Грамата на Новы год

№ 2 (1025) 14.01.2012 - 20.01.2012 г

Стары Новы год хоць і не з’яўляецца афіцыйным святам, але яго не забываюць і весела сустракаюць у нашай краіне ўжо не адно дзесяцігоддзе. Разам з тым, у мінулыя эпохі на нашых землях існавалі і іншыя даты Новага года.

/i/content/pi/cult/359/6872/14-3.jpegЯк вядома, сучасны каляндар атрымаў назву «грыгарыянскі». Для прывядзення календара ў адпаведнасць з сонечным годам усім каталікам прадпісвалася наступны дзень пасля 4 кастрычніка 1582 года лічыць не 5-га, а 15 кастрычніка. Так былі скасаваны дзесяць дзён, што "накапіліся" пасля ўвядзення юліянскага календара. Год пачынаўся таксама 1 студзеня. Такі адлік часу быў уведзены і на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

9 студзеня 1584-га была выдадзена спецыяльная грамата аб адзначэнні святаў па новым стылі. Але ці былі жыхары Вялікага Княства Літоўскага ўзрадаваны гэтым новаўвядзеннем? Баркулабаўскі летапіс сведчыць наступнае: "Року 1583 календар новый выдан... На тот же час было великое замешание промеж панами и промеж людьми духовными, также и люди простыми было плачу великаго, нарекання силнаго, похвалки, посварки, забуйство, заклинания, видячи яко новые свята установляли, купцом торги албо ярмарки отменяли, право было начало пристья антихристова, у таком великом замешанью...".

Нягледзячы на тое, што за выкарыстанне, цяпер ужо неафіцыйнага, юліянскага стылю прадпісвалася пакаранне, праваслаўная і ўніяцкая царква працягвалі карыстацца менавіта ім. Пра гэта сведчаць загады 1596 і 1689 гадоў - беспаспяховыя спробы пераводу на новы стыль. Пасля ж далучэння ў XVIII ст. Рэчы Паспалітай да Расійскай імперыі зноў адбылося вяртанне да юліянскага календара.

Ці існаваў юліянскі каляндар увесь гэты часу без змяненняў? /i/content/pi/cult/359/6872/14-4.jpegЯк аказалася, не: шэраг змен у ім усё ж такі адбыўся. Але варта вярнуцца на колькі стагоддзяў назад і запытацца: ці мелі славяне каляндар да прыняцця хрысціянства? Пра такі каляндар сведчыць Астрамірава Евангелле - адна з самых ранніх пісьмовых крыніц усходніх славян. Каляндар славян быў месяцовы, пра што сведчыць трынаццаты месяц, "влазьный". Пасля прыняцця хрысціянства задачы календара змяніліся: ён існаваў не толькі для лічэння часу, але і змяшчаў хрысціянскія святы. Таму разам з верай з Візантыі быў "запазычаны" і юліянскі каляндар.

Год у Візантыі лічыўся не ад Ражджаства Хрыстова, а ад стварэння свету. Розніца паміж такімі летазлічэннямі складала, па падліках манаха Дзіянісія Малога, 5508 гадоў. Акрамя таго, у Візантыі карысталіся вераснёўскім стылем: гэта значыць, што год пачынаўся з 1 верасня. Такое летазлічэнне было запазычана Руссю з адной асаблівасцю: год пачынаўся не ў верасні, а ў сакавіку. Для чаго дата Новага года была перанесена на сакавік і не засталася ў верасні? Магчыма, гэта была даніна традыцыям: у шмат якіх народаў пачатак года прыходзіўся менавіта на вясну - пачатак абуджэння прыроды. Магчыма, у сівой старажытнасці год пачынаўся з дзён веснавога раўнадзенства. А можа быць, гэта была своеасаблівая незалежнасць, адказнасць за свой час і свой каляндар?

Сакавіцкім стылем на Русі карысталіся да 1492 года. Потым ён быў зменены на вераснёўскі. У прыватнасці, Іаан ІІІ загадаў перанесці пачатак года з 1 сакавіка на 1 верасня. Гэтая дата Новага года да нашага часу адзначаецца праваслаўнай царквой як "пачатак навалецця". "Новае лета" па-стараславянску - "новы год", а святы Сімяон, дзень памяці якога прыпадае менавіта на 1 верасня, атрымаў у народзе назву "Сімяон-летапачынальнік". Трэба адзначыць, што канцылярыя Вялікага Княства Літоўскага ахвотна карысталася не толькі студзеньскім, але і вераснёўскім годам.

Іна КАЛЕЧЫЦ, кандыдат гістарычных навук

На здымках: рэшткі старажытнай абсерваторыі на Полаччыне; беларускі рукапісны каляндар XVI стст.