Цягам творчых пошукаў артыстка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага сыграла больш за сотню роляў - яркіх і разнапланавых. І праца над кожнай была менавіта даследаваннем чужога жыцця, якое магло стаць і станавілася яе ўласным. Без здольнасці на такую "мімікрыю", пераканана Бэла Масумян, на сцэну і выходзіць не варта.
Яна - выходзіць, і штораз пераконвае: тэатр - тая незразумелая "субстанцыя", дзе любы рух душы можна толькі пражыць, усё ж астатняе - ігра на патрэбу і напаўсілы. І прыкладаў таму, на жаль, - процьма. А Масумян не іграе - пражывае: і ў "Пане Каханку", і ў "Ільве зімою", і ў "Пігмаліёне"... Пра гэтыя спектаклі "К" пісала ў свой час, і кожны стаў чарговым доказам высокага прафесійнага майстэрства актрысы.
- Мяркую, беларускаму тэатру не хапае рызыкі і жадання быць смелым, - сцвярджае Бэла Масумян. - Тэатр - пастаянна дзеючая даследчая лабараторыя па апрабацыі і новых ідэй, і новых форм. І гаворка тут - не толькі пра сучасную драматургію, але і пра класіку, якая штораз павінна быць сугучнай сённяшняму дню. Няма гэтага - няма і карпатлівага даследавання жыцця...
Фота Юрыя ІВАНОВА