Георгій СІДАРЭНКА, акадэмік НАН Беларусі: “Мастацтва робіць са спецыяліста чалавека”

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

“Людзей нецікавых на свеце няма,” — сказаў паэт Яўген Еўтушэнка. А ёсць людзі надзвычай цікавыя. Да такіх адносіцца Георгій Іванавіч СІДАРЭНКА, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар, заслужаны дзеяч навукі, заслужаны вынаходнік, прэзідэнт Беларускага навуковага таварыства кардыёлагаў, член Еўрапейскага таварыства кардыёлагаў, экс-прэзідэнт Асацыяцыі кардыёлагаў СНД, аўтар каля 700 навуковых публікацый і 164 вынаходніцтваў.

 /i/content/pi/cult/132/682/Sidarenka.jpg

165-е вынаходніцтва не зарэгістравана

Гэта было ў 1938 годзе. Жора вучыўся ў шостым класе. Бацька, Іван Якаўлевіч, быў хімікам, ды не простым, а — вынаходлівым. Калі ён сядзеў за рабочым сталом, сын заўсёды круціўся побач. І, каб ён не замінаў, бацька даваў яму якія-небудзь заданні.
— Як зрабіць так, каб падводная лодка не патанула, калі ў яе трапіць снарад? Падумай над гэтым.
— Сапраўды, у падводнай лодцы — людзі. Калі снарад праб’е абшыўку, усе патонуць, — успамінае Георгій Іванавіч. — Мы жылі бедна, але кнігі заўсёды купляліся. Кніг у нас дома было шмат. Сярод іншых — Жуль Верн і яго раман “80 тысяч лье пад вадой”, які быў маёй настольнай кнігай. Думаў я думаў, і па дарозе ў школу мне цюкнула: а што, калі зрабіць падвойныя сценкі ў падводнай лодцы і паміж дзвюмя сценкамі пакласці гуму? Калі міна зробіць прабоіну, гума пад ціскам запоўніць утвораную адтуліну. Бацька ўважліва мяне выслухаў, пасміхнуўся і паляпаў мяне па плячы:
— Малайчына, сын. Цяпер і ты — вынаходнік!
Прайшло шмат гадоў. Я пра тое і забыў.
А праз пэўны час, пасля вайны ўжо, даведаўся, што такое вынаходніцтва было запатэнтавана ў Японіі.

Вайна і музыка

У час Вялікай Айчыннай вайны ў 1944 годзе Георгій Іванавіч у баі за польскі горад Сувалкі быў паранены. Ён трапіў у ташкенцкі шпіталь. Як там апынуўся, не памятае, толькі адрывістыя ўспаміны засталіся — рукі медсястры, бінты і ціхі голас, што спяваў “Зямлянку”: “Вьётся в тесной печурке огонь...”.
А ў Ташкенце — жнівень, спёка. У шпіталі вокны расчынены насцеж.
І раптам чуе салдат галасы: гэта праходзіць дацэнт са студэнтамі. Нехта пытаецца: а хто там, за шырмачкай?
— А, гэта паміраючы, вас гэта не датычыць.
Вокны расчынены, у двары на слупе вісіць рэпрадуктар, і перадаюць Першы канцэрт для фартэпіяна з аркестрам Чайкоўскага. Музыка рэхам напоўніла палату.
— Апамятаўся я і думаю: няўжо пад такую музыку можна паміраць? Не, дудкі, не паддамся! І з гэтага дняпайшло на папраўку, — Георгій Іванавіч пасміхнуўся. — У Сувалках мой медальён застаўся. А на помніку савецкім салдатам выбіты словы: Сідарэнка Георгій Іванавіч, 1315-ы стралковы полк. А ташкенцкі шпіталь я летась наведваў, калі быў на кангрэсе...

