165-е вынаходніцтва не зарэгістравана
Гэта было ў 1938 годзе. Жора вучыўся ў шостым класе. Бацька, Іван Якаўлевіч, быў хімікам, ды не простым, а — вынаходлівым. Калі ён сядзеў за рабочым сталом, сын заўсёды круціўся побач. І, каб ён не замінаў, бацька даваў яму якія-небудзь заданні.
— Як зрабіць так, каб падводная лодка не патанула, калі ў яе трапіць снарад? Падумай над гэтым.
— Сапраўды, у падводнай лодцы — людзі. Калі снарад праб’е абшыўку, усе патонуць, — успамінае Георгій Іванавіч. — Мы жылі бедна, але кнігі заўсёды купляліся. Кніг у нас дома было шмат. Сярод іншых — Жуль Верн і яго раман “80 тысяч лье пад вадой”, які быў маёй настольнай кнігай. Думаў я думаў, і па дарозе ў школу мне цюкнула: а што, калі зрабіць падвойныя сценкі ў падводнай лодцы і паміж дзвюмя сценкамі пакласці гуму? Калі міна зробіць прабоіну, гума пад ціскам запоўніць утвораную адтуліну. Бацька ўважліва мяне выслухаў, пасміхнуўся і паляпаў мяне па плячы:
— Малайчына, сын. Цяпер і ты — вынаходнік!
Прайшло шмат гадоў. Я пра тое і забыў. А праз пэўны час, пасля вайны ўжо, даведаўся, што такое вынаходніцтва было запатэнтавана ў Японіі.
Вайна і музыка
У час Вялікай Айчыннай вайны ў 1944 годзе Георгій Іванавіч у баі за польскі горад Сувалкі быў паранены. Ён трапіў у ташкенцкі шпіталь. Як там апынуўся, не памятае, толькі адрывістыя ўспаміны засталіся — рукі медсястры, бінты і ціхі голас, што спяваў “Зямлянку”: “Вьётся в тесной печурке огонь...”.
А ў Ташкенце — жнівень, спёка. У шпіталі вокны расчынены насцеж. І раптам чуе салдат галасы: гэта праходзіць дацэнт са студэнтамі. Нехта пытаецца: а хто там, за шырмачкай?
— А, гэта паміраючы, вас гэта не датычыць.
Вокны расчынены, у двары на слупе вісіць рэпрадуктар, і перадаюць Першы канцэрт для фартэпіяна з аркестрам Чайкоўскага. Музыка рэхам напоўніла палату.
— Апамятаўся я і думаю: няўжо пад такую музыку можна паміраць? Не, дудкі, не паддамся! І з гэтага дняпайшло на папраўку, — Георгій Іванавіч пасміхнуўся. — У Сувалках мой медальён застаўся. А на помніку савецкім салдатам выбіты словы: Сідарэнка Георгій Іванавіч, 1315-ы стралковы полк. А ташкенцкі шпіталь я летась наведваў, калі быў на кангрэсе...
Музыка
— Калі я выкладаў студэнтам, на першай лекцыі ў мяне — Першы канцэрт Чайкоўскага для фартэпіяна з аркестрам. А завяршаў лекцыю Другім канцэртам Сяргея Рахманінава.
Музыка ў дынастыі Сідарэнкаў — сямейнае.
Зяць Мікалай Сяргеевіч Калядка — заслужаны дзеяч мастацтваў, дырыжор аркестра опернага тэатра. Ён каля 30 гадоў працуе ў тэатры. 30 балетаў, опер паставіў. Ездзіў у Тайланд, Кітай, Іспанію, Грэцыю з сімфанічным аркестрам.
Георгій Іванавіч не прапускае ніводнай прэм’еры. Опера, балет альбо канцэрт сімфанічнай музыкі — уся сям’я ў зале.
— Мікалай Сяргеевіч прыходзіць у госці і кажа: “Хочаце, я вам зараз падыму артэрыяльны ціск?” У яго дома — грандыёзная фанатэка, палову пакоя займае. І калі ён прыносіць штосьці надзвычай добрае, я слухаю. Гэта настолькі хвалюе, што ціск насамрэч пачынае павышацца. Але гэта не шкодна для здароўя: павышэнне ціску ад захаплення — не небяспечнае.
