За кошт чаго працуе механізм?, або Несалодкая “халва” “серадняка”

№ 52 (1023) 24.12.2011 - 06.01.2011 г

РАЗВАГІ ПА ВЫНІКАХ IV РЭСПУБЛІКАНСКАГА ФЕСТЫВАЛЮ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ДРАМАТУРГІІ. Задачы для сучаснага драматурга: нарасціць мышачную масу і разабраць тэлефон Хатабыча

/i/content/pi/cult/356/6805/pic_11.jpgТэатральна-фестывальны год краіны, надзвычай насычаны сёлетняй восенню, завяршыў на мінулым тыдні IV Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча, які з 14 па 18 снежня прайшоў у Бабруйску. Цягам пяці дзён айчынныя калектывы прадстаўлялі панараму пастановак паводле сучасных і класічных беларускіх п'ес, чым у чарговы раз актывізавалі амаль што "спрадвечнае" пытанне аб актуальным стане айчыннай драматургіі. Адной з адметнасцей сёлетняга фестывалю сталася тое, што ён не пайшоў шляхам тэатральнага "месіянерства", запрашаючы да ўдзелу адно толькі вядучыя калектывы краіны з тытулаванымі і прызнанымі пастаноўкамі. Наадварот, у Бабруйск з'ехаліся пастаноўкі з самых розных тэатраў краіны, у тым ліку з тых, якія на буйных айчынных фестывалях - не вельмі частыя госці (Мінскі абласны драматычны тэатр з Маладзечна, Палескі драматычны тэатр з Пінска, Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр і г. д.). І апошні факт даў багатую глебу, каб асэнсаваць не "вяршкі" таго, што мы называем сёння сучаснымі пастаноўкамі паводле беларускай драматургіі, а ўбачыць зрэз тэатральных інтарэсаў і, адпаведна, сцэнічнага прадукту, які сёння характэрны для, так бы мовіць, будзённага працэсу работы з айчынным літаратурным матэрыялам. Згодна з афіцыйнымі лічбамі, агучанымі пад час адкрыцця фестывалю міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Паўлам Латушкам, сёння кожная трэцяя пастаноўка айчынных тэатраў грунтуецца менавіта на нацыянальным драматургічным матэрыяле. Чаму ж, нягледзячы на гэткія статыстычныя даныя, "саладзей" ад сучаснай тэатральнай "халвы" ўсё яшчэ не становіцца? Адказ на гэтае пытанне і здольны даць не разгляд найвышэйшых дасягненняў сталічных калектываў, а толькі сістэмны аналіз усяго тэатральнага "серадняка". 

 

