Дыпламатыя супрацоўніцтва

№ 2 (1025) 14.01.2012 - 20.01.2012 г

12 студзеня ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася сустрэча кіраўніцтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з прадстаўнікамі дыпламатычных місій і культурных цэнтраў замежных дзяржаў, акрэдытаваных у нашай рэспубліцы. Мерапрыемства праводзілася пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў нашай краіны.

/i/content/pi/cult/359/6856/3-1.jpegУ сустрэчы прынялі ўдзел таксама і прадстаўнікі вядучых устаноў сферы культуры - Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Інстытута культуры Беларусі і многія іншыя.

Пачалося мерапрыемства з каляднага абраду, які прадставіў усім гасцям НММ фальклорны калектыў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, запрасіўшы да ўдзелу у гэтай захапляльнай дзеі ўсіх прысутных. Зразумела, для многіх прадстаўнікоў дыпмісій убачанае стала яшчэ адным уражаннем ад шматаблічнасці нацыянальнай культуры Беларусі. Пасля ўдзельнікі сустрэчы сабраліся ў канферэнц-зале Нацыянальнага мастацкага музея.

З прывітальным словам да прадстаўнікоў дыпмісій звярнуўся міністр культуры нашай краіны Павел Латушка.

- Дадзенае мерапрыемства - другое па ліку: першае адбылося год таму ў Мірскім замку, - зазначыў ён. - Спадзяюся, у святочныя дні мы закладваем традыцыю правядзення штогадовых сустрэч. Плануем распавесці вам аб развіцці культуры Беларусі, аб узаемадзеянні з замежнымі партнёрамі, а таксама абмеркаваць шляхі супрацоўніцтва ў сферы культуры...

На пачатку выступлення Павел Латушка адзначыў і тое, што на сённяшні дзень для Міністэрства на першы план выходзіць задача больш эфектыўнага выкарыстання дзяржаўных сродкаў, прызначаных для ўтрымання сістэмы культуры.

- Бюджэтная палітыка ў сферы культуры пераарыентуецца сёння з кіравання выдаткамі на кіраванне вынікамі, - сказаў міністр. - У апошні час намі актыўна ўкараняецца сістэма фінансавання ў сферы культуры, што прадугледжвае фінансаванне і сеткі ўстаноў, і культурных праектаў, прычым як дзяржаўных арганізацый, так і прыватных. Міністэрства плануе развіваць праектную дзейнасць у сферы культуры, уводзіць сістэму грантаў, якія дазволілі б у дадатак да існуючай сістэмы стварыць перадумовы для ўзнікнення і рэалізацыі новых ідэй ды праектаў...

Пасля Павел Латушка падрабязна распавёў пра здабыткі сферы культуры краіны за мінулы год і пра тыя мерапрыемствы, што плануецца ажыццявіць у/i/content/pi/cult/359/6856/3-2.jpeg 2012-м, а таксама адказаў на пытанні прысутных.

У прыватнасці, прадстаўніка Пасольства Францыі ў Беларусі цікавілі тыя мерапрыемствы, якія плануецца ажыццявіць у нашай краіне з нагоды 200-годдзя з часу пачатку вайны 1812-га. Міністр культуры распавёў, што на дадзены момант на ўзроўні Урада Беларусі створаны арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы гэтага мерапрыемства на чале з віцэ-прэм'ерам Анатолем Тозікам. Цягам бягучага года плануецца правесці шэраг адметных імпрэз, а ў кастрычніку адбудзецца тэатралізаваная рэканструкцыя гістарычных падзей 1812-га на рацэ Бярэзіне.

Пасля заканчэння мерапрыемства шматлікія прадстаўнікі пасольстваў, акрэдытаваных у нашай краіне, адзначылі карэспандэнту "К" важнасць стасункаў з кіраўніцтвам Міністэрства культуры. Прывядзём адно з меркаванняў.

- Я ўдзельнічаю ў падобнай сустрэчы ўжо другі раз, - распавёў саветнік Пасольства Рэспублікі Кіргізія ў Рэспубліцы Беларусь Амурбек Эсенджанаў, - і карысць падобных акцый - несумненная. Бо, дзякуючы, у тым ліку, і такім сустрэчам, прадстаўнікі нашай краіны прымаюць самы актыўны ўдзел у розных культурных мерапрыемствах, што ладзяцца ў Беларусі. Гэта і "Славянскі базар у Віцебску", і Міжнародны кінафестываль "Лістапад", і некаторыя іншыя. Так што будзем працягваць гэтае ўзаемакарыснае культурнае супрацоўніцтва і надалей...

А завяршальным акордам мерапрыемства стаўся вернісаж беларускага пейзажа "Прасторы роднай зямлі" з калекцыі музея, дзе з творчасцю айчынных мастакоў пазнаёміліся прадстаўнікі дыпмісій і культурных цэнтраў замежных дзяржаў.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"