Як не “знесці” качынае яйка? або Рэцэпт метадалогіі з дынамікай і эканомікай

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

“Круглы стол” “К”: каардынацыя міжабласнога ўзаемадзеяння

 13 снежня ў Інстытуце культуры Беларусі прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага савета дырэктараў абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці. У сталіцы сабраліся, па сутнасці, галоўныя "штабісты" рэгіянальнага культурнага ўзаемадзеяння. Кіраўнікі абласных метадструктур на ўзроўні калегіяльнай выпрацоўкі агульнай стратэгіі сустракаліся ледзь не ўпершыню. Напярэдадні рэктар Інбелкульта Іван Крук зацвердзіў Палажэнне названага пастаянна дзеючага грамадскага дарадчага органа, мэта якога - каардынацыя работы АМЦНТ па вырашэнні актуальных пытанняў развіцця галіны, а таксама падтрымка і ўдасканаленне навукова-метадычнага суправаджэння сацыякультурных захадаў і народнай творчасці. Савет, як вядома, узначаліў дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Алег Хмялькоў. Апрача дырэктараў АМЦНТ у склад "творча-метадычнай" суполкі ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства культуры краіны, Інстытута культуры Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў... Першае абмеркаванне метадычных (і не толькі) праблем адбылося ў фармаце "круглага стала", ініцыяванага газетай "Культура". У дыскусіі бралі ўдзел дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса ВАЙЦЯХОЎСКАЯ, дырэктар Гродзенскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына ДЗЕМЯНЧУК, дэкан факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці БДУКіМ Мікалай КАРАЛЁЎ, дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана КАРЖУК, рэктар Інстыт

ута культуры Беларусі Іван КРУК, дырэктар Віцебскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына ЛАБУКА, трэнер-кансультант Цэнтра бізнес-тэхналогій Святлана ПАПСУЙ, начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інбелкульта Ала СТАШКЕВІЧ, дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Алег ХМЯЛЬКОЎ, галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Вольга ЧАРНЯЦОВА, дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Мікалай ШАМШЭНЯ, а таксама рэдактар аддзела "К" Яўген РАГІН і спецыяльны карэспандэнт газеты Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ.

Іван КРУК:

- Пры нашай установе ствараецца аналітычны сектар. Адно з агульных пытанняў - распрацоўка электроннай карты ўсіх фестываляў Беларусі. Гэта будзе своеасаблівая мультымедыяэнцыклапедыя з фотаі відэаінфармацыяй, якая, у перспектыве, трапіць на сайты аддзелаў культуры.

 Ірына ДЗЕМЯНЧУК:

- Неаспрэчна, што тут варта распрацаваць нейкі агульны для ўсіх рэгіёнаў фармат. І ці мэтазгодна абмяжоўвацца толькі фестывалямі? У нас, да прыкладу, вельмі шмат святочных імпрэз, якія праводзяцца не горш за фестывалі і маглі б стаць брэндамі не толькі раёнаў, але і ўсёй вобласці?

Іван КРУК:

 - Заўвага слушная, мы яе абавязкова возьмем пад увагу... Наступны перспектыўны крок - стварэнне электроннай карты беларускіх аб'ектаў сакральнай геаграфіі. Кола ахопу тут вельмі шырокае, але пакуль пачнём са святых крыніц, дрэў, камянёў...

/i/content/pi/cult/355/6778/12-2.jpg

Святлана ПАПСУЙ:

- Як будзе пазіцыянавацца названы партал? Для якой мэтавай аўдыторыі ён прызначаны?

 Іван КРУК:

- Галоўнае, лічу, распачаць справу... Ведаю, у асобных установах ні відэакамеры няма, ні спецыяліста, які мог бы з ёю працаваць. У больш выгадным становішчы аказаўся Магілёўскі метадцэнтр, які дзейнічае ў зайздросным паразуменні з абласным тэлебачаннем... Што рабіць іншым рэгіёнам? Я ўяўляю сітуацыю так: няхай лепш застанецца "шэры" непрафесійны здымак, а не шэрая памяць.