Музыка

— Калі я выкладаў студэнтам, на першай лекцыі ў мяне — Першы канцэрт Чайкоўскага для фартэпіяна з аркестрам. А завяршаў лекцыю Другім канцэртам Сяргея Рахманінава.
Музыка ў дынастыі Сідарэнкаў — сямейнае.
Зяць Мікалай Сяргеевіч Калядка — заслужаны дзеяч мастацтваў, дырыжор аркестра опернага тэатра. Ён каля 30 гадоў працуе ў тэатры. 30 балетаў, опер паставіў. Ездзіў у Тайланд, Кітай, Іспанію, Грэцыю з сімфанічным аркестрам.
Георгій Іванавіч не прапускае ніводнай прэм’еры. Опера, балет альбо канцэрт сімфанічнай музыкі — уся сям’я ў зале.
— Мікалай Сяргеевіч прыходзіць у госці і кажа: “Хочаце, я вам зараз падыму артэрыяльны ціск?” У яго дома — грандыёзная фанатэка, палову пакоя займае. І калі ён прыносіць штосьці надзвычай добрае, я слухаю. Гэта настолькі хвалюе, што ціск насамрэч пачынае павышацца. Але гэта не шкодна для здароўя: павышэнне ціску ад захаплення — не небяспечнае.
Музыка ўзнікла ў першабытных людзей, калі яны пачалі працаваць. Гэта быў рытм іх сумеснай працы. Потым — мелодыя. Х
VІ — ХІХ стагоддзі — гармонія, потым — сімфонія. А цяпер першая скрыпка — ударнік. Ударнік — рытм. Гармонія знікла хутка. У рока няма гармоніі, галоўнае — рытм. Паспрабавалі гэтую музыку іграць у псіхбальніцы — дэбілы і шызафрэнікі нагамі адбіваюць рытм. Ад рока можна аглухнуць. Сімфанічная ж музыка павышае ціск захапленнем.

Энцыклапедысты

Георгій Іванавіч любіць разважаць на розныя тэмы. Яму падабаюцца людзі з шырокім дыяпазонам мыслення. Акадэміка Васіля Васільевіча Парына ён лічыць сваім духоўным бацькам. Падчас юбілею Парына выступіў з дакладам у Маскве “Васіль Васільевіч Парын вачамі вучня”.
— Некаторыя людзі лічаць, што час энцыклапедыстаў мінаваў.
Не, ён не прайшоў. З Парыным мы маглі пагаварыць пра літаратуру, пра музыку, пра марскіх медуз — пра што заўгодна. Шырачэзная сфера інтарэсаў! Ён сам энцыклапедыст і любіў людзей гэткага ж плана. Я да яго прыходзіў па справе, а завяршалася наша размова ў яго дома. І заўсёды ён выходзіў, праводзіў мяне на лесвіцу. У мяне дома — цэлы стос яго лістоў, напісаных мікраскапічнымі літаркамі.
Георгій Іванавіч задумаўся і прадоўжыў:
— Я сябрую з Міхаілам Андрэевічам Савіцкім.
Я прайшоў праз вайну, а ён — яшчэ і праз лагер. МіхаілАндрэевіч кажа: “Усё ў жыцці мінорнае”. Я яго разумею. Ён па памяці малюе. Тое, што ён бачыў у гады вайны, усё гэта ў памяці. Гэта яго абцяжарвае. Савіцкі — чалавек вельмі шырокага дыяпазону інтарэсаў. З ім можна пра Дастаеўскага пагаварыць, пра ўсё. Ён заўсёды на акадэмічных сходах у нашым медыцынскім аддзеле сядзіць. Слухаць яго цікава. Яго довады заўсёды пераканаўчыя і грунтоўныя. Яшчэ б — з такім жыццёвым досведам!

Радыёпрыёмнік ГІС

У Мінск Георгій Іванавіч прыехаў з бацькамі ў 1932 годзе. Да гэтага жылі ў Кіеве, а ў той час там быў жахлівы голад.
— Бацька сказаў, што ў Беларусі ёсць картошка, якую называюць бульбай. Узялі мы з сабой два чамаданы пажыткаў і прыехалі ў Мінск. Тут я паступіў у радыёклуб. Палярнік Папанін быў на Паўночным полюсе, і ў “Пионерской правде” было напісана: “Хто зробіць прыёмнік, пачуе голас з Паўночнага полюса”. Я пабег па магазінах, купіў дэталі і зрабіў дэтэктарны прыёмнік.
Голас Папаніна я не пачуў, але станцыю нейкую злавіў. Я быў адзіным хлапчуком у радыёклубе, дзе вялікія, дарослыя дзядзькі сядзелі.
Калі я паступіў у медінстытут, на кафедры фізікі мяне як роднага сустракалі.
Я там рабіў усялякія прыборы для выкладання, дапамагаў. І кандыдацкая, і доктарская дысертацыі былі мной зроблены з прымяненнем радыёпрыбораў.
Георгій Іванавіч паказвае гадзіннік, на цыферблаце якога — дысплей мікрааналізатара.
— Гэта не гадзіннік, гэта прыбор, які адзначае перабоі пульсу, а калі яны небяспечныя, падае сігнал. Ён спецыяльна зроблены для касманаўтаў. Гэта маё вынаходніцтва. Яго выпускаў наш завод “Інтэграл” 10 гадоў таму.
50 гадоў я выпісваў часопіс “Радио”. У мяне мноства прыёмнікаў было зроблена самастойна. Сваёй нявесце, будучай жонцы, я зрабіў і падарыў вялікі лямпавы прыёмнік з надпісам “ГІС — Георгій Іванавіч Сідарэнка”.

