Прынцып Клуба партнёрства

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Полаччына: рэцэптура ператварэння рэзерву ў рэсурс

/i/content/pi/cult/358/6840/1-2.jpeg

Культура і інвестар:

грані сацыяльнага ўзаемадзеяння

Як і паведамлялася ў апошнім нумары за 2011 год, "К" распачынае сёлета новы праект, скіраваны на асвятленне дзейнасці аддзелаў культуры ў звязцы з дзяржаўнымі прадпрыемствамі ды прыватным бізнесам - з тымі, хто з'яўляецца партнёрамі для сферы культуры.

Пошук новых форм і спосабаў узаемадзеяння з патэнцыйнымі інвестарамі - адзін з генеральных кірункаў развіцця рэгіянальнай культуры. Менавіта нюансам гэтага развіцця і будуць прысвечаны аналітычныя публікацыі "К".

Намеснік старшыні Полацкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Пётр Пяткевіч не столькі пакрыўдзіўся, колькі прапанаваў "К" самае шчыльнае творчае супрацоўніцтва: "Пра Полацк газета шмат піша, а вось пра раён, на мой погляд, не дастаткова. А ў нас самабытных творчых праектаў - як каласоў на збожжавай ніве!" Не пагадзіцца з Пятром Мяфодзьевічам было немагчыма. Сапраўды, Полацкі райвыканкам - дзеяздольны штаб па "нараджэнні" крэатыўных ідэй. І мясцовы аддзел культуры ніколі асабліва не вагаўся, якога сацыяльнага партнёра абраць для сумеснай і паспяховай рэалізацыі тых або іншых творчых праектаў. А іх, брэндавых і нешараговых, - больш за дзясятак. Кіраўнік раёна Мікалай Шаўчук, аналізуючы дзейнасць сацыяльна-культурных структур, на першы план штодзённых райвыканкамаўскіх захадаў вылучыў наладжванне менавіта сацыяльнага партнёрства з бізнесам - і дзяржаўным, і прыватным. А яго намеснік па сацыяльных пытаннях на практыцы ўдакладніў стратэгію гэтых захадаў: не мы павінны шукаць бізнес-партнёраў, а яны - нас. Так збольшага і атрымліваецца. Вынікі названага ўзаемадзеяння, на мой погляд, - досыць важкія (пра іх - гаворка ніжэй), таму сфера культуры разглядаецца мясцовым кіраўніцтвам ледзь не як вытворчая і ў перспектыве - бюджэтаўтваральная. Таму і грошы з агульнай раённай "кішэні" на развіццё рэгіянальнай культуры ідуць заўжды важкія (10 працэнтаў ад райбюджэту). Таму і зарабляе аддзел па 300 мільёнаў пазабюджэтных рублёў у год... Словам, для ўдасканалення галіны інвестараў у раёне (прынамсі, дзяржаўных) не бракуе. І гэта толькі пачатак сумеснай сацыяльна арыентаванай дзейнасці, ператварэння колісь нявыкарыстанага творчага рэзерву ў дзейсны рэсурс паступовага развіцця.

Тэхналогія стасункаў:

грошы - важныя, але....

/i/content/pi/cult/358/6840/1-1.jpegЭканоміка культуры... Словазлучэнне, на першы погляд, складаецца з паняццяў абсалютна несумяшчальных. Але толькі на першы погляд. Сённяшні час літаральна сцэментаваў два словы ў адзіны прынцып рацыянальнай самадастатковасці. Па цвёрдым перакананні начальніка аддзела культуры Полацкага райвыканкама Віктара Палушкіна, рэгіянальная культура цяпер застанецца прывабнай для спажыўца толькі тады, калі носьбіты яе "гармонію алгебрай падмацуюць", інакш кажучы - здолеюць асэнсаваць каштоўнасць уласнага праекта праз яго каштарыс. Вось такая "калькуляцыйная" прэамбула...

