Perpetuum cinema

№ 2 (1025) 14.01.2012 - 20.01.2012 г

Учора, 13 студзеня, у Мінску распачаўся Міжнародны фестываль відэаарту “Cinema Perpetuum mobile”. Мерапрыемствы форуму пройдуць адразу ў некалькіх культурных кропках сталіцы: Нацыянальным мастацкім музеі, Палацы мастацтва, Гарадской мастацкай галерэі Шчамялёва, Музеі гісторыі беларускага кіно, арт-кінатэатры.

"Культурная разнастайнасць - адна з мэт фестывалю, другая - прасоўванне беларускага аўтарскага кіно", - зазначылі у аргкамітэце форуму. Таму на фестываль паступіла больш за 190 кароткаметражных стужак з 35 краін свету, у тым ліку з Беларусі, Расіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы, Індыі, Аўстраліі ды іншых.

Асаблівасць яго конкурснай праграмы ў тым, што ўдзельнікі здымаюць ролікі на тэму вечнага рухавіка (perpetuum mobile). Тэма вечнасці ўзнімаецца і ў іншых намінацыях: "Вечнае мастацтва (perpetuum ars)", "Вечная ідэя (perpetuum idea)", "Вечнае жыццё (perpetuum vita)", "Вечнае супрацьстаянне (perpetuum adversi)", "Вечная свабода (perpetuum libertas)".

Акрамя конкурсных праглядаў праграма форуму прадугледжвае паказы анімацыйных і дзіцячых ролікаў, студэнцкіх работ, у тым ліку стужак студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Фестываль завершыцца 18 студзеня.