У Цэнтры — творчасць

№ 52 (1023) 24.12.2011 - 06.01.2011 г


Учора ў Цэнтры сучаснага мастацтва адкрылася выстаўка "Праз класіку да сучаснасці", што стала першым творчым праектам Цэнтра, які распачаў сваю дзейнасць напрыканцы мінулага года, і ўяўляе з сябе злучэнне класічных і актуальных тэндэнцый у выяўленчым мастацтве.

Праект, арганізаваны пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры краіны, складаецца з некалькіх тэматычных экспазіцый, прэзентацыі відэаарта і інсталяцыі. Адна з выставак - архіў "30" - распавядае пра гісторыю стварэння Творчых акадэмічных майстэрняў жывапісу, графікі, скульптуры. Побач - экспазіцыя фатаграфій, прысвечаных жыццю і творчасці народнага мастака СССР, народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага. Гледачы пабачаць скульптуру Валерыя Малахава і Валяр'яна Янушкевіча, жывапіс Уладзіміра Кожуха, праект творчага аб'яднання "Неонавая галава" - "Homo Neonum", - графічны сад, што дэманструе нестандартнае ўзаемадзеянне аб'ёму і плоскасці, відэаарт Кацярыны Кенінсберг.

Як паведаміў "К" кіраўнік Цэнтра сучаснага мастацтва Віктар Альшэўскі, у далейшых планах установы - максімальная кансалідацыя сіл творчай моладзі краіны, якая займаецца сінтэзам відаў і жанраў мастацтва, спалучэннем мастацтва і тэхналогій. Выставачная пляцоўка будзе прадастаўлена ўсім ахвотным, незалежна ад іх адукацыі.