 Але па настойлівай просьбе Пятра Пяткевіча пра канкрэтныя сумы грошай, што пайшлі ці пойдуць на ажыццяўленне маштабных аддзелаўскіх задач, мы не гаварылі ўвогуле. І логіка такога тэматычнага абмежавання тут таксама цалкам зразумелая. "Мы не павінны палохаць патэнцыйных інвестараў мільённымі сумамі іх будучых расходаў, - не стамляецца паўтараць намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях. - Дый не расходы гэта ў выніку, а спрэс - набыткі... А тэхналогія зараджэння стасункаў павінна быць наступная: вось, паважаны партнёр, наш праект, давайце супрацоўнічаць".

Натуральна, на словах - усё проста. А на справе было і так. "Не, мне ваш праект па цяперашнім часе штосьці не надта падыходзіць..." - пачынаў сумнявацца кіраўнік прадпрыемства. "Што ж, паспрабуем рэалізаваць яго самі", - адказвалі ў райвыканкаме і аддзеле культуры. І рэалізоўвалі пад воплескі адабрэння. Наступным разам за ажыццяўленне аналагічнага праекта з ахвоткай браўся і той, хто колісь не верыў у поспех.

"Карацей, такі давер трэба выхоўваць, - працягвае "ўсенавуч" Пётр Пяткевіч. - Калі няма ідэі, пра які фандрайзінг можа ісці гаворка? А ідэя павінна быць такой, каб у яе перспектыве сумняваўся хіба толькі закаранелы скептык. Мы - моцныя ідэямі, мы - перамагаем".

Так, давер трэба выхоўваць уласным аўтарытэтам, а крэатыву варта навучаць. І не бяды, што не ўсе на гэтае мастацтва годныя. Вада, урэшце, камень точыць, а крэатыў сацыяльнага партнёрства (прынамсі, спробу на яго) можна і патрэбна планаваць. Глядзіш, і ў самых зацятых гаспадарнікаў з'явіцца заяўка на сацыяльна- культурны праект, карысны ў плане піяру для гаспадаркі, а ў плане ўсеагульнага культурнага развіцця - і для Полацкага раёна. Таму і не дзіва, што на райвыканкамаўскіх нарадах рэй вядзе не толькі кіраўнік Полаччыны з пытаннямі вытворчымі, але і яго намеснік па "сацыялцы" з пытаннямі што ні ёсць творчымі, крэатыўнымі. Апошнім часам, па ягоных словах, ідэі (і даволі някепскія!) пачалі з'яўляцца і ў выніку "мазгавых штурмаў". А такія нарады сталі называць Клубам партнёрства. У складзе яго цяпер, па словах намесніка старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях, - каля трох дзясяткаў кіраўнікоў-гаспадарнікаў, гатовых на самае разнастайнае творчае супрацоўніцтва з аддзелам культуры. З'яўляецца ідэя - на райвыканкамаўскім узроўні складаецца план агульнай дзейнасці, кожны з адказных гаспадарнікаў - зацікаўленых фігурантаў праекта - атрымлівае сваё даручэнне. Аддзел культуры - каардынатар. Пагадзіцеся, схема партнёрства - нескладаная.

Ад праекта да праекта:

кастынг спонсараў

А зараз - канкрэтыка брэндавых творчых праектаў Полаччыны. Паўтаруся, гаворка - не пра наладжванне народных і абрадавых мерапрыемстваў ды святаў вёсак, якія пад час усераённага пошуку крэатыву займелі на Полаччыне статус "шараговых" (не значыць, што сумных і будзённых). Гаворка - пра брэндавыя маштабныя акцыі, разлічаныя, прама скажам, не на абы-які розгалас у вобласці і рэспубліцы, пра акцыі, ад рэалізацыі якіх проста немагчыма адмовіцца.

