Па словах навуковага супрацоўніка ўстановы Пятра Цалка, зімовыя святы ў большай ступені - містычныя, бо "гуртуюцца" вакол дня зімовага сонцастаяння, калі зрухі ў прыродзе і Сусвеце прыводзяць да зрухаў у свядомасці людзей. Прыкладам таму - спробы дзяўчат зазірнуць у гэты час у невядомае ды паваражыць на будучага мужа... Адкрываюцца святы Калядамі. Цыкл калядных, святых, або, як іх яшчэ называюць у народзе, крывых вечароў заканчваецца 19 студзеня.
Наступны цыкл экспазіцыі - Вадохрышча, адно з самых вялікіх хрысціянскіх святаў, што засведчыла існаванне трыадзінага Бога: Бога-сына, які хрысціўся ў рацэ Іярдан, Святога Духа, што сышоў з яго, і Бога-бацькі, які ўсё гэта засведчыў.
Ланцуг зімовых святаў і прысвяткаў, дзе народны і хрысціянскі календары шчыльна пераплятаюцца, заканчваецца Стрэчаннем: "Зіма з летам стрэкаецца". У гэты дзень - 15 лютага - адбываецца своеасаблівае спаборніцтва паміж зімой і вясной...
Выстаўка ўражвае як прадстаўленымі экспанатамі, так і каментарыямі, якія іх суправаджаюць.
Марына МАРКЕВІЧ
Гомель