Шлях любові на Зямлі

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

На тэрыторыі Лідчыны, Навагрудчыны і Слонімшчыны размешчаны ўнікальныя дыяменты спадчыны беларускай зямлі. Сёння многія з іх з’яўляюцца праваслаўнымі храмамі. Разам з тым, на адзначанай тэрыторыі, аб’яднанай у 1992 годзе ў адну епархію, аднаўляюцца і знішчаныя ў розныя часы святыні. Неацэнная роля ў гэтым належыць архіепіскапу Гурыю.

/i/content/pi/cult/358/6816/2_1.jpegУ прыватнасці, намаганнямі архіепіскапа Гурыя адроджаны старажытны Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр у вёсцы Гнесічы Навагрудскага раёна. Пры гэтым, стала ўжо добрай традыцыяй штогод па блаславенні архіепіскапа ў Навагрудку праводзіць Свята-Елісееўскія адукацыйныя чытанні, прымеркаваныя да дня памяці заснавальніка старажытнага манастыра - прападобнага Елісея Лаўрышаўскага.

Неацэнная роля архіепіскапа - і ў адкрыцці ў вёсцы Вялікая Кракотка мужчынскага манастыра, стварэння ў Слоніме Свята-Дабравешчанскай жаночай абіцелі, пры якой дзейнічае Духоўнае вучылішча. Акрамя таго, штогод 24 мая па блаславенні архіепіскапа ў Навагрудскай епархіі праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя Дню славянскага пісьменства. Так, у яго рамках арганізуюцца выстаўкі рэдкай царкоўнай кнігі, праводзяцца духоўна-асветніцкія сустрэчы і гутаркі, Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні.

Пад кіраўніцтвам ахіепіскапа Навагрудскага вядзе работу па зборы імёнаў падзвіжнікаў камісія па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы. Вялікае значэнне Уладыка Гурый надае выяўленню асоб, якія пацярпелі ў XX стагоддзі ў гады ганенняў на Царкву. На думку архіепіскапа, сёння надзвычай вялікае значэнне для грамадства маюць подзвігі святых зямлі беларускай.

Па ініцыятыве Уладыкі пры прыходах епархіі былі ўтвораны праваслаўныя сястрынствы. Іх сёння - 54. Спрыяюць пашырэнню любові ды міласэрнасці і створаныя на тэрыторыі епархіі духоўна-асветніцкія цэнтры, у тым ліку ў мінулым годзе - у Ашмянскім і Карэліцкім раёнах.

Варта адзначыць, што істотную ролю ў справе выхавання новага пакалення адыграла актыўная пазіцыя архіепіскапа Гурыя. Так, з блаславення кіруючага архірэя ў епархіі быў створаны аддзел па справах моладзі. Разам з тым, на падставе заключанага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж дзяржавай і Праваслаўнай Царквой у рамках дзеючага заканадаўства пад кіраўніцтвам архіепіскапа Навагрудскага праводзіцца духоўна-асветніцкая праца ў дашкольных, сярэдніх і сярэднеспецыяльных навучальных установах, а таксама ў нядзельных школах пры прыходах епархіі.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"