Святлана ПАПСУЙ:

 - Справа не ў тым. Непрафесійны аўтар, што выкладвае свой відэазапіс на відэа-сервісе ў Інтэрнэце, нярэдка прачынаецца знакамітым. Справа ў пазіцыянаванні партала, саміх фестываляў і святаў. Трэба ведаць, для каго і для чаго ўсё гэта. У нас процьма інфармацыйных сайтаў па гісторыі, абрадах Беларусі. Я пра рацыянальны падыход зараз кажу...

 Іван КРУК:

 - Мэтавая аўдыторыя - і айчынны спажывец нашай культуры, і замежны. А задача наступная - пазіцыянаванне Беларусі праз прызму культуры, стварэнне нашага іміджу за мяжой. Да таго ж, Інстытуту неабходна бачыць зрэз усяго таго, што адбываецца ў краіне па названым кірунку. Неаспрэчна, пры стварэнні электроннага рэсурсу прыцягнем і іншых маркетолагаў.

Яўген РАГІН:

 - У рэдакцыю "К" пастаянна тэлефануюць чытачы, у тым ліку і замежныя, каб высветліць больш падрабязны адрас аргкамітэта фестывалю, гістарычнага ці прыроднага аб'екта, цікавага народнага майстра. Турызм, і ўнутраны і знешні, развіваецца вельмі дынамічна, таму неадкладная патрэба ў мультымедыйнай энцыклапедыі - неаспрэчная. А ў перспектыве яна можа ўтрымліваць звесткі і пра нашы сядзібы-замкі, нацыянальныя стравы... Карацей, метадычным цэнтрам ёсць над чым працаваць.

 Ала СТАШКЕВІЧ:

- У сувязі з гэтым павялічваецца адказнасць метадычных цэнтраў па выяўленні, ідэнтыфікацыі і інвентарызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Сама ж база даных будзе ўтрымлівацца ў нашым Інстытуце. Гэта яшчэ адзін электронны партал на беларускай і англійскай мовах.

 Іван КРУК:

- Давайце абмяркуем яшчэ адзін перспектыўны кірунак агульнай дзейнасці. Збіраемся з дапамогай метадыстаў аднавіць колішнюю практыку выдання інстытуцкага альманаха, які будзе называцца ўмоўна "Культура Беларусі" (назва пакуль рабочая). А з другой паловы 2012-га плануем распачаць работу міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Культура Беларусі: рэаліі і сучаснасць". Нарэшце, апошняя прапанова: 1 чэрвеня - Дзень абароны дзяцей, па ўсёй Беларусі метадычныя цэнтры ладзяць творчую акцыю "Дзеці - дзецям", калі вучні ДШМ дораць свае творы выхаванцам дзіцячых дамоў. Гэта можа быць і мастацкая выстаўка з запрашэннем музычных калектываў... Як ставіцеся да такой прапановы?

 Святлана ПАПСУЙ:

 - Цудоўны піяр. Але самы актыўны ўдзел у акцыі, як думаецца, павінны прыняць і самі выхаванцы дзіцячых дамоў: сярод іх таксама шмат талентаў. Мае спрацаваць прынцып уцягнення. Да прыкладу, акцыю можна распачаць яшчэ ў маі, правесці ў дзіцячых дамах майстаркласы і да Дня абароны дзяцей зладзіць сумесную выстаўку работ. Пры гэтым мерапрыемства набудзе больш важкае сацыяльнае гучанне. Больш за тое, пазней справу варта спрабаваць паставіць на камерцыйныя рэйкі. Найлепшыя работы можна выдаць у выглядзе календара. І падобныя праекты маюць перспектыву стаць вашым фірмовым стылем.