Дык вось, першая з іх  - Грыбны чэмпіянат у Дрэтуні. Па словах Пятра Пяткевіча і Віктара Палушкіна ідэя "знізу" нарадзілася. Жыхары вёскі наракаць пачалі: вось, маўляў, мясціны ў нас - маляўнічыя, лясныя, грыбоў - мора, а вось з сельскай інфраструктурай не ўсё як мае быць. Сказана - зроблена. У тамтэйшым лесе напрыканцы лета збіраюцца тысячы грыбнікоў, у чэмпіянаце прымаюць удзел да сотні каманд. А ў вёскі ўжо, бадай, статус рэспубліканскай грыбной сталіцы. "Мама" ж знанага чэмпіяната - дырэктар мясцовага лясгаса Валянціна Пятрова. Грашовы ж складнік чэмпіянату такі: з райбюджэту на сувеніры (іх вырабіла адна з прыватных фірм) і рэкламныя бэджыкі пайшоў толькі мільён рублёў. Усё астатняе - спонсарскія ўкладанні...

Варта толькі распачаць - і ідэя займее доўгатэрміновы жанравы працяг. Я тут - пра тое, што сацыяльным партнёрам для аддзела культуры ў наладжванні ягадна-чарнічнага турніру сталі старшыня Завозерскага сельскага савета Наталля Архарава і Гомельскага - Мікалай Бабіч.

Далей - болей. СВК "Кушлікі", дзе дырэктарам - Фёдар Заводскі, здзівіла наваколле мерапрыемствам "Бульбяное царства". Ідэя, пагадзіцеся, на паверхні ляжыць: бяры - не хачу. На Полаччыне - захацелі. Лішне казаць, што аддзел культуры адказваў за "мастацкае гучанне" фэсту, а райвыканкам скаардынаваў дзеянні гандлю, іншых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія апрача кірмашу наладзілі сапраўднае шоу лепшай бульбіне раёна. Мо хто прыдумае лепшую рэкламу сельгаспрадукцыі?

Дырэктар Полацкага малочнага камбіната Уладзімір Яцкевіч з заключэннем пагаднення на сацыяльнае партнёрства не вагаўся. У выніку атрымалася свята "Малочнае раздолле".

Спахапіліся і гаспадары аграсядзіб (іх сёння ў раёне - 24, а ў перспектыве будзе 55), якія прапанавалі раённы фэст "Полацкія лазні", што і прайшоў з поспехам у аграсядзібе "Ля Крэніцы". Таксама былі і адметны сцэнарый мерапрыемстваў з конкурсам парыльшчыкаў, дзе рэй вёў Лазнік (натуральна, з мясцовага Дома культуры), і гандаль працаваў, і гасцей панаехала процьма...

Сярод наступных акцый - конкурс "Полацкі стралок" (раённы цір-палігон дапамаглі "ажывіць" пагранічнікі і грамадская арганізацыя паляўнічых), маштабная гульня "Каманда будучыні нашай" (спаборніцтва маладых спецыялістаў з рэзерву кадраў Полацкага і Верхнядзвінскага раёнаў на лепшы крэатыўны праект)... І ўсе гэтыя акцыі пасля паспяховай "абкаткі" займелі права на пастаяннае жыццё.

Вы заўважылі і ацанілі, што ўсе з названых творчых праектаў рэалізоўваюцца не ў адным населеным пункце, а кожным разам - у новым? Устаноўка для раённых аддзелаў культуры - звыклая і даўняя: любая вёска абавязкова павінна мець сваё непаўторнае культурнае аблічча. Устаноўка не новая, але вось так маштабна і канкрэтна ўвасабляецца ў жыццё ці не ў адзіным Полацкім раёне. Хто не пагаджаецца - аспрэчце. Буду толькі рады. А на Полаччыне час ужо кастынг для спонсараў-інвестараў наладжваць. Усё зразумела: да лепшых ідэй павінны спрычыняцца лепшыя.

Лясун як рухавік піяру

Пра дырэктара Полацкага камбіната хлебапрадуктаў Васіля Хамёнка - гаворка асобная. З той простай прычыны, што Васіль Кузьміч - сам па сабе зацяты крэатыўшчык і піяршчык сваёй вытворчасці. "Работу любога прадпрыемства неабходна наладжваць з дзіцячага садка, школы і клуба, - упэўнены ён. - Словам, кіраўнік павінен ведаць, як адпачываюць яго падначаленыя, павінен сам "у хоры спяваць".

