“Паралельныя” балеты

№ 3 (1026) 21.01.2012 - 28.01.2012 г

алетная трупа нашага Вялікага тэатра працягвае гастролі па Германіі і Аўстрыі, якія распачаліся больш як месяц таму. Рэкорднымі з’яўляюцца не толькі тэрміны (з 13 снежня па 5 лютага), але і тое, што адначасова балетныя спектаклі тэатра ідуць і ў Мінску, прычым — таксама з лепшымі салістамі.

/i/content/pi/cult/360/6883/2-5.jpeg

Разгадка вельмі простая: склад трупы сёлета пашырыўся, таму кардэбалета на гэткія "паралельныя дзействы" хапае. А салісты змяняюцца: шасцёра вярнуліся - шасцёра паехалі.

- Адначасовы паказ балетных спектакляў на гастролях і ў самім тэатры, - распавёў, вярнуўшыся з паездкі, мастацкі кіраўнік балета, народны артыст Беларусі Юрый Траян, - мы ўжо ажыццяўлялі, калі ездзілі ў Іспанію. А вось планавую замену салістаў практыкуем упершыню. Але гэта сябе апраўдвае. Пад час гастрольных тураў на выканаўцаў цэнтральных партый, як вядома, прыпадае вялізная нагрузка - куды большая, чым калі яны выступаюць у сваім тэатры. Сцэны змяняюцца, пад кожную трэба прыстасавацца, дый пастаянныя пераезды з аднаго горада ў другі не могуць не стамляць. Таму той, хто паехаў "на змену", будзе танцаваць з новымі сіламі. А той, хто вярнуўся - таксама з новымі сіламі, - будзе танцаваць тут. І нікому не крыўдна. Тым больш, што мы наведалі ўжо ўсе асноўныя гарады: Гамбург, Мюнхен, Берлін, Любэк, Франкфурт, Гановер... Цяпер будзем аб'язджаць па другім разе: там, дзе паказвалі "Шчаўкунка", пакажам "Лебядзінае возера" - і наадварот. Пераездаў - процьма, затое пабачылі ўсю Германію...

Спектакляў даём шмат, усе ідуць з вялікім поспехам, публіка прымае добра. Замест захопленых эпітэтаў, скажу толькі адно: імпрэсарыа, з якім мы працуем, плануе запрашаць нас штогод, на гэты ж калядны перыяд - снежань і студзень.

Як заўсёды, вялізнае ўражанне зрабіла Вольга Гайко - у "Лебядзіным возеры". У "Шчаўкунку" - Ірына і Алег Яромкіны, Людміла Кудраўцава. Цяпер паехала Кацярына Алейнік. За час гастролей, калі спектаклі паўтараюцца шмат разоў адзін за другім, імкліва набраў майстэрства малады Ігар Аношка: яму давялося быць Прынцам у абодвух балетах. Шмат новых уражанняў атрымалі і нашы беларускія прыхільнікі. Да прыкладу, днямі ў нас ішоў, можна сказаць, "абноўлены" "Дон Кіхот", дзе танцавалі маладыя салісты. Аляксандра Бутрымовіча можна было ўбачыць у партыі Базіля, а Таццяна Уласень упершыню станцавала Мерсэдэс. Дый склад кардэбалета на гэтым спектаклі абнавіўся працэнтаў, мабыць, на восемдзесят.

Што ні кажыце, а нашай балетнай трупе сумаваць не даводзіцца. Вернуцца артысты з гастролей - усяго адзін дзень на адпачынак, а там - новая праца. У пачатку сакавіка прыязджае Мікіта Далгушын - будзе ставіць новую "Жызэль". Прэм'ера прымеркавана да Міжнароднага дня тэатра.

На здымку: сцэна з балета "Дон Кіхот".