Фонд Прэзідэнта падтрымлівае!

№ 52 (1023) 24.12.2011 - 06.01.2011 г

Днямі Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сваім распараджэннем зацвердзіў рашэнні Савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Паводле паведамлення Прэс-службы беларускага Лідара, зацверджана рашэнне Савета спецыяльнага фонду, звязанае з заахвочваннем лепшых прадстаўнікоў творчай моладзі і стварэннем умоў для развіцця здольнасцей творча адораных прадстаўнікоў маладога пакалення. Пад гэтыя мэты будзе выдаткавана 491,5 млн. рублёў.

З названых сродкаў, па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, будуць прызначаны 4 стыпендыі, выплачаны 32 заахвочвальныя прэміі і 7 гранд-прэмій Фонду лаўрэатам міжнародных і нацыянальных фестываляў і конкурсаў, аказана матэрыяльная дапамога 8 актыўным удзельнікам мастацкатворчых мерапрыемстваў на агульную суму 54,2 млн. рублёў.

Кіраўнік дзяржавы таксама падтрымаў прапановы Савета фонду аб выдаткоўванні 259,2 мільёна рублёў для заснавання прызавых фондаў Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча, ІІ Міжнароднага конкурсу імя Л.П. Александроўскай, IX Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў фартэпіяннай музыкі, V Рэспубліканскай музычна-тэарэтычнай алімпіяды. 52,7 млн. рублёў будзе выдзелена на набыццё музычных інструментаў і абсталявання для заняткаў мастацкай творчасцю ДМШ №2 горада Гродна, а 125,3 млн. рублёў - на арганізацыю і правядзенне Рэспубліканскай мастацкай выстаўкі і справаздачнага канцэрта стыпендыятаў, дыпламантаў і лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

Такім чынам, у цэлым у 2011 годзе на падтрымку творчай моладзі накіравана больш за 1 мільярд рублёў.

 

А 19 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылося пасяджэнне "круглага стала" з удзелам таленавітай моладзі нашай краіны. Акрамя прадстаўнікоў маладога пакалення, у мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі Савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, супрацоўнікі Міністэрства культуры краіны, рэктары ВНУ галіны культуры, студэнты і выкладчыкі. Цягам некалькіх гадзін абмяркоўваліся праблемныя пытанні, што датычыліся рэалізацыі разнастайных маладзёжных праектаў, падтрымкі творчай моладзі ў сферы сучаснага мастацтва, стажыровак за мяжой, і многае іншае.