Ці шмат такіх кіраўнікоў-гаспадарнікаў на Полаччыне? Каля трыццаці. А што ж іншыя? На гэты конт разважае намеснік старшыні райвыканкама Пётр Пяткевіч: "Ці ж варта наракаць, што не ўсе з іх - крэатыўшчыкі, не ўсе такія, як Васіль Кузьміч? Мы зараз пра сацыяльнае агульнакарыснае партнёрства кажам, а яго трэба прапаноўваць, штодня пераконваць, што без піяру любое прадпрыемства не набярэ належныя вытворчыя абароты".

У такой выснове дырэктар хлебакамбіната даўно пераканаўся на справе. У свой час прадукцыя прадпрыемства разыходзілася між пакупнікоў без належнай, так бы мовіць, дынамікі. Задумаліся: якасць мукі - выдатная, значыць, рэкламы не хапае. Запрасілі святароў, асвяцілі вытворчыя памяшканні, прадукцыю, а на пакетах з мукой пазначылі, што яна - асвячоная. Спрацавала: тавар на складах не залежваецца.

Наступны піяр-ход - наданне новага жыцця камбінатаўскай турыстычнай базе, што месціцца ля возера Якаўцы. Менавіта метадам "мазгавога штурму" вырашылі: тут будзе жытло Лесуна. Дырэктар камбіната зрабіў тут адпаведны рамонт. Начальнік аддзела культуры забяспечыў праграму тэатралізацыі. Да агульнай справы падключыліся іншыя раённыя структуры. Рэкламу лясной рэзідэнцыі з комплексам "казачных" паслуг размясцілі на райвыканкамаўскім сайце. Так ля Якаўцоў з'явіліся першыя турысты. А кола сяброў Клуба партнёрства значна пашырылася. І прычына гэтага цалкам зразумелая: не можа не змяніцца псіхалогія кіраўнікоў, якія на ўласныя вочы бачаць яскравыя прыклады таго, што культура - частка дзяржаўнай ідэалогіі, і толькі сацыяльна арыентаваны бізнес мае канкрэтную перспектыву...

Карацей кажучы, тры крэатыўшчыкі раёна - намеснік старшыні райвыканкама, начальнік аддзела культуры і дырэктар хлебакамбіната - адразу знайшлі паразуменне, і толькі на гэтай глебе "выбудавалі" для Полаччыны чарговы маштабны культурны праект.

Чым не алгарытм паспяховасці і творчасці, і вытворчасці? Не ўзяць яго на ўзбраенне - значыць таптацца на месцы і енчыць на хранічны недахоп грошай. Памятаеце, як у Булгакава: "Самі прапануюць і самі ўсё дадуць!". Трэба толькі зацікавіць.

Навошта РДК сеткавы

маркетынг?

Наталля Дзёміна, дырэктар Полацкага РДК, абвешчана лепшым клубным работнікам Віцебскай вобласці. У тым ліку і з той прычыны, што з зайздроснай дакладнасцю ведае адказ на пытанне, вынесенае ў падзагаловак. Кіраўнік установы супрацоўнічае прыкладна з трыма дзясяткамі гарадскіх арганізацый. Гэтае супрацоўніцтва яна называе рэкламнай падтрымкай. Клубныя работнікі раздаюць па горадзе флаеры з праграмамі мерапрыемстваў, прысвечаных таму або іншаму прадпрыемству Полацка. У выніку падобнага сеткавага маркетынгу РДК зарабіў сёлета 120 мільёнаў рублёў - гэта трэцяя частка ўсіх пазабюджэтных грошай раённай культуры.

Ці патрэбны ўстанове апякунскі савет? Па сутнасці, ён ужо існуе. Як пераканана Наталля Дзёміна, пошук рэсурсаў будуецца на асабістых кантактах, што даўно перараслі ў так званыя статусныя адносіны. На чым яны трымаюцца? На ўзаемным даверы, на ўзаемнай павазе. Доказам таму - стос святочных паштовак, што дырэктар РДК атрымлівае ад кіраўнікоў гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый да любога свята.