У пошуках тэмы  

Літаральна напярэдадні ад'езду на фестываль атрымала па Інтэрнэце ліст ад рэжысёра аднаго з абласных тэатраў, які пытаўся, ці не траплялася мне апошнім часам цікавая п'еса каго-небудзь з нашых сучасных драматургаў: "Беларуская пра беларусаў, а не калька з рускай, не пародыя на польскую, і не недарэчнасць "а-ля нямецкая". Так сталася, што менавіта гэтая задача незаўважна "запраграмавала" маё ўспрыняцце ўсіх спектакляў, прадстаўленых у конкурснай афішы. Аказалася цікавым прааналізаваць, пра што ж сучасныя драматургі вуснамі тэатраў намагаюцца размаўляць з гледачамі. Тэматычна аніякіх загадак і неспадзяванак фестывальныя спектаклі не выявілі. Прынамсі, дыяпазон іх быў даволі звыклы. Значны блок - спектаклі, што вяртаюць нас у мінулае, часцей - прыдумана-міфічнае, нават калі і маюцца рэальныя прататыпы герояў. У гэтай кампаніі - "Магічнае люстра пана Твардоўскага" С.Кавалёва Гродзенскага абласнога тэатра лялек, "Не пакідай мяне..." А.Дударава Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, "Страцімлебедзь" Ю.Сохара Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча, "Свінтус грандыёзус, або Хто смяецца апошнім" Кандрата Крапівы Мінскага абласнога драматычнага тэатра, "Прывітанне, Альберт!" Ю.Сохара Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, "Кавалер Руж" А.Курэйчыка Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра і "Сёстры Псіхеі" С.Кавалёва Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Сем з дзесяці пастановак! Тры з гэтых спектакляў - гродзенскі, віцебскі і бабруйскі - апелявалі да рэальных гістарычных асоб: Барбары Радзівіл з Жыгімонтам, Максіма Багдановіча ды Альберта Эйнштэйна, ствараючы для сваіх персанажаў "жывы" шлейф іх успрыняцця, спрабуючы патлумачыць нам, гледачам, нешараговасць іх не толькі з пазіцый агульнай палітычнай, навуковай альбо мастацкай гісторыі, але і з пункта гладжання на іх як на звычайных людзей са сваімі перажываннямі і жарсцямі, жаданнямі і пакутамі, радасцямі і расчараваннямі. Яшчэ дзве пастаноўкі - магілёўская і мінская - звярнуліся да "перапеваў" ужо існуючых сюжэтаў: твора Гофмансталя ды старажытнагрэчаскага міфа адпаведна. Сваёй задачай драматургі, а разам з імі - і тэатры, паставілі асучасніванне старых гісторый ды погляд на іх з пазіцый сённяшніх каштоўнасцей і праблем. І ў гэтым плане жанравая гульня ў тэатральную гульню, якую прадэманстраваў "Кавалер руж" у пастаноўцы Валянціны Ераньковай, і зонгавая актуалізацыя, за кошт чаго абвастраецца канфлікт у спектаклі "Сёстры Псіхеі" рэжысёра Сяргея Кавальчыка, ідуць адным шляхам. Я ўжо не кажу пра пастаноўку маладзечанцаў "Свінтус грандыёзус" паводле знакамітай п'есы Кандрата Крапівы, якая, нягледзячы на прыналежнасць самога класіка да мінулага стагоддзя, усё ж не так сацыяльна і тэматычна аддаленая ад нашых дзён. Аднак і тут рэжысёр Уладзімір Савіцкі наўмысна "старыць" драматургічны матэрыял, змяшчаючы сцэнічнае дзеянне ў прастору... палеанталагічнага музея, так што самі персанажы з'яўляюцца ажылымі экспанатамі. З гэтай "гістарычнай" кагорты выбіваецца спектакль "Некамедыя" У.Рудава Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра, пастаўлены Юрыем Вутам. Аднак і тут вядомая драматургічная першакрыніца, якая апелюе спрадвечнымі персанажамі - тыпамі традыцыйнай народнай культуры, нават за кошт інтэнсіўнага гукарада, збудаванага з мноства адсылак, да ўзораў сучаснай эстраднай маскультуры, не ператвараецца ў размову пра чалавека сучаснага.

Бадай, толькі дзве з фестывальных пастановак свядома звяртаюцца да спробы зразумець псіхалогію нашых сучаснікаў: гэта "Кветкі правінцыі" Г.Марчука Палескага драматычнага тэатра з Пінска і "Эцюды кахання" А.Паповай Смаленскага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя А.Грыбаедава. Тым больш цікавая гэтая дуэль, што з мастацкіх пазіцый гэтыя пастаноўкі займаюць, без перабольшвання, супрацьлеглыя палюсы тэатральнай палітры.

Нават нягледзячы на жорсткі рэжысёрскі каркас, зададзены пастаноўшчыкам Віталём Баркоўскім як "эцюдны", спектакль смаленскага тэатра ўсё ж можна назваць сучасным - найперш паводле тых перажыванняў, сітуацый і "жыццёвых пасьянсаў", у якіх існуюць героі спектакля. І гэта відавочная заслуга драматургіі Алены Паповай, што аналізуе звыклыя для сённяшняга часу схемы ўзаемаадносін у сям'і, паміж мужчынамі і жанчынамі, але не захапляецца імі "самімі ў сабе", а выяўляе тыя надчасавыя перажыванні і душэўныя памкненні, якія ўзнікаюць у душах персанажаў і агаляюць іх цалкавітую "нямоднасць", негатоўнасць эмацыйнага свету людзей змяняцца гэтак жа хутка, як сацыяльная мода. Канфлікт паміж сённяшнімі схемамі міжчалавечых узаемаадносін і эмацыйнымі патрэбамі кожнага паасобку - вось тое поле дзейнасці, якое сталася ў новым тысячагоддзі надзвычай актуальным і якое, няхай сабе эцюдна, апрацоўвае Віталь Баркоўскі.