Мікалай ШАМШЭНЯ:

 - Пагаджаюся з такой пастаноўкай пытання. Дзеці да падарункаў прызвычаіліся. Трэба, сапраўды, уцягваць іх у агульную творчую і цікавую справу. На Гомельшчыне даўно ладзім аналагічныя майстаркласы.

 Алег ХМЯЛЬКОЎ:

 - Я за такую справу і за такі піяр! Мы не заўжды паспяваем прарэкламаваць, правільна і "смачна" падаць сваю дзейнасць.

Раіса ВАЙЦЯХОЎСКАЯ:

- Тым больш, што акцыя, сапраўды, высакародная - падтрымка дзяцей.

Яўген РАГІН:

- Мы цяпер пра піяр кажам. Задача, неаспрэчна, неабходная. Тым не менш, на старонках "К" вельмі мала слушнай інфармацыі ад метадычных цэнтраў. У межах раёнаў рэклама культурных акцый наладжана няблага, а маштабы міжабласных кантактаў, на мой погляд, не вытрымліваюць аніякай крытыкі.

Раіса ВАЙЦЯХОЎСКАЯ:

- Інфармацыі шмат дасылаем, але не ўся яна друкуецца.

Яўген РАГІН:

- А ў "К" патрабаванні да такіх публікацый вельмі жорсткія: чытач з іншых абласцей павінен штосьці карыснае для сябе ўзяць. Таму і адбіраем сапраўдны крэатыў. Журналісты "К", зразумела, фізічна не могуць наведаць усе фэсты, канцэрты, падзеі. Значыць, вы павінны спрычыняцца. І я пагаджаюся з Алегам Фёдаравічам: піярыць сябе трэба ўмець. Іван Іванавіч, а над чым найперш трэба працаваць метадцэнтрам з пункту погляду рэктара Інстытута культуры?

Іван КРУК:

- Самае галоўнае - абмен вопытам, выпрацоўка генеральных кірункаў нашага руху.

Яўген РАГІН:

- Я да чаго... Мы пад час журналісцкіх камандзіровак нярэдка сустракаемся вось з якой сітуацыяй: у адной вобласці кепска ведаюць, што адбываецца ў другой...

/i/content/pi/cult/355/6778/12-1.jpg Іван КРУК:

- Сёння мы ў Мінску сустракаемся, наступным разам можам правесці пасяджэнне ў Брэсце, Гродне і гэтак далей. Гэта адзін з момантаў паяднання. А тое, што варта часцей бачыцца, - неаспрэчна. І не проста бачыцца, але і мець плён ад сустрэч.

Ала СТАШКЕВІЧ:

- Мы захавалі метадычную вертыкаль: абласныя і раённыя цэнтры. Ёсць Інстытут культуры Беларусі. Ва Украіне, у Арменіі, Азербайджане, Грузіі гэтага ўжо даўно няма. У Беларусі ж засталася аснова для падтрымкі рэгіянальнай культуры. Доказ таму - стан захаванасці нематэрыяльнай культурнай спадчыны. З гэтай нагоды Беларусь пазіцыянуе сябе вельмі пераканаўча. Але ініцыятыва па выяўленні, ідэнтыфікацыі і інвентарызацыі нематэрыяльнай спадчыны павінна ісці знізу. Іміджаўтварэнне краіны - пытанне палітычнае. Усе краіны імкнуцца патрапіць у спісы UNESCO. А гэта - сапраўдны піяр, моцны брэнд, ідэнтыфікатар нашай нацыянальнай культуры. На мой погляд, гэты момант у нас недаацэньваецца.

Святлана ПАПСУЙ:

- Я зноў пра піяр. Кажуць, качыныя яйкі больш спажыўныя за курыныя, але курыца пасля таго, як знясе яйка, крычыць ды квохча, а качка- маўчыць. Таму ўвесь свет есць курыныя яйкі. Так што не варта маўчаць. Трэба, каб кожны ведаў, што вы робіце.