Маркетынгам у раёне займаюцца ўсе культработнікі. Высвятленне запытаў спажыўцоў культуры, па перакананні дырэктара райметадцэнтра Жанны Чарняўскай, - гарантыя поспеху любой установы. У планах на 2012 год - адраджэнне мясцовых традыцыйных абрадаў. Пройдуць майстар-класы па выпечцы хлеба, па вырабе сыроў. І тут не абышлося без самага дзейснага сацыяльнага партнёрства. Да прыкладу, Яблычны Спас у вёсцы Баравое цяпер нельга ўявіць без клопату мясцовага фермера Уладзіміра Клопава, зацятага садоўніка. А свята Юр'я з абрадавым выганам жывёлы на пашу адбываецца ў СВК "Блізніца", што здавён славіцца жывёлагадоўляй.

Па словах дырэктара РЦБС Ганны Бурнасенка, шмат напрацовак і перспектыўных задумак і ў бібліятэкараў раёна. У 33 установах збіраюцца матэрыялы для кнігі "Полаччына ў легендах і паданнях". У шэрагу бібліятэк адраджаецца мясцовы вясельны абрад. І кожны работнік культуры абапіраецца пры гэтым на вельмі дзейсную сельсаветаўскую падтрымку.

Калі крэатывяць

сельсаветы

Перада мной - план правядзення справаздачнага дня старшыняў сельскіх выканкамаў за студзень 2011 года. Здавалася б, больш чым афіцыйная папера, якая да творчасці ніякага дачынення не мае. Але... Дзясяты пункт парадку дня прадугледжвае выступленне начальніка аддзела культуры Віктара Палушкіна "Крэатыўныя праекты культурна-масавай работы з насельніцтвам на 2011 год па кожным сельскім савеце". А сельсаветаў у раёне - сямнаццаць. І кожны трымае справаздачу, у тым ліку і па выкананні прагнозных паказчыкаў культурных платных паслуг, і кожны абараняе свой крэатыўны праект.

Яшчэ адно перакананне намесніка старшыні Полацкага райвыканкама Пятра Пяткевіча: "Сфера нацыянальнай вытворчасці ўдасканальваецца няспынна. Так сама павінна рухацца і культурная галіна. Гэта наш прынцып, наша "каронка", калі пажадаеце. Учарашняе свята як будавалася? Урачыстае пасяджэнне, даклад, канцэрт. Гэта для нас цяпер нават не варыянт. З "сахой" у культуры цяпер аніяк не магчыма. Значыць, нам неабходна пастаянна трымаць сябе ў форме, быць патрэбнымі. І ўсе праекты пры гэтым павінны ісці "знізу". І яны ідуць. Любая вёска раёна хоча праславіцца. Адсюль - і колькасць маштабных доўгатэрміновых праектаў..."

А вось меркаванне начальніка аддзела культуры Віктара Палушкіна: "І сельскія работнікі культуры пры гэтым самым шчыльным чынам супрацоўнічаюць, як вы пераканаліся ўжо, з сельвыканкамамі, з сельскагаспадарчымі вытворчымі кааператывамі. Так што сумесных ідэй хапае. А ўжо потым мы аналізуем, якія з прапанаваных праектаў набудуць раённы статус. Прынцып Клуба партнёрства такі: прыслухаліся, падхапілі, падтрымалі".

"Нефарматная сталіца" -

у Багатырскім

Чарговы прыклад сацыяльнага партнёрства аддзела культуры з дзяржаўнымі прадпрыемствамі і мясцовымі ўладнымі структурамі знайшоўся ў вёсцы Багатырская. А дакладней - у мясцовым СДК: менавіта тут прыслухаліся, падхапілі і падтрымалі. І гаворка - не толькі пра тутэйшую рэзідэнцыю Дзеда Мароза. Кіраўнік установы Інга Карабан ладзіць лепшыя ў раёне карпаратыўныя вечары. Дапамагаюць ёй у гэтым дырэктар Полацкага аграсэрвісу Уладзіслаў Высоцкі і старшыня мясцовага сельвыканкама Мікалай Гаціх. Самыя шчыльныя кантакты - і з зампалітам вайсковай часці Аляксеем Куліком.

