Смелы тэатр — з рызыкай

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Для народнай артысткі Беларусі Бэлы МАСУМЯН, па яе прызнанні, тэатр пачаўся не з вешалкі. Адлік варта браць ад дзяцінства, ад вялізнай бацькоўскай бібліятэкі, ад неўтаймоўнага жадання чуць і бачыць, а яшчэ дакладней — адчуваць і даследаваць пакуль нязведаныя жыццё і свет. Менавіта з гэтай нязведанасці і вырасла памкненне дапрыдумваць тое, чаго не хапала ў кніжных гісторыях і ілюстрацыях. І менавіта працягам такога дапрыдумвання стаў шлях да акцёрскага майстэрства.

/i/content/pi/cult/358/6826/4_5.jpegЦягам творчых пошукаў артыстка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага сыграла больш за сотню роляў - яркіх і разнапланавых. І праца над кожнай была менавіта даследаваннем чужога жыцця, якое магло стаць і станавілася яе ўласным. Без здольнасці на такую "мімікрыю", пераканана Бэла Масумян, на сцэну і выходзіць не варта.

Яна - выходзіць, і штораз пераконвае: тэатр - тая незразумелая "субстанцыя", дзе любы рух душы можна толькі пражыць, усё ж астатняе - ігра на патрэбу і напаўсілы. І прыкладаў таму, на жаль, - процьма. А Масумян не іграе - пражывае: і ў "Пане Каханку", і ў "Ільве зімою", і ў "Пігмаліёне"... Пра гэтыя спектаклі "К" пісала ў свой час, і кожны стаў чарговым доказам высокага прафесійнага майстэрства актрысы.

- Мяркую, беларускаму тэатру не хапае рызыкі і жадання быць смелым, - сцвярджае Бэла Масумян. - Тэатр - пастаянна дзеючая даследчая лабараторыя па апрабацыі і новых ідэй, і новых форм. І гаворка тут - не толькі пра сучасную драматургію, але і пра класіку, якая штораз павінна быць сугучнай сённяшняму дню. Няма гэтага - няма і карпатлівага даследавання жыцця...
Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"