Дзяржпраграма “Замкі Беларусі”: 38 аб’ектаў на сем гадоў

№ 2 (1025) 14.01.2012 - 20.01.2012 г

Як паведамляе прэс-служба беларускага Урада, Савет Міністраў краіны зацвердзіў пастановай № 17 ад 6 студзеня Дзяржаўную праграму “Замкі Беларусі” на 2012 — 2018 гг.

Мэта Дзяржаўнай праграмы - стварэнне спрыяльных умоў для захавання, аднаўлення і рацыянальнага выкарыстання аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця ўнутранага і ўязнога турызму. Дакументам прадугледжана рэалізацыя шэрагу мерапрыемстваў па захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцей з улікам асаблівасцей вонкавага аблічча аб'ектаў (сілуэты замкаў, прыроднае асяроддзе, ландшафт), наяўнасць у кожным з іх характэрных рыс.

Чакаецца, што рэалізацыя Дзяржпраграмы "Замкі Беларусі" будзе садзейнічаць адраджэнню ды захаванню культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі, умацаванню прэстыжу краіны ў міжнароднай супольнасці, уключэнню гісторыка-культурных каштоўнасцей абарончага тыпу ў культурную і эканамічную сферы, пашырэнню разнастайнасці і геаграфіі турыстычных маршрутаў, што, у сваю чаргу, дапаможа прыцягнуць у краіну больш замежных турыстаў і павялічыць грашовыя паступленні ў дзяржаўны бюджэт.

Фінансаванне праграмы, як паведамляе прэс-служба Урада, ажыццяўляецца за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім і мясцовым бюджэтах, а таксама за кошт уласных сродкаў арганізацый-выканаўцаў ды іншых крыніц. У 2012 - 2018 гг. на рэалізацыю патрабуюцца сродкі ў памеры больш за 131 млрд. рублёў, у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту - 2,5 млрд., з мясцовых бюджэтаў - каля 129 млрд., сродкаў інвестараў - 25 млн. Акрамя таго, на гэтыя мэты будуць накіраваны сродкі па Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме, якая штогод зацвярджаецца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Па шэрагу аб'ектаў фінансаванне запланавана пры рэалізацыі іншых праграм.

Дзяржпраграма скіравана на каардынацыю мерапрыемстваў па захаванні, кансервацыі, рэстаўрацыі, прыстасаванні замкаў у сённяшняй планіровачнай сістэме населеных пунктаў. Сёння большасць замкаў, іх фрагментаў і рэшткаў знаходзяцца ў нездавальняючым стане. Праграмай прадугледжана правядзенне рэстаўрацыйна-абнаўленчых работ на 38 аб'ектах, іх прыстасаванне і экспанаванне.

Як адзначылі ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, мерапрыемствы праграмы маюць рэалізоўвацца па чатырох кірунках:

рэстаўрацыя, рэканструкцыя і прыстасаванне запланаваны на 7 помніках архітэктуры: Старым замку у Гродне, Лідскім і Любчанскім замках, завяршэнне работ на Камянецкай вежы, добраўпарадкаванне паркаў, прылеглых да замкавага комплексу ў Міры, да палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы;

правядзенне кансервацыі з частковай рэстаўрацыяй - на 7 аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны, якія захаваліся часткова: Навагрудскім, Крэўскім, Гальшанскім замках, а таксама рэштках замкаў у Геранёнах Іўеўскага раёна, Смалянах Аршанскага раёна, Быхаве, пасёлку Тэльман Брагінскага раёна;

добраўпарадкаванне тэрыторыі 19 помнікаў археалогіі, на якіх размяшчаліся замкі ў в. Жабер Драгічынскага раёна, в. Крыўляны Жабінкаўскага раёна, Браслаўскі і Заслаўскі замкі;

плануецца правесці работы па музеефікацыі на 5 помніках археалогіі: гарадзішчы ў Тураве і Мілаградзе Рэчыцкага раёна, замчышчы ў Глуску і Рыжкавічах Шклоўскага раёна і ў Мінску.

Дзяржпраграма распрацавана ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дадзеным 16 снежня 2010 года. Яе заказчыкам выступае Міністэрства культуры, аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам, заказчык-каардынатар - Міністэрства культуры краіны. Заказчыкі Дзяржпраграмы ў рамках сваёй кампетэнцыі будуць ажыццяўляць кантроль за выкананнем закладзеных у праграму мерапрыемстваў. Штогод да 10 лютага ў Міністэрства культуры павінны прадстаўляцца справаздачы аб ходзе яе рэалізацыі, на аснове якіх Мінкультуры да 25 лютага будзе прадастаўляць інфармацыю ў Савет Міністраў.

Пастанова ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.