На гэтым фоне спектакль "Кветкі правінцыі" калектыву з Пінска выглядае як наіўная спроба пераканаць нас у рэальнасці прыдуманай аўтарам Георгіем Марчуком ідэалістычнапастаральнай карціны беларускага мястэчка пачатку 1990-х. Здаецца, што аўтар прапануе нам чарговую частку свайго драматургічнага "серыяла", натхняемага знакамітым савецкім фільмам "Каханне і галубы". Рэжысёр Вітаўтас Грыгалюнас яшчэ больш відавочна ўзмацняе ўсю меладраматычна-серыяльную структуру п'есы, з-за чаго спектакль ператвараецца ў паслядоўнасць фантазійна-пастаральных сцэн, прысвечаных абстрактна-маралістычным пытанням. Так што адзінае, за чым насамрэч хочацца сачыць у гэтым спектаклі, - гэта ігра пінскіх акцёраў, якія, нягледзячы на жорстка зададзены "курс пазнавальнасці сваіх герояў", знаходзяць магчымасці рабіць гэта шчыра, не тапорна, з відавочнай асалодай ад партнёрскіх узаемаадносін на сцэне.

 

Дзе хаваецца сучаснасць?

Даўнішняя дыскусія адносна таго, якую ж п'есу можна прылічваць да сучаснай і ці ўплывае на гэта біялагічны ўзрост самога драматурга, відавочна патрабуе дакладнага вызначэння з тэрмінамі. Сучасная, новая, актуальная (азначэнне выбірайце на ўласны густ) п'еса - гэта такая п'еса, якая прапануе новы, якасна і сутнасна іншы спосаб тэатральнага асваення рэчаіснасці. Не форму, здзіўляючую сваёй радыкальнасцю і нечаканасцю, і не тэму, што мусіць уразіць гледача нешараговасцю, а менавіта - спосаб. І гэта цалкам тлумачыць нам, чаму ў роўнай ступені складана лічыць сучаснымі п'есы Аляксея Дударава, Георгія Марчука альбо Андрэя Курэйчыка і, як правіла, пастаноўкі паводле іх: незалежна ад тэматычных і жанравых інтарэсаў, кожны з гэтых аўтараў па меры ўласнага таленту ўсяго толькі працягвае манеру "ўзаемаадносінаў" з рэальнасцю, якая замацавалася і нават зацэментавалася яшчэ ў мінулым стагоддзі. Адмысловы спосаб выкладання гісторый, тэатральнае маляванне "распісных карцін", пры якіх асноўнай функцыяй рэжысёра апрыёры вызначаецца гэтае самае расквечванне-расфарбоўванне аўтарскага тэксту. Безумоўна, такая драматургія, якую адны называюць старамоднай, а другія - традыцыйнай, заўсёды будзе мець свой сегмент тэатральнай аўдыторыі, збіраючы залы і шчырых прыхільнікаў менавіта такога, "расповеднага" тэатра. Аднак праблема паўстае тады, калі, акрамя яе, нічога іншага глядач не атрымлівае. І гэта ўжо не столькі "бяда" драматургаў, колькі - "віна" рэжысёраў, якія не трацяць сілы на пошукі і адкрыццё новых імён, а ідуць старым, дзесяцігоддзямі пратаптаным, шляхам. І разлічваюць, што даўно знаёмы "прадукт" цалкам здольны задаволіць усе эстэтычныя патрэбы сучаснага гледача. Маўляў, узяць тое, што ляжыць на паверхні, нашмат прасцей і бяспечней, чым ісці на эксперымент і, адпаведна, рызыкаваць.

А што ж супраць гэтага могуць прапанаваць нам навамодныя аўтары, якія называюць сябе сучаснымі драматургамі? Што яны пакладуць на шалю вагаў, супрацьлеглую традыцыям старога псіхалагічнага тэатра? Не зважаючы на такі скептыцызм, дыялектычны закон пераходу колькасці ў якасць не перастае працаваць, і, хоць, у параўнанні з Расіяй, больш марудна, на беларускай драматургічнай прасторы таксама з'яўляюцца маладыя аўтары, якім ёсць што прапанаваць сучаснаму тэатру - таму, што гатовы разам з імі шукаць гэтыя самыя актуальныя спосабы асэнсавання навакольнага свету і сябе ў ім. І хаця ніводзін з рэпертуарных тэатраў у нашай краіне не змог пакуль пахваліцца пастаноўкай падобнага твора (прычын - цэлы стос, але ж гэта тэма асобнага артыкула), прыемна адзначыць, што ў рамках чытак, арганізаваных пад час фестывалю, нагода для такой размовы надарылася. І зусім не тэарэтычная.

