Кінаказкі для дарослых

№ 3 (1026) 21.01.2012 - 28.01.2012 г

Рэжысёр Іван Паўлаў: пра тое, што трэба нашаму экрану

Мінулы тыдзень адзначыўся доўгачаканай прэм'ерай: канал "АНТ" прапанаваў гледачу новую стужку Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" "Усё, што нам трэба", знятую рэжысёрам Іванам Паўлавым па сцэнарыі Ігара Тарацько. Вядомы па карціне "На спіне ў чорнага ката" творчы дуэт гэтым разам прапанаваў гледачу чатырохсерыйную лірычную камедыйную меладраму, кожны са шматлікіх герояў якой спрабуе знайсці сваё шчасце акурат пад Новы год. Знятая ў вельмі папулярным у апошнія гады жанры "каляднай казкі для дарослых", стужка Івана Паўлава была заўважана не толькі беларускімі тэлегледачамі - ужо адбылася і расійская тэлепрэм'ера фільма, якая выклікала шматлікія водгукі ў Інтэрнэце.

Яркая, насычаная фарбамі аператарская работа Максіма Куроўскага, хуткі бег дынамічнага, перасыпанага жартамі сюжэта, удалыя вобразы Паўла Харланчука, Святланы Зелянкоўскай, Паліны Сыркінай, Кацярыны Шатровай, Алесі Пухавой ды іншых выдатных акцёраў - гэтая стужка, здаецца, стала тым доўгачаканым "глядацкім" кіно, якое на "Беларусьфільме" спрабуюць стварыць ужо доўгі час. Характэрна, што поспех прыйшоў да айчынных кінематаграфістаў менавіта на "тэлевізійным полі", якое дазваляе здымаць адносна недарагія, але відовішчныя карціны. Зроблены па ўжо традыцыйнай "калядна-навагодняй" схеме з шэрагам розных сюжэтных ліній, якія ўвесь час перасякаюцца, "Усё, што нам трэба" вылучаецца на агульным фоне святочнай кінапрадукцыі.

Чым? Перш за ўсё - ярка выяўленым беларускім складнікам: ці не "галоўным героем" стужкі стаў... навагодні Мінск - светлая, прыгожая еўрапейская сталіца, месца, дзе могуць адбывацца сапраўдныя цуды. Стваральнікі паказанай у карціне гісторыі прафесійна і паслядоўна вытрымліваюць жанр "казкі для дарослых", якая апавядае пра, сапраўды, самыя неабходныя ў жыцці к

ожнага рэчы: каханне, сяброўства, вернасць, гонар. У гэтым плане "Усё, што нам трэба" - выдатнае дапаўненне да тэлепраграмы, у якой, дарэчы, становіцца ўсё менш якасных тэлекарцін.

Для Нацыянальнай кінастудыі стужка "Усё, што нам трэба" ў пэўным сэнсе этапная. Ці не ўпершыню ў нашым кіно практычна ўсе ролі ў карціне, за выключэннем адной, выконвалі - і цудоўна выконвалі! - айчынныя акцёры, упершыню пры прэм'еры былі выкарыстаны сучасныя рэкламныя тэхналогіі - фільму была прысвечана адмысловая перадача з удзелам яго стваральнікаў напярэдадні самога паказу. Ды і сам паказ - чатыры серыі запар, з мінімальнай колькасцю перапынкаў на рэкламу - дазволіў гледачу цалкам "заглыбіцца" ў гэты лёгкі і адпаведны святочнаму настрою кінатвор.

 "К" прапануе чытачу даведацца пра сакрэты поспеху стужкі з першых вуснаў: рэжысёр Іван ПАЎЛАЎ распавёў карэспандэнту нашай газеты падрабязнасці стварэння "Усё, што нам трэба" і пра свой новы праект.

Кадры вырашаюць усё

/i/content/pi/cult/360/6889/6-1.jpeg


- Іван Міхайлавіч, у стужцы "Усё, што нам трэба" - некалькі дзясяткаў дзейных асоб. Ці адразу вы "ўбачылі" выканаўцаў роляў?

