Ад яхт-клуба да cinema

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

Дзе прайшоў першы кінасеанс на Беларусі?

/i/content/pi/cult/355/6780/14-2.jpg

Як вядома, першы кінасеанс братоў Люм'ер адбыўся 25 снежня 1895 года ў парыжскім "Гранд-кафэ" на бульвары Капуцынаў. А ўжо праз два гады, 24 студзеня 1898-га, першае кіно паказвалі ў беларускім Віцебску.

На рубяжы ХІХ - ХХ стагоддзяў горад над Дзвіной быў піянерам не толькі ў выяўленчым мастацтве ды тэхніцы. Апрача знакамітай "школы Пэна" і віцебскага трамвая, першага на тэрыторыі сучаснай Беларусі, цэнтр губерні пабачыў цудоўнае вынаходніцтва, якое тады называлі "сінематографам Люм'ераў". Інфармацыя пра гэтую падзею знаходзіцца ў дакументах Нацыянальнага гістарычнага а р х і в а Рэспублікі Беларусь. Як сведчаць запісы, першы беларускі кінасеанс адбыўся на тэрыторыі яхт-клуба, які месціўся ля вытоку ракі Віцьба побач з будынкам езуіцкага калегіума і губернскім Батанічным садам./i/content/pi/cult/355/6780/14-1.jpg

У "неафіцыйнай" частцы "Віцебскіх губернскіх ведамасцей" за 1898 год маюцца наступныя радкі: "Сеанс сінематографа. У суботу 24 студзеня ў зале рачнога яхт-клуба адбыўся сеанс сінематографа сістэмы Люм'ера. Паказана было 36 карцін рухомай фатаграфіі, якімі публіка вельмі зацікавілася і патрабавала паўтору многіх карцін. У нядзелю 25 студзеня дадзены быў там жа дзённы сеанс сінематографа для навучэнцаў і дзяцей у колькасці 24 карцін, які быў удастоены наведвання яе правасхадзіцельства М.В. Левашовай".

Паводле таго ж выдання, 25 студзеня апарат сінематографа "дэманстраваў" у зале Духоўнай семінарыі, 27 студзеня - у Ваенным Сабранні, 28 студзеня - у мужчынскай гімназіі, 30 студзеня - у жаночай гімназіі, а 1 лютага - для выхаванцаў мужчынскага і жаночага духоўных вучылішчаў.

/i/content/pi/cult/355/6780/14-3.jpgСтужкі, што дэманстраваліся тады ў Віцебску, былі зняты ў Францыі і доўжыліся каля 1- 2 хвілін кожная, што складала даўжыню каля 15 метраў. Большасць з іх былі хранікальна-дакументальнымі (з натуры), і стужкі, як правіла, усе здымаліся адным аператарам. Якасць і сюжэт фільма былі другаснымі: галоўным у тэхнічнай навінцы тады з'яўлялася магчымасць бачыць людзей і прадметы, што рухаюцца на экране.

Назвы тагачасных "блакбастараў" гавораць самі за сабе: "Французская артылерыя на парадзе", "Негры купаюцца", "Жаночая сварка", "Манументаліст", "Азартныя гульцы", "Купальня", "Дыяна ў Мейландзе", "Скачкі з перашкодамі", "Іспанскі нацыянальны танец". Мяркуецца, што стужкі паказваліся французскім аператарам Феліксам Мейнардам.

Чаму месцам першага кінасеанса ў Віцебску быў абраны менавіта яхт-клуб? На той час ён быў месцам, дзе адбываліся сямейныя, літаратурныя, музычныя, танцавальныя, драматычныя вечарыны і спектаклі. На жаль, да нашага часу яго будынак не захаваўся, аднак месца колішняга знаходжання адзначана на карце, надрукаванай на падставе арыгінала абласной Дзяржаўнай архіўнай службы.

Першы кінасеанс заразіў віцябчан вялікай цікавасцю да новага мастацтва. Ужо ў 1911 годзе ў Віцебску працавалі чатыры кінематографы або "некельадэоны", як тады называлі кінатэатры: "Вулкан", "Ілюзіён", "Гігант", "Біяскоп". У 1917 у горадзе працавалі "Рэкорд" (зараз "Дом кіно"), што знаходзіцца ў будынку- помніку архітэктуры канца ХІХ стагоддзя, "Кіна-Арс", "Ілюзіён", "Мастацкі".

Дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады ў наступным годзе на месцы першага беларускага кінапаказу прадугледжана ўстаноўка памятнага знака.

 Алена МАТУС, галоўны спецыяліст Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь