Кулуары і оперны... "sale"?

№ 52 (1023) 24.12.2011 - 06.01.2011 г

ФОРУМаванне: мы, яны і сцэнічнае дзіва

/i/content/pi/cult/356/6804/pic_10.jpg

Другі Мінскі міжнародны Калядны оперны форум завершаны. Яго статыстыка - гэта тры нашы спектаклі з удзелам запрошаных выканаўцаў, адзін "гасцявы" і фінальны гала-канцэрт. 15 краін, сярод якіх ёсць нават далёкая Аўстралія. Безліч эпітэтаў з вуснаў арганізатараў, але... Ці спраўдзіліся чаканні? 

 

Трыумфуйце!

Летась удзел запрошаных салістаў часам псаваў нашы спектаклі, у многіх выпадках даказваючы: нашы салісты- лепей. Сёлета становішча было выпраўлена: да нас прыехалі вельмі добрыя вакалісты, а Джанлука Марчыяна ў "Севільскім цырульніку" быў не толькі "замежным госцем", але і дырыжорампастаноўшчыкам.

Спектаклі сапраўды выглядалі пановаму, ды найперш з іншай прычыны. У "Севільскім цырульніку" ігра артыстаў стала яшчэ больш адточанай, дасканалай і адначасова нязмушанай, а звонку і ўвогуле вольна-імправізацыйнай. Дадаліся і новыя дэталі. "Старэнькі" Доктар Бартала пачаў скакаць, задзіраючы ногі вышэй галавы, а потым і ўвогуле сеў на шпагат - каронны нумар Дзмітрыя Капілава, які выступіў у гэтай партыі.

Працягнулася і яшчэ большае ўзбагачэнне відовішчнага складніка "Аіды". А Алег Мельнікаў у партыі Рамфіса канчаткова расставіў пастановачныя акцэнты: цяперашні спектакль Міхаіла Панджавідзэ - не пра каханне, а пра барацьбу за ўладу, дзе каханню няма месца. Госці спявалі добра. Але невыпадкова адна з запрошаных тэатрам маскоўскіх крытыкаў запытала: маўляў, навошта вам "чужая" Амнэрыс, калі ёсць свая - Аксана Волкава? Тое ж можна было сказаць і пра іншых: нашы лепшыя спевакі не толькі ні ў чым не саступалі запрошаным, але і пераўзыходзілі іх разуменнем рэжысёрскай задачы, псіхалагічным "апраўданнем" тых або іншых паводзін сваіх герояў.

Асабліва відавочна гэта стала на "Снягурцы". Венера Гімадзіева - прадстаўніца санкт-пецярбургскай школы і ўзыходзячая зорка Вялікага тэатра Расіі- была папраўдзе ідэальнай Снягуркай: голас, постаць, вобраз адпавядалі на ўсе сто. Але ўвесь час згадвалася наша Таццяна Гаўрылава: спявае яна - не горш, але яе гераіня атрымліваецца не традыцыйнай загадкава-"казачнай" дзяўчынкай, а ўвасабленнем неардынарнай творчай асобы, якая існуе быццам дзесьці ў "паралельным вымярэнні", у створаным самой сабой свеце. А з-за гэтага і ўся опера набывае дадатковы філасофскі сэнс замест простага "прыходу вясны".

Увогуле, калі раней у гэтай оперы ўвага звярталася, найперш, на новае прачытанне, дык з цягам часу больш відавочнай стала ўдала знойдзеная гармонія паміж новым і да болю традыцыйным. У той жа сцэнаграфіі- не толькі тактоўнае, ненадакучлівае, выкарыстанне магчымасцей сцэны, але і працяг найлепшых напрацовак папраўдзе "залатых" для тэатра 1970 - 80-х. Дый сама опера аказалася нябачна звязана з далейшымі, а не адно з ранейшымі гістарычнымі пластамі. Цар Берандзей, калі яго партыю выканаў запрошаны расійскі саліст Яўген Акімаў, стаў успрымацца гэткім "партыйным кіраўніком" савецкіх часоў. А ў фінале оперы пачало праглядацца аратарыяльнае слаўленне, якім завяршаліся ўрадавыя канцэрты ўсё тых жа савецкіх дзесяцігоддзяў.

Яшчэ больш маляўнічым стала аркестравае гучанне партытуры РымскагаКорсакава. Дырыжор Віктар Пласкіна знайшоў у ёй прадчуванне імпрэсіянізму і каларыстыкі ХХ стагоддзя. А вось сцэна трыумфа з "Аіды" падалася больш велічнай у фінале заключнага гала-канцэрта, калі за пультам стаяў Вячаслаў Воліч. І гэта невыпадкова: менавіта ён у свой час выступаў дырыжорам-пастаноўшчыкам спектакля. Дый нашы салісты ў гала-канцэрце выступілі- супер! Гонар браў за ўсіх без выключэння. І за наш цудоўны хор, асабліва ў параўнанні з маскоўскім калектывам тэатра Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі.