- Алесю Пухавую ў вобразе правадніцы я "ўбачыў" амаль адразу, пасля таго, як прачытаў сцэнарый. Гэта гісторыя ўжо стала вядомай, дзякуючы перадпрэм'ернаму ток-шоу АНТ: Ігар Тарацько падышоў у калідоры студыі да яшчэ не знаёмай з ім асабіста Алесі і сказаў, што напісаў для яе ролю... Таксама ў вобразе жорсткай і няшчаснай бізнес-лэдзі мы ўбачылі Святлану Зелянкоўскую. Практычна адразу я заўважыў на рэкламным бігбордзе Кацярыну Шатрову, цудоўную актрысу, амаль не задзейнічаную раней у нашым кіно. Яна, дарэчы, здолела пэўным чынам разняволіць Анатоля Кацянёва, прымусіла быць больш "чалавечным" у кадры акцёра, які вельмі прызвычаіўся да вобразаў вайскоўцаў са шматзорнымі пагонамі...


Цікава атрымалася з роляй Машы, якую выдатна выконвала Паліна Сыркіна. На Машу пробы праходзіла адна расійская актрыса і наша Юлія Кадушкевіч. Але, у рэшце рэшт, я прапанаваў сцэнарый Паліне з умовай, што яна яго прачытае і прыйдзе да мяне з пытаннямі, якія павінны ўзнікнуць у яе як у актрысы пасля знаёмства са сваім будучым вобразам. Тая крыху здзівілася: пэўна, ёй першы раз сустрэўся рэжысёр, які на кастынгу не задаваў ёй пытанні, а, наадварот, сам прасіў задаваць іх яму. Але не засмуцілася, і калі прыйшла на наступны дзень, то адкрыла блакнот, старонкі якога былі запоўнены слушнымі пытаннямі па сцэнарыі. Такім чынам, яна імгненна атрымала гэтую ролю.

- А што да адзінага замежнага выканаўцы ролі - Ягора Бяроева? Наколькі я разумею, з'яўленне "медыйнага твару" ў стужцы - не толькі жаданне рэжысёра...

- Менавіта так. Маім прынцыповым жаданнем было - здымаць толькі айчынных акцёраў, але кіраўніцтва маркетынгавага падраздзялення студыі настаяла на тым, каб у кадры з'явілася "медыйная зорка", якой і стаў Ягор Бяроеў, пра што я, у выніку, не шкадую. Дарэчы, на месцы Бяроева маглі б быць нават больш падыходзячыя па тыпажы Дзмітрый Мар'янаў і Аляксей Серабракоў. Але склалася так, што самыя прымальныя для студыі ўмовы прапанаваў менавіта Ягор.

- Вельмі цікавым атрымаўся вобраз зоркі хакейнай арэны...

- Павел Харланчук - вось гэта зорка! Яго хакеіст Дзяніс Чашчын, рамантычная асоба, якая цытуе Міхаіла Булгакава, - задума сцэнарыста Ігара Тарацько. Я такую трактоўку вобраза спартсмена толькі падтрымліваю. Шкада, што мы, як ні стараліся, так і не знайшлі пры мантажы магчымасці ўставіць у фільм цудоўны кадр: герой Харланчука ў адзіноце едзе на каньках у святле пражэктара па лёдзе "Мінск-Арэны"!

- А што да гурта "Мегаполіс", песні якой выкарыстоўваюцца ў стужцы? Шмат хто з гледачоў рабіў заўвагу: няўжо ў Беларусі не знайшлося сваіх музыкантаў?

- Спачатку я планаваў задзейнічаць у напісанні музыкі да фільма наш цудоўны мінскі гурт "Apple Тea", чые лёгкія джазавыя кампазіцыі павінны былі ідэальна легчы на настрой нашай навагодняй стужкі. Але потым мне выпадкова, дарэчы, праз Ягора Бяроева, давялося пачуць песню "Мегаполіса", якая ў выніку стала галоўнай тэмай. Лідар гурта Алег Несцераў здзівіўся, што іх музыка аказалася запатрабавана ў кіно праз столькі гадоў, бо песні, якія ўвайшлі ў карціну, былі напісаны ці не чвэрць стагоддзя таму.