Музыка ўзнікла ў першабытных людзей, калі яны пачалі працаваць. Гэта быў рытм іх сумеснай працы. Потым — мелодыя. ХVІ — ХІХ стагоддзі — гармонія, потым — сімфонія. А цяпер першая скрыпка — ударнік. Ударнік — рытм. Гармонія знікла хутка. У рока няма гармоніі, галоўнае — рытм. Паспрабавалі гэтую музыку іграць у псіхбальніцы — дэбілы і шызафрэнікі нагамі адбіваюць рытм. Ад рока можна аглухнуць. Сімфанічная ж музыка павышае ціск захапленнем.
Энцыклапедысты
Георгій Іванавіч любіць разважаць на розныя тэмы. Яму падабаюцца людзі з шырокім дыяпазонам мыслення. Акадэміка Васіля Васільевіча Парына ён лічыць сваім духоўным бацькам. Падчас юбілею Парына выступіў з дакладам у Маскве “Васіль Васільевіч Парын вачамі вучня”.
— Некаторыя людзі лічаць, што час энцыклапедыстаў мінаваў. Не, ён не прайшоў. З Парыным мы маглі пагаварыць пра літаратуру, пра музыку, пра марскіх медуз — пра што заўгодна. Шырачэзная сфера інтарэсаў! Ён сам энцыклапедыст і любіў людзей гэткага ж плана. Я да яго прыходзіў па справе, а завяршалася наша размова ў яго дома. І заўсёды ён выходзіў, праводзіў мяне на лесвіцу. У мяне дома — цэлы стос яго лістоў, напісаных мікраскапічнымі літаркамі.
Георгій Іванавіч задумаўся і прадоўжыў:
— Я сябрую з Міхаілам Андрэевічам Савіцкім. Я прайшоў праз вайну, а ён — яшчэ і праз лагер. МіхаілАндрэевіч кажа: “Усё ў жыцці мінорнае”. Я яго разумею. Ён па памяці малюе. Тое, што ён бачыў у гады вайны, усё гэта ў памяці. Гэта яго абцяжарвае. Савіцкі — чалавек вельмі шырокага дыяпазону інтарэсаў. З ім можна пра Дастаеўскага пагаварыць, пра ўсё. Ён заўсёды на акадэмічных сходах у нашым медыцынскім аддзеле сядзіць. Слухаць яго цікава. Яго довады заўсёды пераканаўчыя і грунтоўныя. Яшчэ б — з такім жыццёвым досведам!
Радыёпрыёмнік ГІС
У Мінск Георгій Іванавіч прыехаў з бацькамі ў 1932 годзе. Да гэтага жылі ў Кіеве, а ў той час там быў жахлівы голад.
— Бацька сказаў, што ў Беларусі ёсць картошка, якую называюць бульбай. Узялі мы з сабой два чамаданы пажыткаў і прыехалі ў Мінск. Тут я паступіў у радыёклуб. Палярнік Папанін быў на Паўночным полюсе, і ў “Пионерской правде” было напісана: “Хто зробіць прыёмнік, пачуе голас з Паўночнага полюса”. Я пабег па магазінах, купіў дэталі і зрабіў дэтэктарны прыёмнік. Голас Папаніна я не пачуў, але станцыю нейкую злавіў. Я быў адзіным хлапчуком у радыёклубе, дзе вялікія, дарослыя дзядзькі сядзелі.
Калі я паступіў у медінстытут, на кафедры фізікі мяне як роднага сустракалі. Я там рабіў усялякія прыборы для выкладання, дапамагаў. І кандыдацкая, і доктарская дысертацыі былі мной зроблены з прымяненнем радыёпрыбораў.
Георгій Іванавіч паказвае гадзіннік, на цыферблаце якога — дысплей мікрааналізатара.
— Гэта не гадзіннік, гэта прыбор, які адзначае перабоі пульсу, а калі яны небяспечныя, падае сігнал. Ён спецыяльна зроблены для касманаўтаў. Гэта маё вынаходніцтва. Яго выпускаў наш завод “Інтэграл” 10 гадоў таму.
