“Апокрыф” — не “прынада”

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

“Версія паэта” з узыходзячымі фразамі

/i/content/pi/cult/355/6788/10-2.jpg

Максім Багдановіч чарговы раз натхніў кампазітараў сваёй творчасцю. Сапраўднай музычнай падзеяй сталася доўгачаканая прэм'ера "Апокрыфа" Ларысы Сімаковіч у Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Пры ўсёй сваёй значнасці твор не мог не аказацца спрэчным. І гэта добра, бо як можа не выклікаць супярэчных думак тое, што не толькі не кананічна, але і прынцыпова парушае колішнія каноны? І гэта, дарэчы, у традыцыях жанру апокрыфа, які ніколі не быў канонам, таму часта выклікаў пратэст з боку царквы. Новы твор, наадварот, прымаўся публікай настолькі горача, што вымусіў музыкантаў паўтарыць фінал "на біс". Ён выклікаў таксама думкі і развагі.

Найперш - пра жанр мюзіклапрытчы, дадзены твору аўтарам. Здалося, гэта хутчэй "прынада" для непадрыхтаваных гледачоў: наўрад ці хто з іх спакусіўся б на сучасна вырашаную кантату, да якой "Апокрыф" куды бліжэй. Не зусім зразумелымі ўяўляліся і "спасылкі" на стылістыку 1970 - 80-х на пачатку твора. Не цалкам адб у д а в а н а й успрымалася і агульная драматургія: часам кантрасныя сутыкненні папросту мільгацелі, не паспеўшы адкласціся ў памяці, некаторыя сцэны так і хацелася крыху працягнуць, зрабіць больш буйнымі, абвастрыць у іх характарнасць. Але кампазітар дасягнула галоўнага: на першы план выйшлі найпрыгожыя, інтанацыйна "незашмальцаваныя", адметныя мелодыі з шырокімі ўзыходзячымі фразамі, аддадзеныя Музыку. Ян Жанчак у гэтай партыі ўразіў, як ніколі. Адораны спявак з вялікай будучыняй, ён перасягнуў сябе самога. Ды так, што некаторыя слухачы (нават тыя, якім ужо даводзілася чуць яго раней) здзіўляліся: маўляў, адкуль гэта сусветная зорка?

Так што галоўнай праблемай твора засталася адна: дзе і калі ён яшчэ зможа быць выкананы? Нацыянальны акадэмічны аркестр імя І.Жыновіча, Дзяржаўны камерны хор, фольктэатр "Госціца", шматлікія салісты - і ўсё гэта "толькі адзін раз і толькі для вас"? Можна толькі падзякаваць Міністэрству культуры краіны, якое падтрымала гэта пачынанне (у тым ліку, матэрыяльна) і народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца, які не толькі здзейсніў грандыёзную задуму, але і быў аўтарам ідэі.

А між тым, арганізацыйныя праблемы звычайна аказваюцца для творцаў больш складанымі, чым уласна музычныя. Пра гэта сведчыў філарманічны вечар харавой музыкі на вершы Багдановіча, што прайшоў напярэдадні./i/content/pi/cult/355/6788/10-1.jpg

- Бывае куды прасцей напісаць музыку, чым арганізаваць яе выкананне, - усміхнулася ініцыятар канцэрта, кампазітар Аліна Безенсон. - Маёй араторыі "Страцім-лебедзь", створанай у 2004 годзе, пашчасціла: ужо ў 2005-м яна была запісана на Беларускім радыё - хорам пад кіраўніцтвам легендарнага Віктара Роўды і аркестрам на чале з не менш легендарным і сусветна прызнаным дырыжорам Генадзем Праваторавым. Яны неаднойчы казалі мне пра неабходнасць канцэртнай прэзентацыі гэтага твора на шырокую публіку, але арганізаваць такое выкананне давялося толькі цяпер, ужо пасля іх смерці. Рыхтуючыся да прэм'еры, я перагледзела сваю партытуру і зрабіла другую рэдакцыю, дзе пашырыла ролю аркестра. А галоўнае, падрыхтавала да юбілею паэта новы твор - паэму "Над морам" для барытона, хору, фартэпіяна, арфы і ўдарных інструментаў. Звярнулася і да сваіх калег: у канцэрце прагучалі буйныя творы Андрэя Бандарэнкі, Вячаслава Кузняцова, Віктара Кісценя.

Дададзім, што Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі колькі гадоў таму нават праводзіла студэнцкі конкурс на лепшы харавы твор паводле Багдановіча. А каб сабраць усё, што напісана на вершы паэта ў камерных жанрах, дык музыка гучала б, пэўна, цэлы тыдзень!..

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"