Музыка "Мегаполіса" падышла да карціны. Ды і абышлася яна студыі значна танней, чым прасілі сія-тыя нашы выканаўцы. Цікава, што карціна Аляксандра Яфрэмава "Наш чалавек у Сан-Рэма", дзе таксама ўдзельнічаў "Мегаполіс", стала адным з чэмпіёнаў савецкага пракату напрыканцы 1980-х. Такое вось супадзенне...

Камедыя -

сур'ёзная справа

- "Усё, што нам трэба" знята ў папулярным "калядным" жанры. А вы як творца верыце, што адлюстраваныя ў стужцы падзеі маглі адбывацца насамрэч?

- Я веру ў тое, што праслаўлены хакеіст можа ўлюбіцца ў правадніцу, а генерал авіяцыі - у хатнюю гаспадыню. З абсалютна прыдуманага ў маёй стужцы - толькі таксіст, які возіць літаральна ўсіх герояў. Усё астатняе магло адбыцца ў жыцці, што часам прапануе яшчэ і не такія неверагодныя рэчы. Напрыклад, глыбы лёду, якія падаюць на героя Ягора Бяроева, - выпадак, які здарыўся асабіста са мной. Я распавёў пра яго Ігару Тарацько, і той папрасіў дазволу ўключыць гісторыю ў сцэнарый.

- Наколькі разумею, вельмі шмат эпізодаў карціны нарадзілася ўжо пад час працы на здымачнай пляцоўцы?

- Так, разам з членамі нашай здымачнай групы мы праводзілі так званыя мазгавыя штурмы, увесь час прыдумвалі нешта цікавае і ўстаўлялі гэта ў фільм. Напрыклад, эпізод з персанажам Андрэя Перапечкі ў многім прыдуманы ім самім проста на пляцоўцы.

- Адной з самых надзённых праблем Нацыянальнай кінастудыі заўсёды называюць недахоп цікавых сцэнарыяў. Як вам падаецца, магчыма, на студыі таксама трэба праводзіць аналагічныя "мазгавыя штурмы" сярод калектываў аўтараў?

- Цалкам згодны! У прынцыпе, нешта падобнае было ў ранейшыя часы, калі пэўную тэму замаўлялі найбольш здольнаму для яе аўтару, і ён, часта - з калегамі, браў яе ў распрацоўку на пэўны тэрмін. Тое ж самае трэба рабіць і цяпер, калі напісанне сцэнарыя ўжо не можа залежаць адно ад натхнення.

- Але, пагадзіцеся, для таго, каб арганізаваць працэс напісання сцэнарыя, сфармуляваць згодна з запытамі патэнцыйнай аўдыторыі і замовіць найбольш прыдатным для гэтага прафесіяналам тую ж тэму будучай стужкі, патрэбен прадзюсар, функцыі якога на фільме "Усё, што нам трэба" фактычна выконваў рэжысёр - гэта значыць, вы?

- Рэжысёр павінен займацца сваімі непасрэднымі абавязкамі - працаваць з акцёрамі, а не выконваць функцыі прадзюсара (якога на нашай карціне папросту не было). Наогул, кожны ў групе павінен займацца сваёй справай, але працаваць на агульны вынік.

Што да нашай каманды, то я павінен адзначыць, што не часта мне даводзілася працаваць у такой сяброўскай і вельмі плённай атмасферы, калі кожны член групы перажываў не толькі за свой участак працы, але і за справу іншага. Нават абслугоўваючы персанал не спяшаўся завяршаць здымачную змену і збірацца дахаты, як тое звычайна бывае. Можа, таму і стужка ў нас атрымалася, што ўсе працавалі на агульны вынік, - сітуацыя, якая, на жаль, не часта сустракаецца ў апошнія гады ў нас... Памятаю, напрыклад, як пад час працы над карцінай "На спіне ў чорнага ката" я неяк азірнуўся, а камеры - няма! Аказалася, асістэнт аператара ўжо панёс яе на студыю: змена скончылася. Уявіце сабе мой стан: поўная пляцоўка масоўкі, народныя артысты ў кадры, а камеру - прыбралі, таму што працоўны дзень падышоў да канца...

