Ад адмацавання да адданасці — адзін крок

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

Пачатак прафесійнай кар’еры гэтай сямейнай пары маладых спецыялістаў быў падобны на тысячы іншых. Ніхто з іх, студэнтаў, што адвучыліся ў буйным горадзе, не хацеў размяркоўвацца ў “глыбінку”. Пасля “культавага”, шматабяцальнага і прывабнага Віцебска ехаць рэалізоўваць свае амбіцыі, народжаныя ў атмасферы культурнай сталіцы, у Верхнядзвінск з насельніцтвам у 8 тысяч чалавек падавалася канцом яшчэ не пачатай кар’еры. Таму Ірына і Аляксей ГОРНІКІ ехалі ў горад на самым версе Дзвіны з адзіным жаданнем: узяць адмацаванне і больш туды ніколі не вяртацца. Аднак, як кажуць, ніколі не кажы “ніколі”.

 /i/content/pi/cult/132/686/Ad admacavannya.jpg

— З Алёшам мы пазнаёміліся ў 2004 годзе ў кабінеце начальніка аддзела культуры, — смеючыся, узгадвае дырэктар раённага Верхнядзвінскага дома культуры Віктар ХАДОРЧАНКА. — Ён уляцеў у кабінет, нібы ўраган, і адразу, замест прывітання, эмацыянальна выпаліў... не, літаральна паставіў мяне перад фактам: “Я тут працаваць не буду, таму дайце мне адмацаванне ад РДК”. Я запрасіў яго пагаварыць у свой кабінет. З таго часу Лёша і яго жонка Ірына, якая пазней прыехала вырваць свайго каханага з маіх учэпістых рук, і працуюць у мяне.
— Сапраўды, так і было, — пацвярджае Ірына. — Мы з Лёшам абодва харэографы, скончылі Віцебскае дзяржаўнае вучылішча мастацтваў: я— у 2003 годзе, муж— на год пазней, бо ён і паступіў пазней, на тую ж спецыяльнасць. Адразу ж пасля дыплома я атрымала выгадны кантракт у Японіі, а Лёша, скончыўшы вучэльню, паехаў сюды, у Верхнядзвінск, каб паставіць на сваім размеркаванні крыж. Я таксама прыехала сюды пасля замежжа, каб забраць будучага мужа. Яшчэ студэнтамі мы запланавалі ажаніцца і разам з’ехаць у які-небудзь вялікі горад, дзе шмат магчымасцей.
— Калі я зразумеў,— кажа Лёша,— што адмацавання мне не ўбачыць, як сваіх вушэй, я змірыўся з тым, што давядзецца папрацаваць тут. Так я пачаў вучыць мясцовую малечу танцам, а там “уцягнуўся”, стварыў калектыў “Мэджык”. А потым прыехала і Ірына.
— Дзякуючы Лёшу,— не скупіцца на кампліменты Віктар Дзмітрыевіч, — у РДК стварылася тая харэаграфічная база, якую сёння працягвае Іра. А калі яна паявілася на парозе Дома культуры, Лёшавы пачынанні пайшлі ў рост не тое што ўдвая, а ў тры разы хутчэй. За неверагодна кароткі тэрмін яны стварылі некалькі калектываў, якія разбілі па ўзростах. Гэта “Ярычанька” — вакальна-харэаграфічны народны ансамбль для самых маленькіх. Памятаю, яны сказалі: “Мы пачнём з нуля”, — і сталі гадаваць сваіх выхаванцаў з чатырох-пяцігадовага ўзросту. Далей — па нарастаючай. 12 гадоў — гэта эстрадны танцавальны калектыў “Маленькая міс”, для больш старэйшых — калектыў сучаснага танца “Мэджык”. Гэтая сям’я аднадумцаў і крэатараў пачала ставіць не проста танцы, не бліскучыя шоу, а— харэаграфічныя мініспектаклі на сцэне. Такія, якія ацэніць і прафесіянал, і чалавек,далёкі ад харэаграфіі.
Удваіх яны так хутка заявілі пра сябе, што гэта нават напалохала. Прыемна, што два выхадцы з “Мэджыка”— іх былыя навучэнцы — сёлета паступілі ў харэаграфічнае вучылішча да іхніх жа выкладчыкаў.
Можна сказаць, што ў нейкім сэнсе нараджаецца пераемнасць.
А яшчэ гэтыя ўпартыя і таленавітыя педагогі зрабілі сёлета сапраўдны прарыў: іх малады “Мэджык”, які яшчэ нават звання не паспеў займець, гэтай вясной заняў другое месца сярод юніёраў у Мінску на міжнародным конкурсе “Кубак Рэспублікі Беларусь па сучасных танцах”. Запрашэнне на гэты Кубак прыходзіла ў Верхнядзвінск штогод, але там ніколі не разглядалі ўдзел  ім як рэальны: няма грошай ні на касцюмы, ні для аплаты ўдзелу, ні для пераезду. Аднак выпадкова гэтае запрашэнне ўбачыў Аляксей. Ён пашаптаўся з Ірай і паставіў Віктара Дзмітрыевіча перад фактам: мы едзем. Самі пагаварылі з дзецьмі, самі сабралі грошы — адусюль па крысе, дапамог і райвыканкам.