Стрэс

— Што больш за ўсё непакоіць нас? На першым месцы — стрэс. Стрэс — гэта псіхалагічная альбо інфармацыйная нагрузка. Праводзіліся даследаванні, згодна з якімі прадаўцы універмага 1-га і 2-га паверхаў больш падвержаны стрэсу, яны часцей аказваюцца гіпертонікамі, бо там больш народу, чым на 4-ым паверсе, дзе людзей меней. Ці іншы прыклад. Людзі ходзяць па музеях і за дзень жадаюць усё паглядзець. Тут пачынаецца сіндром Стэндаля (галаўны боль, павышаны ціск — перанасычэнне мастацтвам). Таму неабходна выбраць, што глядзець, не ўсё адразу. Стрэс — напружанне. Чалавек заўсёды “купаецца” ў стрэсе. Мы стрэс аб’ектыўна вызначаем на працягу 5 — 7 хвілін. Гэта важна таму, што моцны стрэс людзі купіруюць: адзін пачынае ў гэты час курыць, другі выпівае, трэці цягнецца да наркотыкаў, чацвёрты — лаецца. Гэта таксама разрадка. Ёсць і стрэсалімітуючыя рэчывы, якія ўтаймоўваюць яго. Імі мы зараз і займаемся. На вялікі жаль, урачы добра ведаюць тысячы прэпаратаў, але непасрэдна стрэсалімітуючыя — вельмі мала. Мой вялікі артыкул выходзіць у Маскве пра стрэсалімітуючыя сістэмы, якія дазваляюць павысіць устойлівасць да стрэсу, але гэта не алкаголь, не курэнне, якія самі па сабе пагаршаюць стан чалавека. Гэта не проста транквілізатары. На калійным камбінаце ў Салігорску стрэсалімітуючыя сістэмы сталі даваць шахцёрам, і стан іх палепшыўся. Гадзіну таму мне патэлефанавалі з Салігорска: генеральны дырэктар просіць, каб у другой палове кастрычніка я паехаў да іх, — будзем праводзіць вялікую праграму для папярэджвання артэрыяльнай гіпертаніі ў Рэспубліцы Беларусь…

***

Наша размова адбывалася на вуліцы Фабрыцыуса ў невялічкім кабінеціку акадэміка Сідарэнкі. Георгій Іванавіч спяшаўся: з хвіліны на хвіліну павінен быў прыехаць яго ўнук Саша, таксама доктар, які будзе суправаджаць яго ў Маскву, дзе чакаюць яго даклад на Кангрэсе Асацыяцыі кардыёлагаў СНД і буйнейшых кардыёлагаў Еўропы.
— Заўтра ў 11 гадзін я выступаю з дакладам “Як вызначаецца стрэс?” і буду старшынёй на Кангрэсе.
Кардыялогія Беларусі займае годнае месца ў Еўропе. Гэта немалаважная заслуга Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра кардыялогіі.
Я пытаюся ў Георгія Іванавіча, што ён можа пажадаць работнікам культуры ў сувязі з іх святам:
— Культурнае атачэнне змяншае стрэс. Гумар дапамагае здымаць стрэсы. З зацятай сур’ёзнасцю нельга зрабіць нічога новага. Усё новае пазнаецца з дапамогай простых разважанняў.
Зацятая сур’ёзнасць супрацьпаказана. У мяне ля ложка ў галавах — палічка, на якой некалькі гумарыстычных кніг. А пажадаць? Канешне, здароўя. І яшчэ дару афарызм: “Навука робіць з чалавека спецыяліста, а мастацтва робіць са спецыяліста чалавека”.

Юрый ІВАНОЎ
Фота аўтара