Імя Дзмітрыя Багаслаўскага з'явілася ў прасторы сучаснага тэатра не сёння. Выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці "Рэжысура тэатра і кіно", акцёр Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Беларусі паводле месца працы, ён распачаў свае драматургічныя спробы яшчэ ў сценах ВНУ. Шмат прымаў удзел у лабараторных паказах. І, не зважаючы на крытычныя заўвагі аб наіўнасці і няўцямнасці аўтарскага мыслення, малафарматнасці твораў і іх непрыдатнасці для пастаноўкі на прафесійнай сцэне, не спыняўся і не стамляўся шукаць адказы на тыя пытанні, якія сам жа ставіў перад сабой. Вынікам гэтай упартасці ў справе авалодвання драматургічнай прафесіяй, стаў удзел і адзнакі шэрагу міжнародных драматургічных форумаў, сярод якіх - шорт-лісты "Прэм'еры.txt" і "Еўразіі", перамога на сёлетняй "Любімаўцы". У рамках Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі сіламі Цэнтра беларускай драматургіі была прачытана яго аднаактоўка "А калі заўтра няма?".

Не заглыбляючыся ў пераказ сюжэтных падрабязнасцей, варта сказаць, што чытка прадэманстравала ўменне аўтара злучаць прастату сцэнічнага аповеду з тонкай выбудоўкай развіцця псіхалагічнага партрэта галоўнага героя без нагрувашчвання тэатральных прыёмаў. Ён не маскіруе ўласную думку, не саромеецца яе, расквечваючы дадатковымі "прыкметамі" філасофскага тэатру, а выказвае наўпрост і без заігрывання з гледачамі. І гэта дарагога вартае.

Бадай, адна з самых распаўсюджаных крытычных заўваг на адрас аўтараў-пачаткоўцаў заключаецца ў тым, што, пры ўсёй знешняй пазнавальнасці сітуацый, персанажаў, дыялогаў, назваць іх тэксты драматургіяй нельга. У пешую чаргу з-за таго, што самі героі, іх характары падаюцца, бы зацэментаваныя злепкі, і зусім не развіваюцца. Ды "А калі заўтра няма?" Дзмітрыя Багаслаўскага прадэманстравала, наколькі па-іншаму будуецца сама сцэнічная гісторыя і наша ўспрыняцце яе, калі драматург разумее і рэалізуе гэтую важную акалічнасць, праводзячы свайго героя праз шэраг сітуацыйных думак-разважанняў, і фарміруе яго характар. Гэта дае нам поўнае права вывесці гэты твор Багаслаўскага з шэрагаў "тэкстаў" і па праве назваць драматургіяй - новай, цікавай, якаснай.

 

Тэлефон Хатабыча...

Той, хто сёння паскардзіцца на адсутнасць ахвотных пісаць тэксты па ролях і называць сябе драматургамі, будзе апошнім песімістам. Нават нягледзячы на тое, што драматургія ў нашай краіне не з'яўляецца прафесіяй, а ўсяго толькі відам занятку, шэрагі тых, хто спрабуе апрацоўваць гэтую дзялянку, не радзеюць. Дзе ж п'есы, запытаеце вы?

 Існуюць дзве распаўсюджаныя "легенды", якія ўсплываюць адразу ж, калі з'яўляецца патрэба адказаць на абазначанае вышэй пытанне. Першая з іх - пра тое, што сапраўдныя драматургі нараджаюцца раз на сто гадоў, што працэс гэты нельга арганізаваць спецыяльна, і што наша задача - чакаць, калі ж з'явіцца новая "зорка". Другая, быццам своеасаблівае рэха, распавядае пра тое, што маладых таленавітых драматургаў патрэбна шукаць, ідучы "ў народ", стымулюючы да творчых праяў тых, у каго, на думку экспертаў, гэтыя патэнцыйныя магчымасці маюцца, і чакаць, калі іх прыродныя крыніцы раскрыюцца і "зафантануюць".

 І адна з гэтых думак, і другая, пры ўсёй сваёй лагічнасці, аднак, не з'яўляюцца да канца праўдзівымі. Бо творчы патэнцыял сам па сабе - нішто, калі ён не выліваецца ў канкрэтныя работы, а практыка "чакання Месіі" прыдатная хіба што для тых гультаёў, якія не жадаюць бачыць відавочнай ісціны: драматургіі, як і любой іншай вузкапрофільнай дзейнасці, неабходна вучыцца, пераймаючы не толькі творчыя амбіцыі, а ў першую чаргу - канкрэтныя тэхналагічныя навыкі, усю ўнутраную "механіку".