Яўген РАГІН:

- Піяр піярам, але ў нас яшчэ не ў кожным раёне на сёння існуюць метадычныя цэнтры. Кацярына Пятроўна, як на вашу думку, адсутнасць РМЦ - гэта вялікая бяда для раёна ці без гэтай установы ўсё ж можна абысціся?

Кацярына ЛАБУКА:

 - Адна справа, калі пры РДК працуе метадычны кабінет, дзе ёсць два-тры супрацоўнікі, і зусім іншая - калі ў раёне функцыянуе метадычны цэнтр, які з'яўляецца асобнай структурнай адзінкай аддзела культуры. Пры першым варыянце сельскія ўстановы культуры застаюцца фактычна без метадычнай падтрымкі, бо супрацоўнікі таго ж кабінета больш працуюць на горад. У чатырох раёнах Віцебшчыны, сапраўды, няма метадычных цэнтраў, але ў Верхнядзвінскім і Расонскім да канца года, паводле рашэння мясцовых органаў улады, гэтыя ўстановы будуць створаны. Дадам, што раёны пачалі самі разумець важнасць метадычных цэнтраў, асабліва цяпер, калі мы маем шыкоўныя аграгарадоцкія СДК, у якіх можна на высокім узроўні ладзіць разнастайныя масавыя мерапрыемствы пры выдатнай матэрыяльнатэхнічнай базе. Ды і метадысты сёння маюць вялікую нагрузку: акрамя метадычных парад, займаюцца, напрыклад, падрыхтоўкай дакументаў па нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыне. Акрамя іх гэтую работу не зробіць больш ніхто. Таму, думаю, паступова РМЦ з'явяцца ва ўсіх раёнах Віцебшчыны.

 Яўген РАГІН:

- Вось і я быў у Бешанковіцкім раёне некалькі гадоў таму, і на сяле мне супрацоўнікі СДК скардзіліся: ідэй у нас шмат, але параіцца няма з кім. Так, праблема паступова вырашаецца. Але супрацоўнікі і ў Бешанковічах, і ў іншых раёнах Беларусі казалі пра тое, што ім у працы хранічна не стае метадычнай літаратуры. Што з вырашэннем гэтага пытання?

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Свайго метадычнага цэнтра, наколькі я ведаю, не мае і Бярэзінскі раён Мінскай вобласці. А там ён таксама вельмі патрэбны.

Раіса ВАЙЦЯХОЎСКАЯ: 

- Гэта адзіны раён Міншчыны, які не мае такой установы, але, паверце, мясцовыя метадысты, што працуюць пры Бярэзінскім РДК, забяспечваюць сваімі распрацоўкамі ўсе сельскія Дамы культуры.

Яўген РАГІН:

 - Раённы метадычны цэнтр на сёння вельмі важны, бо ў ім аб'ядноўваюцца не толькі здабыткі мясцовых метадыстаў, але і напрацоўкі супрацоўнікаў абласных устаноў. Прынамсі, так павінна быць... Сёння ўжо казалі пра неабходнасць ініцыятыў знізу. На жаль, у нашых паездках па рэгіёнах не так ужо і часта даводзіцца чуць пра цікавыя праекты, народжаныя ў глыбінцы. Напрыклад, на Брэстчыне зрабілі праект "Журавінавы фэст"...

Святлана КАРЖУК: /i/content/pi/cult/355/6778/12-3.jpg

- Так, і свята журавін прайшло на Століншчыне з вялікім поспехам.

Яўген РАГІН:

- "К" пра гэта пісала. Але, на жаль, іншых прыкладаў паспяховых раённых праектаў не так ужо і шмат. Чаму? Куды знікаюць тыя маркетолагі, якіх рыхтуюць у БДУКіМ?

