...І пятніца Нясвіжа

№ 3 (1026) 21.01.2012 - 28.01.2012 г

27 студзеня ў ратушы галоўнага горада Радзівілаў бярэ пачатак рэспубліканская акцыя “Нясвіж — Культурная сталіца Беларусі 2012 года”.

/i/content/pi/cult/360/6879/2-2.jpeg

Як паведамляе "К" начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль Акушэвіч, пад час афіцыйнай цырымоніі мясцовым уладам будзе ўручаны адпаведны сертыфікат. Мяркуецца падпісанне Культурнай праграмы падзей года. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка і старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура разам з сертыфікатам, як мяркуецца, уручаць старшыні Нясвіжскага райвыканкама Івану Крупко сімвал "культурнай сталічнасці" Нясвіжа.

Паводле адной з задум, агучаных Анатолем Акушэвічам, ля ратушы ў гэты дзень будзе ўзноўлена атмасфера XVIII стагоддзя. Цяпер зацвярджаецца сцэнарый тэатралізаванай і касцюміраванай феерыі. Можна меркаваць, што ў сцэнарную тканіну яе мудрагеліста будуць уплецены адметныя гістарычныя "карцінкі", без якіх цяжка ўявіць вытанчанасць тагачаснага Нясвіжа: узвышанае гучанне прыдворнай капэлы, строгая шыкоўнасць гарадскога кадэцкага корпуса, школы флоцкіх афіцэраў у Альбе і радзівілаўскага войска, унушальнасць аднаго з буйных у Еўропе балетных тэатраў...

Да ўдзелу ва ўрачыстай цырымоніі запрашаюцца ганаровыя грамадзяне Нясвіжа, ветэраны працы...

Плануецца, што ля ратушы будзе адкрыты радзівілаўскі лядовы каток, а ў Нясвіжскім замку пройдзе оперная прэм'ера. Увечары ў мясцовым Цэнтры культуры на святочны канцэрт збяруцца лепшыя творчыя сілы вобласці і рэспублікі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"