Акадэмія са статусам вядучай

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Незадоўга да навагодніх святаў Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў займела статус вядучай установы вышэйшай адукацыі ў сферы культуры. Гэты статус вызначаны пастановай Міністэрства адукацыі краіны.

Рэктар ВНУ Міхаіл Баразна паведаміў "К", што новы статус - заслуга педагогаў і студэнтаў, якія цягам існавання ўстановы доўжылі і ўмацоўвалі яе шматгадовыя традыцыі, рабілі гэта шчыра і адкрыта.

Па словах начальніка аддзела навучальных устаноў і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Алены Рыбчынскай, Акадэмія мастацтваў адпавядае новаму статусу па ўсіх магчымых крытэрыях. На ўвазе маюцца і эксклюзіўнасць заўжды запатрабаваных спецыяльнасцей, і якасць навучальнага працэсу. Лішне казаць, што выпускнікі Акадэміі - кадравая эліта ўстаноў культуры рэспублікі.

 Бліскучы прафесарска-выкладчыцкі склад установы забяспечвае эфектыўную дзейнасць пяці факультэтаў: тэатральнага, мастацкага, дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, экранных мастацтваў, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. А сярод студэнтаў Акадэміі - не толькі беларусы, але і грамадзяне іншых краін свету.

Новы статус, удакладняе Алена Рыбчынская, дае магчымасць установе выкарыстоўваць стымулюючыя грашовыя надбаўкі для найбольш таленавітых студэнтаў і спрактыкаваных выкладчыкаў. Дадатковыя магчымасці з'явяцца і для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы вядучай ВНУ ў сферы культуры.