50 гадоў я выпісваў часопіс “Радио”. У мяне мноства прыёмнікаў было зроблена самастойна. Сваёй нявесце, будучай жонцы, я зрабіў і падарыў вялікі лямпавы прыёмнік з надпісам “ГІС — Георгій Іванавіч Сідарэнка”.
Стрэс
— Што больш за ўсё непакоіць нас? На першым месцы — стрэс. Стрэс — гэта псіхалагічная альбо інфармацыйная нагрузка. Праводзіліся даследаванні, згодна з якімі прадаўцы універмага 1-га і 2-га паверхаў больш падвержаны стрэсу, яны часцей аказваюцца гіпертонікамі, бо там больш народу, чым на 4-ым паверсе, дзе людзей меней. Ці іншы прыклад. Людзі ходзяць па музеях і за дзень жадаюць усё паглядзець. Тут пачынаецца сіндром Стэндаля (галаўны боль, павышаны ціск — перанасычэнне мастацтвам). Таму неабходна выбраць, што глядзець, не ўсё адразу. Стрэс — напружанне. Чалавек заўсёды “купаецца” ў стрэсе. Мы стрэс аб’ектыўна вызначаем на працягу 5 — 7 хвілін. Гэта важна таму, што моцны стрэс людзі купіруюць: адзін пачынае ў гэты час курыць, другі выпівае, трэці цягнецца да наркотыкаў, чацвёрты — лаецца. Гэта таксама разрадка. Ёсць і стрэсалімітуючыя рэчывы, якія ўтаймоўваюць яго. Імі мы зараз і займаемся. На вялікі жаль, урачы добра ведаюць тысячы прэпаратаў, але непасрэдна стрэсалімітуючыя — вельмі мала. Мой вялікі артыкул выходзіць у Маскве пра стрэсалімітуючыя сістэмы, якія дазваляюць павысіць устойлівасць да стрэсу, але гэта не алкаголь, не курэнне, якія самі па сабе пагаршаюць стан чалавека. Гэта не проста транквілізатары. На калійным камбінаце ў Салігорску стрэсалімітуючыя сістэмы сталі даваць шахцёрам, і стан іх палепшыўся. Гадзіну таму мне патэлефанавалі з Салігорска: генеральны дырэктар просіць, каб у другой палове кастрычніка я паехаў да іх, — будзем праводзіць вялікую праграму для папярэджвання артэрыяльнай гіпертаніі ў Рэспубліцы Беларусь…
***
Наша размова адбывалася на вуліцы Фабрыцыуса ў невялічкім кабінеціку акадэміка Сідарэнкі. Георгій Іванавіч спяшаўся: з хвіліны на хвіліну павінен быў прыехаць яго ўнук Саша, таксама доктар, які будзе суправаджаць яго ў Маскву, дзе чакаюць яго даклад на Кангрэсе Асацыяцыі кардыёлагаў СНД і буйнейшых кардыёлагаў Еўропы.
— Заўтра ў 11 гадзін я выступаю з дакладам “Як вызначаецца стрэс?” і буду старшынёй на Кангрэсе. Кардыялогія Беларусі займае годнае месца ў Еўропе. Гэта немалаважная заслуга Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра кардыялогіі.
Я пытаюся ў Георгія Іванавіча, што ён можа пажадаць работнікам культуры ў сувязі з іх святам:
— Культурнае атачэнне змяншае стрэс. Гумар дапамагае здымаць стрэсы. З зацятай сур’ёзнасцю нельга зрабіць нічога новага. Усё новае пазнаецца з дапамогай простых разважанняў. Зацятая сур’ёзнасць супрацьпаказана. У мяне ля ложка ў галавах — палічка, на якой некалькі гумарыстычных кніг. А пажадаць? Канешне, здароўя. І яшчэ дару афарызм: “Навука робіць з чалавека спецыяліста, а мастацтва робіць са спецыяліста чалавека”.
Юрый ІВАНОЎ
Фота аўтара