Рарытэты!

№ 52 (1023) 24.12.2011 - 06.01.2011 г

Дзякуючы падтрымцы прыватнай кампаніі, Нацыянальны гістарычны музей Беларусі даў новае жыццё двухбаковай грэка-каталіцкай іконе канца XVIII ст.

Ікона датуецца 1789 годам і паходзіць з вёскі Валеўка Навагрудскага раёна. Абраз паступіў у збор Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь у 1976-м з фондаў Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Рэстаўрацыя рарытэта, які меў істотныя пашкоджанні, была сёлета выканана мастаком прадпрыемства "Белрэстаўрацыя" Уладзімірам Нікіціным.

Не менш каштоўны ўнёсак прыватнікаў і ў справу папулярызацыі спадчыны роду Радзівілаў. У прыватнасці, разам з прэзентацыяй альбома ў Гістарычным музеі былі прадстаўлены копіі партрэтаў з Радзівілаўскага збору. Усяго падрыхтавана дзевяць копій. Яны выкананы сябрамі Беларускага саюза мастакоў, у тым ліку Сяргеем Лагуновічам-Чарэпкам, Надзеяй Лівенцавай і Віктарам Варанкевічам. Мяркуецца, што копіі на пэўны перыяд часу будуць замяняць арыгіналы ў экспазіцыі, а да таго ж, па словах дырэктара НГМ Сяргея Вечара, могуць экспанавацца ў Нясвіжскім палацы.

Акрамя таго, пры ўдзеле генеральнага партнёра музея прайшла прэзентацыя альбома "Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь", дзе былі шырока прадстаўлены прадметы з разнастайных калекцый.