 

Па-за вітрынай

Самае, бадай, цікавае на айчынных оперных форумах - гэта не толькі ўдзел сусветных зорак у нашых пастаноўках, але і прыезд тэатральных труп са сваімі спектаклямі. Летась гасцявых спектакляў было два, сёлета - адзін. Прычым зноў "Травіята": гэтае суперпапулярнае опернае найменне і ў нашым рэпертуары маецца, і летась на такім жа форуме было - у пастаноўцы Латвійскай Нацыянальнай оперы і, як і сёлета, у суправаджэнні аркестра нашага тэатра. Здавалася б, што тут можна знайсці новага? Але сёлетні спектакль Маскоўскага акадэмічнага музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі быў азораны імёнамі дырыжора Фелікса Корабава, рэжысёра Аляксандра Тытэля, мастака Уладзіміра Арэф'ева, салісткі Хіблы Герзамавай, таму здзівіў не менш, чым магла б здзівіць якая-небудзь сусветная прэм'ера. Бо аказаўся не пра няшчаснае каханне і нават зусім не пра шык ды бляск заможнай эліты, а пра... адзіноту і прагу душэўнай утульнасці, недасягальную толькі праз знешні камфорт. Пра невырашальны канфлікт паміж "з'яўляцца" і "ўяўляцца". Пра жыццё "на вітрыне" і без яе.

"Падказак" гэтай тэмы ў пастаноўцы - шмат. Гэта надпісы "sale!" - "распрадажа!", - якія здзіраюць прыбіральшчыкі напрыканцы ўверцюры і якія зноў з'яўляюцца ў апошняй дзеі. Кантраст прэтэнцыёзна-танных убораў гасцей на абодвух баляваннях і строяў "сферы абслугоўвання" - стыльных, з іголачкі. Вялізныя клубкі - сімвал хатняга цяпла, якія аказваюцца надта хісткімі ў якасці крэслаў: паспрабуй утрымацца. Сцэнаграфія ў выглядзе халодна-"парфумерных" кубаў-"акварыумаў", унутры якіх лётаюць узнятыя вентылятарам шматкі - бы "начныя матылькі", як называюць жанчын лёгкіх паводзін; трапяткія душэўныя парывы; мільганне часу і сімвал расфарбаванай мітусні; немагчымасць пакінуць "празрыстую", але акрэсленую нябачнымі межамі прастору; звычка раскідацца грашыма; снежная завея, якая асацыіруецца са святочным карнавалам і адначасова з канцом жыццёвага шляху... Пры такім шматсэнсавым мінімалізме ўся ўвага накіроўвалася на музыку. І не толькі на цудоўных салістаў і асабліва на Хіблу, якая зрабіла Віялету наўмысна непрыгожай, але надзвычай харызматычнай, зусім іначай праспяваўшы ўсе вердзіеўскія "хіты". Спектакль цалкам разбурыў міф пра аркестр гэтай оперы як пра "вялікую гітару": дырыжор знайшоў у ім сапраўдную тэмбравую драматургію. Знаёмыя мелодыі загучалі- непазнавальна!

Калі ж пасля спектакля я вырашыла пацікавіцца, што пісалі пра яго прэм'еру ў расійскай прэсе, дык знайшла хіба падрабязныя апісанні знешніх эфектаў: дызайн, стрыптыз, кашлянне хворай Віялеты. Вядома, усё са знакам "мінус": хвосткая безапеляцыйнасць там даўно ўжо "норма жыцця". У нас жа такое "размазванне па сценцы" звычайна адрасавана самім крытыкам, ледзь толькі яны замала, на думку нашых творцаў, іх ухваляць. Закон раўнавагі!

 

Без "круглага стала", ды з вострымі вугламі

Сёлетні форум, дарэчы, абышоўся без "круглага стала" і хаця б якога падсумавання сваіх здабыткаў. А іх было шмат. Дык чаму ж навучыў нас гэты фестывальны вопыт?

Яшчэ больш, чым летась, ён вымусіў разважаць пра ролю дырыжора не проста як "кіроўцы", які адказвае за хуткасць і зладжанасць руху, а менавіта як пастаноўшчыка, які шукае схаваныя ў партытуры сэнсы. Гэта тое, чаго так часта бракуе нашай дырыжорскай школе: умення вывесці на першы план быццам бы "другасную" аркестравую лінію, якая раптам (і гэта самае галоўнае!) аказваецца носьбітам важнай думкі. Падкрэслю: проста ўзмацніць адзін з падгалоскаў - не праблема. А вось каб убачыць у ім новы сэнс - патрабуецца майстэрства. Таму на некаторых спектаклях здавалася, што аркестр падмянілі. Насамрэч, змяніўся толькі дырыжор.