- Наколькі я зразумеў, на пляцоўцы карціны "Усё, што нам трэба" панавала атмасфера творчага супрацоўніцтва?

- Безумоўна! Маёй задачай як рэжысёра было, перафразуючы Мікеланджэла, "...узяць усе прапановы акцёраў і адкінуць з іх лішнія".

- Беларускія акцёры звычайна выконваюць ролі другога - трэцяга планаў у стужках прыезджых рэжысёраў. У вашым фільме ім дадзена магчымасць прадэманстраваць свае лепшыя прафесійныя якасці. Аднак, усё ж такі, ці існуе розніца паміж айчыннымі акцёрамі і іх, скажам, расійскімі калегамі?

- Істотнага адрознення, зразумела, няма, але існуе розніца ў вопыце знаходжання на здымачнай пляцоўцы. І тут расіяне могуць даць беларусам фору, бо здымаюцца нашмат больш. Нашы ж цудоўныя акцёры часцей за ўсё працуюць згодна са сваімі тэатральнымі ўяўленнямі. Розніца паміж тэатрам і кіно ў тым, што ў апошнім няма часу на рэпетыцыі. Да таго ж, у тэатры акцёр за дзве гадзіны пражывае на сцэне жыццё свайго персанажа паслядоўна, а ў кіно паслядоўнасць здымак асобных эпізодаў прадыктавана вытворчай неабходнасцю. Напрыклад, адну з фінальных сцэн Святланы Зелянкоўскай мы здымалі... самай першай. І актрыса, дарэчы, цудоўна справілася са складаным эпізодам, хоць толькі ўваходзіла ў ролю, бо мы за колькі хвілін "прайшлі" з ёю ўсё жыццё ейнай гераіні да моманту патрэбнай сцэны.

Я, між тым, вельмі паважліва стаўлюся да замежных прафесіяналаў, якія вельмі сур'ёзна рыхтуюцца да кожнага эпізоду, нават калі іх персанаж мае адну-дзве рэплікі. Памятаю, як сам здымаўся ў эпізодзе з Сяргеем Бязрукавым у стужцы "У чэрвені 41-га", і як той уважліва рэпеціраваў у кожнае свабоднае ад здымак імгненне... Лічу, што акцёр не павінен уваходзіць у кадр без "унутранага маналога", нават калі ягоная роля займае адзін радок у сцэнарыі. Таму мне вельмі не падабаецца, калі артысты жартуюць і смяюцца ў паўзах паміж дублямі! Камедыя - справа сур'ёзная.

Мамачкі-татачкі

- Ваш новы фільм - таксама камедыя?

- Не зусім. У прынцыпе, "Усё, што нам трэба" - таксама не чыстая камедыя, хутчэй, камедыйная меладрама. Тэлевізійная стужка "Вой, мамачкі!" задумана як меладрама з элементамі камедыі. Дзеянне ў ёй будзе разгортвацца ў радзільным аддзяленні адной з клінік, кожная з пацыентак якога будзе мець свой лёс, свой характар і сваю асобную гісторыю. Сцэнарый стужкі знаходзіцца ў рэжысёрскай распрацоўцы, і падборам акцёраў мы пакуль не займаліся, але плануецца, што ў карціне будуць заняты не толькі вядомыя беларускія выканаўцы. Фільм павінен стаць своеасаблівым тэматычным працягам "Усяго, што нам трэба". Калі ж завяршыць нашу гутарку традыцыйным пытаннем аб творчых планах, то ў планах у мяне - трылогія. Першая частка, аб якой мы сёння размаўлялі, ужо выйшла, другая - "Вой, мамачкі!", рыхтуецца, ну, а трэцяя - пакуль толькі ў планах...


Фота Юрыя ІВАНОВА