Сучасныя ж драматургічныя творы ў асноўнай масе сваёй надзвычай нагадваюць тэлефон Хатабыча, які ён у парыве цёплых пачуццяў падарыў свайму сябру Вольку. Прыгожы, зроблены з каштоўнага мармуру, знешне абсалютна ідэнтычны ўбачанаму, ён пры гэтым не працаваў, бо, пераймаючы форму, Хатабыч нават не пацікавіўся, што ж там унутры і за кошт чаго гэты апарат працуе. А сёння, у эпоху культу шоу-бізнесу і шматлікіх рэаліці-шоу, дзе прапаноўваецца за кароткі час засвоіць нюансы катання на каньках, кулінарнага майстэрства, вакалу і г. д., удвая важна нагадваць, што такі складаны "механізм", як п'еса, можа запрацаваць толькі тады, калі аўтар ведае, якія вінцікі ды спружынкі павінны быць унутры і якім чынам іх варта адно з адным счапляць, а не паддавацца на знешнюю паспяховасць, што цалкам дасягаецца простай пазнавальнасцю.

У гэтай сувязі да сваёй першапачатковай функцыі - "лакмусавай паперкі" - вяртаецца такі пашыраны ў апошнія дзесяцігоддзі від тэатральнай дзейнасці, як чыткі. Хаця сёння яго ўжо ўспрымаюць як асобную форму прэзентацыі драматургічных твораў, менш затратную ў параўнанні з традыцыйнымі рэпертуарнымі пастаноўкамі, зыходнай усё ж была задача лабараторнай работы з аўтарамі. Магчымасцю "адарваць" п'есу і яе персанажаў ад ліста паперы і, змясціўшы іх у трохвымерную тэатральную прастору, праверыць тыя або іншыя свае здагадкі і пошукі, убачыць хібы ды слабыя месцы, урэшце, зразумець нюансы тэатральнай прафесіі, якія і ператвараюць тэкст па ролях у драматургічны твор.

 

...і метады аўтэнтыкі

Тое, што Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі паступова пачынае ўкараняць у сваёй дзейнасці лабараторную работу, факт, які не можа не радаваць. Першыя крокі, якія былі зроблены сёлета ў гэтым кірунку ў выглядзе арганізацыі чытак, безумоўна, яшчэ кволыя. Аднак скіраваныя ў напрамку, важным для разумення развіцця нацыянальнай тэатральнай культуры, дзве "вагавыя катэгорыі" творчых груп, што ладзілі чыткі - акцёры Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча і акцёрска-рэжысёрская група Цэнтра беларускай драматургіі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, - прадэманстравалі, наколькі рознай можа быць гэтая работа. Калі бабруйчане, маючы на падрыхтоўчы перыяд літаральна па некалькі сустрэч, зрабілі стаўку на акцёрскае расквечванне - падачу драматургічнага тэксту, то мінскія акцёры больш працавалі з сэнсамі, выбудоўваннем узаемаадносін. Яно і не дзіва: РТБД з яго практыкай чытак - бадай, адзінае месца, дзе гэтая работа праводзіцца рэгулярна і сістэмна (выключэннем можна назваць яшчэ і апошні сезон у Магілёўскім абласным драматычным тэатры, дзе з прыходам галоўнага рэжысёра Кацярыны Аверкавай таксама былі распачаты чыткі сучасных п'ес). На жаль, работа, якая тут праводзіцца, далёка не заўсёды даходзіць да сваіх патэнцыяльных спажыўцоў. І, нягледзячы на поўныя залы прыхільнікаў чытак, маса тэатральных практыкаў вельмі мала ведае пра тое, што ж адбываецца ў сценах Цэнтра.

