Трохкніжжа, пра выхад якога пісала ўжо "К", было выдадзена Беларускім фондам культуры пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. На прэзентацыі ж кніг прысутнічаў намеснік міністра культуры краіны Тадэуш Стружэцкі, прадстаўнікі БФК і дыпламатычных місій шматлікіх дзяржаў.
Тадэуш Стружэцкі падкрэсліў, што 2011-ты для беларускага грамадства сапраўды быў Годам Багдановіча, калі адзначалася 120-годдзе з дня нараджэння класіка. Эстафету святочных дат працягваюць юбілеі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка. Намеснік міністра з задавальненнем прачытаў некалькі любімых вершаў Максіма Кніжніка.
Потым эстафету чытання вершаў Багдановіча падхапіў Тэатр аднаго акцёра "Зніч", які зрабіў з твораў класіка невялікі мюзікл. А далей прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, кожны - на сваёй мове, прачыталі неўміручыя вершы: на літоўскай, французскай, нямецкай, украінскай, англійскай, балгарскай... І на кожнай з іх словы паэта гучалі па-іншаму, але нязменна кранальна. Бо Багдановіч, сапраўды, - не толькі беларуская, а агульнасусветная постаць.