала выстаўка "Кітайскія мастакі ў Мінску", якая адкрылася 16 студзеня ў сталічным Палацы мастацтва. Арганізатарамі вернісажу з'яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускі саюз мастакоў, Беларуская гандлёва-прамысловая палата, Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ і Пасольства нашай краіны ў КНР. Унікальнай гэтую падзею робіць тое, што прадстаўляць свае работы ў Мінск прыехалі і самі аўтары - адзінаццаць кітайскіх мастакоў на чале з Ма Чжэньшэнем. Адкрыццё выстаўкі сталася сапраўды шматлюдным: здавалася, у зале Палаца сабраліся амаль усе студэнты мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Думаецца, тое цудоўна адлюстроўвае тэндэнцыю павелічэння цікавасці да ўсходняй культуры ў сучаснай моладзі.

На пачатку афіцыйнай часткі цырымоніі адкрыцця слова ўзяў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі. Ён адзначыў, што з кожным годам усё больш кітайскіх калектываў і творцаў са сваімі праектамі бачыць Беларусь, і, у сваю чаргу, прадстаўнікі нашай культуры ўсё часцей бываюць у КНР. Шмат кітайскіх студэнтаў атрымліваюць адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. У найбліжэйшы час павінны быць падпісаны дамовы паміж Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў і галіновымі ВНУ Кітая. Сёлета пройдуць і чарговыя Дні культуры Рэспублікі Беларусь ва ўсходняй краіне, і гэта, на думку намесніка міністра, яшчэ адна вельмі добрая нагода прадставіць нашу культуру і мастацтва кітайскаму гледачу.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь Гун Цзяньвэй, які літаральна нядаўна прыступіў да сваіх абавязкаў, выказаў шчырую падзяку Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускаму саюзу мастакоў за магчымасць пазнаёміцца з беларускай публікай і прадставіць культуру сваёй краіны. Пасол казаў аб тым, што за дваццаць гадоў супрацоўніцтва сувязі Беларусі і КНР усталяваліся амаль ва ўсіх накірунках дзейнасці, але яшчэ ёсць вельмі шмат магчымасцей умацоўваць іх і надалей. І гэтая выстаўка - толькі адно са звёнаў ланцуга ўрачыстасцей, прысвечаных 20-годдзю дыпламатычнага супрацоўніцтва. А напрыканцы выступлення Пасол павіншаваў прысутных з надыходзячым кітайскім Новым годам./i/content/pi/cult/360/6890/7-3.jpg
У Вялікай зале Палаца мастацтва прадстаўлена каля трыццаці жывапісных і каліграфічных работ. Усе палотны ўзыходзяць да старажытных традыцый назірання за прыродай, таму гэтыя творы - вельмі вытанчаныя і лёгкія. Сродкамі тут служаць традыцыйныя для кітайскага мастацтва акварэль і туш. Сузіраючы гэтыя карціны, вельмі цяжка ўявіць буйное, вельмі каляровае кітайскае навакольнае асяроддзе. Мастак тут, у першую чаргу, - медыум, які прапускае наваколле праз сябе, праз свой спакой, праз сваё сэрца. Мы бачым менавіта ўнутраныя ландшафты, вобразы, якія адлюстроўваюцца ў душы творцы і толькі потым, мяккім і дакладным адбіткам, кладуцца на паперу. Магчыма, менавіта з гэтай прычыны назвы работ амаль ніколі не супадаюць з тым, што выяўлена, і тут пачынаецца сапраўдная паэзія. Вось, напрыклад, на галінцы мімозы сядзіць сарока, - "Вельмі добра і радасна"; джонкі і старажытныя кітайскія хаты - "Побач з сям'ёй вельмі чыстая вада"...

Часам падаецца, што існуе нейкая агульная Душа кітайскага мастака, адкуль цягам тысячагоддзяў чэрпаюць натхненне творцы. Вось так можна растлумачыць жыццё традыцый кітайскага медытатыўнага жывапісу ад часоў Канфуцыя да нашых дзён.

Каліграфічныя творы таксама ўражваюць менавіта спалучэннем прыроднасці ліній і волі мастака, які заўсёды ведае, дзе паставіць кропку. Здаецца, пад час працы кітайскі каліграф становіцца больш пэндзлем, чым чалавекам.

Пасля афіцыйнай часткі адкрыцця экспазіцыі адбыўся майстар-клас па каліграфіі, які прадоўжыўся наступным днём у сценах Акадэміі мастацтваў.

Ф.А.