Перформанс са следам магнатаў

№ 2 (1025) 14.01.2012 - 20.01.2012 г

Расследаванне “царскага” абраду

/i/content/pi/cult/359/6870/14-1.jpegУ сваім аўтэнтычным выглядзе абрад "Калядныя цары", уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO ў 2009-м, існаваў у Семежаве, што на Капыльшчыне, да сярэдзіны ХХ ст. Пасля працяглага перапынку ён быў адроджаны напрыканцы 1990-х па ініцыятыве мясцовых жыхароў. Даследаванні архіўных і друкаваных крыніц дазволілі праліць святло на некаторыя аспекты станаўлення і развіцця абраду "Калядныя цары" і яго гістарычныя карані, а таксама - сувязь з традыцыйнай батлейкай.

Пэўны час у шырокай грамадскасці існавала папулярная версія пра паходжанне семежаўскага абраду, якая была запісана са слоў мясцовага жыхара, настаўніка гісторыі Мікалая Аляшкевіча. Змест яе зводзіўся да наступнага: у ХVІІІ ст. у вёсцы Семежава стаяў атрад расійскай арміі, салдаты і афіцэры якой пад час Каляд хадзілі ў сваёй звычайнай вайсковай форме па вясковых хатах, віншавалі гаспадароў са святам, паказвалі невялікае прадстаўленне, танчылі, спявалі, пасля чаго атрымлівалі ад семежаўцаў традыцыйныя падарункі. Затым, калі атрад пакінуў вёску, мясцовыя жыхары, у асноўным маладыя хлопцы, пачалі для калядных абыходаў апранацца ў карнавальныя касцюмы, што нагадвалі вайсковую форму. Гэтыя персанажы і былі празваны ў народзе царамі. Да "цароў" далучыліся даўнія мясцовыя маскі-персанажы - "Дзед" і "Баба", якія, акрамя таго, сустракаліся тут пад час цырымоніі традыцыйнага вяселля.

Але, як сведчаць пісьмовыя крыніцы і даследаванні тэатразнаўцаў, семежаўскія "цары" з'явіліся задоўга да "атрада рускай арміі". Вёска Семежава знаходзіцца ў геаграфічным арэале найбольшага распаўсюджання народнай драмы "Цар Максімільян" і лялечнай батлейкі. Для гэтай вёскі, якая ў XVII - XVIII стст. належала роду Радзівілаў і была мястэчкам (у пісьмовых крыніцах узгадваецца з 1582-га), уласціва правядзенне некалькіх кірмашоў у год. У падатковым рэестры Слуцка за 1648 г. сярод прафесій, што існавалі ў Семежаве на той перыяд, прыгадваюцца скамарохі, дудары і штукары (жанглёры). У ХIХ ст. тут, як сведчаць пісьмовыя крыніцы, нават дзейнічала школа "вяровачных скакуноў і штукароў".

Адной з найбольш папулярных сцэн тэатра скамарохаў, якую часцей за ўсё паказвалі на кірмашах у час Каляд, была сцэна пра мужыка Мацея і доктара (у змененым выглядзе яна ўвайшла і ў рэпертуар батлеечнікаў). А да канца ХVIII ст., асабліва пасля падзелу Рэчы Паспалітай, батлейка амаль цалкам пераходзіць спачатку ў рукі мясцовых рамеснікаў, а пазней і сялян.

Сюжэт прадстаўлення "цароў" пабудаваны на паядынку. Гэта таксама сведчанне агульнасці батлейкі і семежаўскага народнага тэатра, бо сцэны паядынкаў былі характэрны для батлейкі самых разнастайных варыянтаў і народнай драмы. Безумоўна, вялікую ролю ў фарміраванні семежаўцаў адыграла непасрэдна і народная драма "Цар Максімільян", у першую чаргу, інтэрмедыя з паядынкамі ды забойствамі.

Найбольш пытанняў выклікае песня, якую спяваюць "семежаўскія цары", ідучы строем па вуліцы, пры гэтым гучыць толькі адзін-два куплеты. Як аказалася, гэта сапраўды руская народная танцавальная песня "Посею лебеду на берегу". Хутчэй за ўсё, выканаўцаў абраду прывабіла яе рытмічнасць, музыка, пад якую лёгка ісці строем, маршыраваць па вуліцы. Не выключана таксама, што менавіта гэтая песня і сапраўды засталася як след ад прысутнасці калісьці ў Семежаве расійскай арміі. Аднак, як сведчаць даследчыкі батлейкі, на Беларусі вельмі часта ў лялечных паказах спяваліся песні самага рознага паходжання: ад народных беларускіх, рускіх, польскіх да песні якога-небудзь улана. А таму, разумеючы, што кожны фальклорны твор - з'ява шматгранная і шматварыятыўная, нельга адназначна сцвярджаць, што семежаўскія "цары" ўзніклі толькі дзякуючы прысутнасці там атрада расійскай арміі.

Не выключана таксама, што на з'яўленне абраду напрыканцы XVIII cт. у Семежаве аказаў уплыў радзівілаўскі тэатр, які нараджаецца якраз у дадзены перыяд. Гэта цалкам верагодна, улічваючы, што частка жыхароў Семежава працавала пры двары Радзівілаў. Менавіта дадзены факт мог садзейнічаць трансфармацыі батлеечных перформансаў у жывы тэатр. Гэтаму спрыяў, безумоўна, і характар вясковага жытла. У прыватнасці, для Семежава характэрныя так званыя пагонныя двары - тып вясковай архітэктуры, калі ўсе пабудовы на сядзібе размяшчаліся ў адну лінію і злучаліся між сабой вялікімі сенямі. Менавіта ў такіх сенях магла бесперашкодна разгортвацца тэатральная дзея, да таго ж, акрамя гаспадароў, яны змяшчалі і шмат гледачоў. Такім чынам, характар гэтай своеасаблівай лакальнай каляднай гульні вызначыла актыўнае ўзаемадзеянне розных фальклорных жанраў, кніжнай і вуснай традыцыі, перапляценне рыс народнай і арыстакратычнай культур.

Якім бы ні было паходжанне абраду, важна разумець, што сёння "Калядныя цары" ўсведамляюцца семежаўцамі на ўзроўні лакальнай ідэнтыфікацыі як яркая, уласцівая толькі іхняй мясцовасці, адметнасць каляндарна-абрадавай культуры.

Таццяна КУХАРОНАК, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы, кандыдат гістарычных навук

Ала СТАШКЕВІЧ, начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі

Фота Юрыя ІВАНОВА