Мікалай КАРАЛЁЎ:

 - Маркетолагаў у чыстым выглядзе наш універсітэт не рыхтуе. У нас ёсць менеджары сацыяльнай і культурнай сферы, ёсць менеджары міжнародных культурных сувязей.

Яўген РАГІН:

- Але ўсё-такі праектаў з раённых аддзелаў культуры, з сельскіх устаноў культуры магло б быць і больш.

Іван КРУК:

- Цалкам слушная заўвага. Але хачу распавесці вось пра што. На маю падобную рэпліку на адным з абласных семінараў яго ўдзельніца з Докшыцкага раёна заявіла: "А адкуль я ведаю, што мой праект цікавы іншым? Адкуль я ведаю, што ён можа быць прадстаўлены і ў Мінску, і ў Парыжы?" Таму трэба мець магчымасць погляду збоку.

Мікалай КАРАЛЁЎ:

- Каб зрабіць цікавы праект, варта рабіць ухіл на падрыхтоўку адпаведных высокакваліфікаваных кадраў. А з гэтым у нас ёсць пытанні. Я лічу, каб вырашыць кадравую праблему, няблага выйсці на трохгадовую адпрацоўку па размеркаванні, а таксама больш увагі звярнуць на завочнікаў. Бо чалавека, які адвучыўся на нашым факультэце на дзённым аддзяленні, потым у раён не зацягнеш. А вось той выпускнік, які нарадзіўся ў пэўным рэгіёне, мае там жыллё, сям'ю, - іншая справа: ён абавязкова вернецца назад. З ім можна заключаць кантракт на тры, пяць гадоў. Дарэчы, налета на нашым і некаторых факультэтах БДУКіМ будзе падвоены выпуск, так што можна разлічваць: у рэгіёны спецыялістаў прыедзе нашмат болей, чым у мінулыя гады. І яшчэ. Я лічу, што з цягам часу варта было б нашаму Універсітэту культуры і мастацтваў па найбольш прэстыжных спецыялізацыях - рэжысура, харэаграфія, менеджмент ды іншыя - ствараць філіялы ў рэгіёнах. Напрыклад, у Пінску, Баранавічах, Маладзечне, Наваполацку. У гэтых гарадах ёсць свае вышэйшыя навучальныя ўстановы, установы сферы культуры, таму шмат якіх спецыялістаў прывозіць туды з Мінска стане непатрэбна. Гэта, на маю думку, вырашыць кадравае пытанне сферы культуры.

Алег ХМЯЛЬКОЎ:

- Хачу расказаць пра іншае: пра вопыт нашых калег. На свае вочы ўбачыў дзейнасць мадэльных устаноў культуры, наведаўшы Белгародскую вобласць Расіі і Татарстан. Мадэльная ўстанова культуры па-расійску, гэта, фактычна, наш аграгарадок. Адзначу тое, што ў Белгародскай вобласці ў развіцці ўстаноў культуры зацікаўлены сам кіраўнік рэгіёна - прынята адпаведная губернатарская праграма. Таму ўся сацыяльная сфера сапраўды ўзорная. У кожным раёне вобласці - адна-дзве мадэльныя ўстановы культуры. Яны аснашчаны самай сучаснай гукаўзмацняльнай і светлавой апаратурай, але самае галоўнае - у штаце падобнай установы адзінаццаць супрацоўнікаў! Да таго ж, кожная мадэльная ўстанова культуры мае свой духавы аркестр са штатам пятнаццаць чалавек. Суміруем і атрымліваем штат сельскага Дома культуры. Тое самае акрамя вялікіх штатаў створана ў Татарстане, дзякуючы былому прэзідэнту Мінційміру Шайміеву. Усе музеі там інтэрактыўныя, там нават танкі стаяць унутры будынка. Карацей, нам ёсць чаму павучыцца ў нашых расійскіх калег. Але ж і там кадравая праблема існуе таксама, як і ў нашых установах культуры.