Няблага было б задумацца і пра асаблівасці сцэнаграфіі, якія другі год запар дэманструюць нам гасцявыя тэатры. Пры ўсёй розніцы сваіх мастацкіх памкненняў, яны спачатку "будуюць" на сцэне гэткую "скрыню", дзе толькі адзін бок незачынены - той, што глядзіць на публіку. Адпаведна, гук ідзе ў залу, не хаваючыся ў кішэнях сцэны, і спевакам не даводзіцца яго фарсіраваць, пераходзячы на крык. Чаму б і нам не пераняць такі прыём? Ён значна паляпшае акустыку.

Што ж да прыёму гасцей, дык іх фестывальны графік мог бы быць і больш насычаным. Добра, што форум спалучаецца са своеасаблівым "злётам" дырэктараў тэатраў: на ім замацоўваюцца творчыя сувязі, заключаюцца новыя дамовы.

Але гэтак жа плённа можна супрацоўнічаць і з непасрэднымі ўдзельнікамі форуму. Сёлета, да прыкладу, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адбылася творчая сустрэча з украінскім доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам Марынай Чаркашынай-Губарэнка. Яна прэзентавала кампакт-дыскі, кнігі з творамі свайго мужа, кампазітара Васіля Губарэнкі, і дачкі Ірыны- кампазітара, паэта і музычнага крытыка. А можна было б яшчэ і расійскіх гасцей паслухаць! Няхай бы яны расказалі пра іншыя фестывалі, на якіх ім давялося пабываць, паказалі б фрагменты невядомых нам спектакляў, засяродзілі б увагу на сучасных музычна-тэатральных тэндэнцыях. Дый некаторыя салісты маглі б правесці майстаркласы. Трэба выкарыстоўваць усе магчымасці далучэння да сусветнага развіцця оперы! Але плённым можа быць не толькі яшчэ большы размах, але і, наадварот, "мінімалізм", прынцыпы "эканоміі". Гала-канцэрт не ўтрымліваў, як летась, "выпадковых" салістаў. Але можна было б абысціся і меншай іх колькасцю. Ці, наадварот, правесці два гала-канцэрты, калі запрасіць трэба было абавязкова ўсіх. Кожная вечарына ад гэтага толькі выйграла б! Бо вытрымаць амаль чатыры гадзіны пераважна драматычных оперных сцэн змаглі не ўсе слухачы: яны пачалі патроху сыходзіць, нягледзячы на кошт білетаў у партэры, больш за мільён.

На форуме, як і летась, гучала заходнееўрапейская і руская класіка. "Чаму ж вы не паказваеце штосьці сваё?" - запытвалі некаторыя замежныя крытыкі. І самі давалі гэтаму тлумачэнне. Маўляў, у вас, пэўна, ёсць буйны Нацыянальны оперны фестываль, дзе беларуская музыка гучыць вельмі шырока. Але ўсё роўна: чаму б не ўключыць у праграму форуму хаця б некалькі беларускіх арый? Рабілі заўвагу і за мову: эмблема фестывалю, вядзенне гала-канцэрта - усё паруску... Фестывальная праграма ўзняла і праблему падтрымкі рэпертуарных спектакляў. Ніхто не заклікае да замежнай практыкі, калі спектакль пасля бесперапыннага, літаральна штодзённага пракату хутка здымаецца з рэпертуару. Але наўрад ці можна лічыць перспектыўным і наш цяперашні варыянт, калі, здараецца, прэм'ерная пастаноўка з'яўляецца ў афішы раз у некалькі месяцаў. Бо штосьці з напрацаванага міжволі страчваецца, асабліва калі рэжысёр не "тамтэйшы", а хаця б з суседняга тэатра.

Форум - завершаны, а творчая трупа бурліць далейшымі праектамі. Хутка - "Вялікі навагодні баль у Вялікім тэатры", які стаў ужо традыцыйным. Потым - чарада прэм'ер, фестываль у Нясвіжы. Дый новы сезон, як пранесліся чуткі, збіраюцца адкрываць прэм'ерай другой рэдакцыі оперы Дзмітрыя Смольскага "Сівая легенда" паводле Уладзіміра Караткевіча. А там і да Трэцяга Каляднага - рукой падаць. Можна не сумнявацца, што ён будзе яшчэ больш цікавы ды адметны за цяперашні. Але - няўжо зноў без усялякіх "круглых сталоў", толькі на ўзроўні кулуарных абмеркаванняў? Узгадаўшы сёлетнюю "Панараму", можна падумаць, што на міжнародных тэатральных фестывалях у нашай краіне гэта становіцца традыцыяй - зусім не лепшай. Бо любое публічнае абмеркаванне дае цудоўную магчымасць прыцягнуць грамадскую ўвагу, куды больш зацікаўленую, чым калі пра тэатр і яго форум згадваюць у зводцы навін.

Дарэчы, само слова "форум" азначае "плошча для масавых зносін", а не проста "пляцоўка для дэманстрацыі дасягненняў".

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"