З Полацка — у Парыж!

№ 52 (1023) 24.12.2011 - 06.01.2011 г

22 снежня Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO падвяла вынікі за два гады сваёй працы і вызначыла прыярытэты на наступныя.

Па словах Cтаршыні камісіі Уладзіміра Шчаснага, дзякуючы дапамозе UNESCO ў 2010 - 2011 гады было рэалізавана 35 праектаў, агульны каштарыс якіх склаў каля 260 тысяч долараў. Многія з гэтых ініцыятыў сапраўды "на слыху": выданне аўтографаў Янкі Купалы, выпуск мультымедыйнага дыска, прысвечанага роду Сапегаў, даследаванні, патрэбныя для музеефікацыі Гальшанскага культурнага ландшафту...

Планы на наступны год - больш сціслыя ў фінансавым вымярэнні, але не менш важныя ды карысныя для айчыннай культурнай прасторы. Сярод іх - правядзенне ў Мінску XV Міжнароднага з'езда славістаў, віртуальная рэканструкцыя творчай спадчыны Юзэфа Ігнацыя Крашэўскага, міждзяржаўны выставачны праект "Свет народнай іконы", які мае прайсці ў трох усходнеславянскіх краінах. Ініцыятарам апошняга выступіў Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, які прадаставіў на разгляд камісіі адразу некалькі прапаноў.

Найбольш вострыя дыскусіі членаў камісіі датычыліся праекта "Знакі часу: гістарычныя руіны як увасабленне "genius loci", прапанаванага Міністэрствам культуры краіны і Інстытутам культуры Беларусі. Ён ставіць за мэту звярнуць увагу на патрэбу захавання тых помнікаў спадчыны, якія дайшлі да нас толькі ў руінах, праз правядзенне фотавыстаўкі. У выніку рашэнне камісіі ўсё ж было станоўчым: праект быў прыняты з пэўнымі дапрацоўкамі.

У ліку амаль сотні памятных дат, зацверджаных UNESCO на наступныя гады,- і святкаванне 1150-годдзя Полацка. З гэтай нагоды ў сталіцы колішняга княства пройдзе навуковая канферэнцыя, а багатая спадчына горада стане тэмай для выстаўкі ў Штабкватэры UNESCO ў Парыжы.

А ў маі наступнага года ў адноўленай нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў пройдзе першы буйны міжнародны форум па лініі UNESCO. Яго тэма надзвычай актуальная- "Аб'екты Сусветнай спадчыны: захаванне і выкарыстанне ў мэтах устойлівага развіцця".