Сакрэт Галоўнай ёлкі

№ 52 (1023) 24.12.2011 - 06.01.2011 г

26 снежня адбудзецца сёлетні дэбют Галоўнай ёлкі краіны. Па традыцыі, у пераднавагодні тыдзень на адным з прадстаўленняў дзеці заўжды чакаюць сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам.

/i/content/pi/cult/356/6799/pic_5.jpg"Дзея ў новай навагодняй казцы адбываецца ў аграгарадку," - абмалявала інтрыгу рэжысёр і аўтар сцэнарыя пастаноўкі Уладзіслава АРЦЮКОЎСКАЯ. "Усё магчыма ў Новы год!" - так называецца гэтае казачнае дзейства, праца над якім распачалася яшчэ на пачатку лета.

- Мы ўвесь час намагаемся прыдумаць што-небудзь арыгінальнае і непаўторнае, - распавяла пра Галоўную ёлку краіны па просьбе "К" Уладзіслава Арцюкоўская. - Летась быў аванцюрна-прыгодніцкі трылер, сёлета - чароўная казка з элементамі драмы.

- Гучыць нечакана...

- Галоўная гераіня нашай казкі - Соня, дзяўчынка вельмі капрызлівая. Яна не хоча дапамагаць бацькам, рабіць урокі, увогуле не заўважае іх клопатаў, любові. Соня гэткая хлусніца, якая апраўдвае сваю ляноту рознымі выдумкамі. Менавіта яе сталенне і ёсць аснова нашага дзейства.

- І якім чынам гэта адбудзецца?

- Вядома, з дапамогай цудаў і пераўтварэнняў. Бацькі Соні запрасілі да сябе на Новы год суседзяў, сяброў і Дзеда Мароза са Снягуркай. Але наша наравістая Соня не можа радавацца святу разам з усімі. Дзяўчынка выхапіла посах Дзеда Мароза і стала чараваць. Тут і пачынаюцца дзівосы... Соні давядзецца вытрымаць нямала іспытаў, перш чым яна разам са Снягуркай, якая ёй дапамагае, трапіць да Каралевы Ісціны. Менавіта тая і адкрые Соні галоўнае, што часам застаецца незаўважным: любоў бацькоў, сяброўства, тое, што на любоў належыць адказваць любоўю... Мы ўвялі ў казку шмат драматычных момантаў. Каб гледачы спачувалі дзяўчынцы, дапамагалі ёй, у пастаноўцы прадугледжаны інтэрактыўныя эпізоды. Ды, вядома, мы пастараліся зрабіць казку яскравым і музычным шоу - з запамінальнымі касцюмамі, разнастайнымі песнямі, неверагоднымі дэкарацыямі, са спецэфектамі... Усё, як і належыць для Галоўнай ёлкі краіны.

- Вядома, што вы працуеце са сваёй творчай камандай ужо /i/content/pi/cult/356/6799/pic_4.jpgне адзін год...

- Так. Гэта кампазітар Сяргей Сухамлін, балетмайстар Святлана Гуткоўская, мастак Вольга Грыцаева. Працаваць з імі мне вельмі камфортна, бо яны не баяцца што-небудзь змяніць, паспрабаваць. Гэта людзі творча рухомыя, і таму нам цікава разам ствараць, прыдумляць.

- Ці падрыхтаваў хтосьці з іх штосьці асаблівае гэтым разам?

- Усе працуюць "на поўную катушку". Студэнты Святланы Гуткоўскай заняты пастаноўкай харэаграфічных нумароў, без якіх шоу будзе дакладна не шоу. Сяргей Сухамлін гэтым разам таксама пастараўся на славу: песні атрымаліся самыя разнажанравыя: тут і кампазіцыі ў джазавым стылі, з элементамі блюза, вальс, танга... На любы густ! Ды і Вольга Грыцаева не абмяжоўвала сваю фантазію: усё вырашана надзвычай цікава. Акрамя розных цікавостак, у нас будзе выкарыстаны і экран, на якім у пэўныя моманты прадстаўлення будзе трансліравацца відэапраекцыя. Дарэчы, пра нашу сёлетнюю гераіню: яе іграе выхаванка Дзіцячага цэнтра "Маяк" Вераніка Грыгаровіч. Яна сталася для нас сапраўдным адкрыццём: вельмі эмацыйная, пластычная, музычная дзяўчынка. Спадзяюся, што яе працу адзначаць гледачы.

- У чым сакрэт ідэальнай навагодняй казкі?

- Мы ўвесь час шукаем новыя цуды. Дзецям менавіта гэта і цікава. Усім вядома, чым скончыцца "Папялушка", а вось новая казка...

Д.А.