- Хапае ў нас і іншых брэндавых праектаў, - дадае Мікалай Гаціх. - Рэалізацыя іх працуе на аўтарытэт і СДК, і мясцовай улады...

Сярод брэндаў - фэст "нефарматнага" мастацтва, што быў зладжаны на мясцовым стадыёне пад час Дня моладзі. Тут сабраліся ролеры, скейтэры, готы, байкеры... На канцэрт прыехалі рок-гурты з Віцебска, Гродна, Полацка і Наваполацка. А вайскоўцы зладзілі свае паказальныя выступленні. Лішне казаць, што і на гэтым, абсалютна нешараговым для раёна, мерапрыемстве прысутнічала мора наведвальнікаў. Фэст (ініцыятыва яго правядзення належыць Інзе Карабан), неаспрэчна, стане традыцыйным з той самай прычыны, што безумоўная і ўсебаковая падтрымка яму гарантавана. Нездарма кіраўнік Аграсэрвісу Уладзіслаў Высоцкі на "Багатырскім кірмашы" (чарговы брэнд мясцовай культуры) атрымаў званне "Чалавек справы".

А дэвіз такі:

"Нас не дагоняць!"

Чалавек справы - той, хто можа адказваць за свае словы. Дакладней - пацвярджаць іх канкрэтнымі ўчынкамі. Намеснік старшыні Полацкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Пётр Пяткевіч - з гэткай жа кагорты ўпэўненых і ў сваіх сілах, і ў магчымасцях падначаленых. Нехта з чытачоў мо і аспрэчыць такую ўпэўненасць. Маўляў, гэта ж трэба для аддзела культуры абвясціць на 2012-ы такі катэгарычны дэвіз: "Нас не дагоняць!"...

Усім чытачам-скептыкам абяцаю ад імя рэдакцыі: хто хаця б зраўняецца з Полацкім раёнам у колькасці і важкасці культурных праектаў, народжаных у выніку сацыяльнага партнёрства, таго мы сваімі публікацыямі ніяк не абмінём. А пакуль... Пакуль у большасці раёнаў краіны ладзяцца, мякка кажучы, аднастайныя мерапрыемствы пад сумным дэвізам "А ў нас усё - як і ва ўсіх". Галоўнай жа прычынай адсутнасці самабытных акцый называецца менавіта недахоп грошай, пра якія на Полаччыне нават згадваць не прынята. Яны з'яўляюцца натуральным чынам, але толькі ў абмен на самыя крэатыўныя ідэі. Так што і ў іншых рэгіёнах Беларусі работнікам культуры (каб аўтарытэт не страціць!) без неадкладных "мазгавых штурмаў" проста не абысціся.

У кантэксце тэмы

Конкурс ідэй

Як паведамілі "К" у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, для развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства і праектнай дзейнасці ў сферы культуры, стварэння ўмоў для выяўлення і рэалізацыі арыгінальных творчых ідэй Савет Міністраў краіны прыняў пастанову № 1726 ад 23 снежня 2011 г., якой зацверджана Палажэнне аб парадку правядзення конкурсу на арганізацыю і правядзенне культурных мерапрыемстваў і парадку іх фінансавання.

Задачы конкурсу: павышэнне эфектыўнасці рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры, актывізацыя творчых ініцыятыў, стымуляванне суб'ектаў культурнай дзейнасці, павышэнне мастацкага і арганізацыйнага ўзроўню падрыхтоўкі і правядзення культурных мерапрыемстваў.

У адпаведнасці з дадзенай пастановай, органы дзяржаўнага кіравання маюць права абвясціць конкурс і выбраць суб'екты культурнай дзейнасці для ажыццяўлення арганізацыі і правядзення культурнага мерапрыемства. Права на рэалізацыю праекта могуць атрымаць юрыдычныя асобы Рэспублікі Беларусь незалежна ад формы ўласнасці і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія зарэгістраваны ў Рэспубліцы Беларусь.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Полацкі раён - Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"