Як змяніць падобную сітуацыю? Тэатральныя крытыкі і дырэктары тэатраў пад час фестывальных размоў-абмеркаванняў выказалі шэраг слушных думак, якія цалкам магчыма ўзяць на ўзбраенне. Першая з іх- практыка замацавання і паўтарэння чытак з працай на розныя аўдыторыі. Прыкладам, праграма знаёмства з новымі п'есамі нашых аўтараў магла б пад эгідай Цэнтра зладзіць "гастролі" па абласных тэатрах, дзе, як вядома, існуе пэўнае кола зацікаўленых людзей, якія часта не маюць рэальнага кантакту з айчыннымі тэатральнымі навінкамі. І тут метад работы фалькларыстаў, якія лічаць, што сапраўдны кантакт і жывая перае м н а с ц ь магчымыя толькі з нагі на нагу, з вуснаў у вусны, прыйдзецца як мага дарэчы. Найперш таму, што факт наяўнасці таго або іншага драматургічнага матэрыялу, а ўслед - уласнага погляду на яго, пэўных пытанняў, а можа, і сумненняў, што ўзнікаюць у сувязі з гэтым, пры непасрэдным кантакце мае магчымасць прадоўжыцца дыялогам, зацікаўленымі кантактамі. А значыць, не стаць адно толькі "птушачкай" у чарговай справаздачы, а- фактам жывога тэатральнага працэсу.

Тэма неабходнасці стварэння бесперабойна працуючага "транспартнага калідора" для новых п'ес паміж РТБД і тэатрамі як патэнцыйнымі спажыўцамі, якую рэгулярна ўзнімае кіраўнік Цэнтра Аляксандр Марчанка, не страціла сваёй актуальнасці і гэтым разам. Працэнтныя суадносіны тэатральных крытыкаў і практыкаў у зале пад час чытак, калі першыя складалі да 90 працэнтаў аўдыторыі, а другіх можна было палічыць на пальцах адной рукі, наводзілі на думку пра тое, што і відавочныя рэчы далёка не заўсёды яшчэ відавочныя для айчынных творцаў. І шкада было, што з дыскам, які Цэнтр падрыхтаваў адмыслова для папулярызацыі айчынных аўтараў і на якім сабраны самыя цікавыя п'есы сучасных беларускіх драматургаў, зноў жа, трапіў толькі да тэатрэтыкаў тэатра ды крытыкаў, а практыкі, асабліва з рэгіёнаў, так і не змаглі пазнаёміцца з гэтымі матэрыяламі.

 

Усё сваё нясу з сабой

Шмат гаварылася пад час фестывалю пра тое, што ён мусіць быць не толькі "зернятокам" на ніве беларускай драматургіі і тэатра, але ж і свайго кшталту "цяпліцай", дзе аўтары будуць сагрэты, прывечаны, надзелены ўвагай і павагай. Дзеля таго, каб гэтая ўвага яшчэ раз пацвердзіла важнасць развіцця менавіта айчыннай, нацыянальнай тэатральнай прапановы.

Але ж відавочна і тое, што драматургі не могуць быць адно толькі "каралямі" на гэтым "свяце жыцця", а зусім наадварот: сваёй няўрымслівасцю яны мусяць даваць "паскарэнне" і тэатральным рэжысёрам. У сувязі з такой расстаноўкай цалкам лагічна было б, каб аўтары прыязджалі ў Бабруйск не проста "пафестываліць", а - са сваімі новымі творамі, прэм'ера якіх і адбывалася б на фестывальнай сцэне ў фармаце чытак.

Няблага было б прадумаць і практыку арганізацыі творчых сустрэч гледачоў з драматургамі, што маглі б ладзіцца адразу пасля прагляду спектакля паводле іх твораў. Пагадзіцеся, для шараговага гледача жывы і непасрэдны кантакт з драматургам, творцам часам становіцца больш моцным "папулярызатарам", чым шматлікія падручнікі і хрэстаматыі. І гэта асабліва актуальна для падлеткавай і маладзёжнай аўдыторыі - тых, чые культурныя густы, інтарэсы і запыты знаходзяцца ў стадыі фарміравання.

 

■■■

Наўрад ці варта ў чарговы раз паўтарацца пра тое, што Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі, згодна з тымі задачамі, якія ён перад сабой ставіць, мусіць быць ці не адным з найважнейшых тэатральных форумаў у краіне. Іншая справа, што нельга спадзявацца, быццам нават самыя сістэмныя і масіраваныя тыднёвыя "мерапрыемствы", якія будуць ладзіцца раз на два гады, здольныя карэнным чынам змяніць сітуацыю ў гэтай галіне. Бо тут, як і ў спорце, "мышачная маса" нарастае толькі тады, калі мае для гэтага рэгулярную працу і адпаведную нагрузку.