Тэатр у Ратушы

№ 2 (1025) 14.01.2012 - 20.01.2012 г

Ці лёгка распавесці пра сябе?

/i/content/pi/cult/359/6867/8-2.jpegЗгадваючы 85-годдзе, якое напрыканцы 2011-га адзначыў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, Віцебская ратуша прыняла выстаўку, прысвечаную слаўнаму калектыву.

Перагортваюцца старонкі вялікага альбома, дзе прадстаўлены фотаздымкі - малых памераў і вялікіх, пажоўклыя і светлыя, такія, якімі захаваў іх час. Тэатральныя касцюмы, у якіх выходзілі на сцэну легендарныя акцёры (народны артыст СССР Фёдар Шмакаў, народныя артысты БССР Зінаіда Канапелька, Цімох Сяргейчык, Галіна Маркіна і Уладзімір Куляшоў), утрымліваюць вобразы сцэнічных герояў, а можа, нават іх творцаў: не толькі акцёраў, але і рэжысёраў, мастакоў, сцэнарыстаў.

Менавіта на Коласаўскай сцэне пачынаўся шлях народнай артысткі СССР Стэфаніі Станюта, раскрыўся шматгранны талент народнага артыста СССР Паўла Малчанава, які ўпершыню ў беларускім мастацтве увасобіў шэкспіраўскага Гамлета. Вось выбухае апладысментамі глядзельная зала: на сцэну выходзіць народны артыст СССР Аляксандр Ільінскі...

На гэтай сцэне тварыў Мікалай Яроменка-старэйшы, якому пасля выканання галоўнай ролі ў фільме "Людзі і звяры" было наканавана стаць вядомым усёй краіне...

Імкліва бягуць коні (эскіз заслоны да спектакля "Сымон-музыка"паводле творчасці Я.Коласа - работа тагачаснага галоўнага мастака тэатра А.Салаўёва) - сімвал часу, рух наперад. Так, невычэрпная тэма творчасці класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа - на сцэне тэатра, што носіць яго імя: "Зямля. Сны памяці" рэжысёра Віталя Баркоўскага - уражальная жывапісная фрэска на сцэне тэатра, шырокая панарама дзеяння ў раскрытай прасторы...

Ідэя выстаўкі як стрыжня будучай пастаяннай экспазіцыі ў памяшканні тэатра была падтрымана начальнікам упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Уладзімірам Цярэнцьевым. Праект прадугледжваў правядзенне адмысловых сустрэч для аматараў тэатральнага мастацтва, і яны адбыліся: з народнай артысткай Беларусі Святланай Акружной і заслужаным дзеячам мастацтваў краіны, рэжысёрам Віктарам Клімчуком. Менавіта клопатамі Святланы Акружной, якая цягам дзесяці гадоў карпатліва збірала матэрыялы і экспанаты для будучага Музея Коласаўскага тэатра, і сталася магчымым прадставіць многія з іх на гэтай выстаўцы.

Святлана КАЗЛОВА, старшы навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музея

Фота Валерыя ШЫШАНАВА