— Да нас туды ніколі ніхто з Верхнядзвінска не ездзіў,— расказвае Ірына. — І калі мы сказалі пра наша рашэнне, нас пачалі адгаворваць. Маўляў, вы яшчэ такія маладыя, куды вы сунецеся, на такі вялікі конкурс — ды са сваімі матэрыяльнымі магчымасцямі.
Там жа калектывы ў сто разоў лепшыя за вас, cуцішце амбіцыі. А атрымалася — наадварот. Мы ўвогуле першы раз удзельнічалі ў конкурсе і— звярнулі на Верхнядзвінск увагу.
— Я не быў так упэўнены, як моладзь, — дадае Віктар Дзмітрыевіч. — Калі мы ўбачылі на рэпетыцыях высокі ўзровень усіх канкурсантаў, я адвёў Лёшу ўбок: “Мабыць, пакуль не позна, паедзем дадому? Асаромімся ж!”. На што Лёша адказаў: “Прыехалі— будзем выступаць!”.
— Шчыра кажучы, там мы трошкі злякаліся, — шчыра прызнаецца Ірына.— Сапраўды, узровень супернікаў быў высокі. Але перад дзецьмі мы не падалі выгляду і перад выхадам сказалі: “Сёння вы павінны выступіць так, як ніколі ў сваім жыцці.
Ну, за Верхнядзвінск!” І яны не падвялі. Гэта іх першы конкурс і першая вялікая сцэна ўвогуле, і адразу — другое месца! Калектыву на той момант было два гады... А потым нас запрасілі выступаць на гала-канцэрце, дзе мы выходзілі разам з калектывамі з Рыгі, Мінска, Гродна…
— Ці цяжка быць маладым прафесіяналам? — перайшлана сумную нотку Ірына. — Ведаеце, складана. Канешне, мой муж і наш дырэктар мяне падтрымліваюць, але адзін з фестываляў, шчыра кажучы, падрэзаў мае крылцы. Такога зняважлівага стаўлення да мяне, майго калектыву мне не даводзілася зведваць. Я прыехала дадому, у Верхнядзвінск, у такім эмацыйна знішчаным стане, што нейкі час не магла нічога рабіць, падумвала звольніцца, лічыла сябе прафнепрыдатнай. Не толькі з-за таго, што мы не падыйшлі туды па касцюмах, — маўляў, яны не такія прыгожыя, як хацелася б арганізатарам, — а і з-за таго, як нам гэта сказалі і як да нас паставіліся. Але ў выніку гэта стала для мяне ўрокам. Я пачала замаўляць дзецям у знаёмай дзяўчыны-мадэльера такія касцюмы, пра якія іншыя калектывы могуць толькі марыць.
— Калі нешта залежыць ад нас, мы можам гэта выправіць, — трымае мінорны акорд Ірына. — Аднак як мірыцца з тым сумным фактам, што дзеці вырастаюць і пакідаюць нас, паступаючы ў вучылішчы ці ВНУ? З-за гэтага парушаецца структура калектыву, яго трэба абнаўляць, а гэта не ідзе яму на карысць. А сёлета я сутыкнулася з такой складанасцю — не набрала новы састаў у падрыхтоўчыя групы. Гэта для мяне было шокам. Іншым разам, калі шчыра, хочацца ўсё кінуць і з’ехаць. Але мае навучэнцы не дазваляюць апускаць рук. Некаторыя ездзяць да мяне нават з далёкіх вёсак. Да сваіх выхаванцаў я так прырасла душой, што ўжо не ўяўляю сябе без іх.
— А цяпер на Ірчыны плечы лягла вялікая нагрузка: на жаль, Аляксей нядаўна звольніўся з РДК, — кажа Віктар Дзмітрыевіч. — У працаўнікоў культуры малаватая зарплата, а мужу трэба забяспечваць маладую сям’ю. Тым не менш, ён не кінуў нас: цяпер ён ходзіць да нас не як педагог, а як удзельнік калектыву. Калі Лёша зможа вярнуцца, я з радасцю вазьму яго на працу зноў.
Я ўвогуле вельмі люблю працаваць з маладымі. Вось, прыкладам, майму першаму намесніку— 24 гады. А кіраўнік нашага тэатра-студыі — студэнт апошняга курса вучылішча. Маладыя як ніхто іншы здольныя на дасягненні, на несупыннае генерыраванне ідэй, свежасць поглядаў, з імі цікава рэалізоўваць самыя смелыя задумы пры мінімуме магчымасцей!

Святлана ЖУРАЎСКАЯ,
наш спецкар.

Мінск — Верхнядзвінск — Мінск
Фота аўтара