Вольга ЧАРНЯЦОВА:

 - Ёсць праблемы і ў нашай сістэме ўстаноў культуры. Напрыклад, адна з найбольш актуальных - нарматыўная. Мы плануем кардынальна памяняць тую сістэму ўстаноў культуры, якая склалася на сённяшні дзень. Трэба ўводзіць для іх статус юрыдычнай асобы. Напрыклад, стварыць цэнтралізаваную клубную сістэму па прыкладзе той, якая існуе ў бібліятэчнай сферы. І надаць ЦРБ, РДК ці РМЦ статус юрыдычнай асобы. Таксама абавязкова варта правесці адпаведную працу з гаспадарчымі групамі і бухгалтэрыямі, якія працуюць пры раённых аддзелах культуры. З падобнымі ідэямі мы плануем выйсці на Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь і цягам наступнага года вырашыць пытанне. Да 1 лютага 2012-га збяром рабочую групу - куды, натуральна, увойдуць і кіраўнікі абласных метадычных цэнтраў. Яна выпрацуе рэкамендацыі па гэтым накірунку дзейнасці.

Алег ХМЯЛЬКОЎ:

 - За прыклад прапаную ўзяць тую цэнтралізаваную клубную сістэму, якая ўжо існуе каля дваццаці гадоў ў Магілёўскай вобласці. Хоць наша ЦКС, як і ЦБС, пакуль не мае статусу юрыдычнай асобы, але гэтае пытанне лёгка вырашыць.

 Вольга ЧАРНЯЦОВА:

- Зазначу, што ніхто не збіраецца насаджаць адзіную мадэль ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Кожная вобласць вызначыць свой накірунак. Па ім і будзе прадастаўляцца статус юрыдычнай асобы ўстановам культуры.

Ірына ДЗЕМЯНЧУК:

 - Лепей, на маю думку, пайсці правераным шляхам і ўзяць за прыклад Магілёўшчыну.

Мікалай КАРАЛЁЎ:

- Можна надаць статус юрыдычнай асобы галаўной арганізацыі, а ўсе іншыя клубы ці бібліятэкі стануць філіяламі гэтай установы.

Яўген РАГІН:

- Не магу не вярнуцца да таго важнага пытання, якое ўжо закранаў. Якія перспектывы па выданні метадычнай літаратуры для рэгіёнаў? Добрыя прыклады ў гэтым накірунку ёсць. Ведаю, Алег Фёдаравіч, што ўпраўленне культуры аказала фінансавую падтрымку выданню кнігі "Беларускі народны танец: традыцыі і сучаснасць (Магілёўшчына)".

Алег ХМЯЛЬКОЎ:

 - Так, дзякуючы Інстытуту культуры Беларусі і яго супрацоўніку, Міколу Козенку, гэтае выданне пабачыла свет. У сваю чаргу мы вырашалі шмат арганізацыйных, тэхнічных нюансаў, збіралі матэрыялы. Сігнальны асобнік кнігі, сапраўды, ужо выдадзены, адлюстроўвае ўсе танцы Магілёўшчыны, мае вялікі аб'ём - прыкладна 600 старонак - у колеры, на цудоўнай паперы. Таму мы заклалі на будучы год сродкі, каб набыць гэту кнігу праз бібліятэчную і клубную сістэмы вобласці.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - А што з выданнем метадычнай літаратуры Інстытутам культуры Беларусі?

Іван КРУК:

- Пэўныя сродкі на гэту дзейнасць мы запланавалі, таму ў наступным годзе метадычная літаратура будзе выдавацца абавязкова.

Алег ХМЯЛЬКОЎ:

- Яшчэ хацелася б закрануць пытанне дыскатэк. Ці плануецца ўнесці змены ў заканадаўства і вярнуцца да практыкі, калі непаўналетнія маглі прысутнічаць на танцавальных мерапрыемствах не да 10 гадзін вечара, а на больш позні тэрмін?

 Вольга ЧАРНЯЦОВА: - На сёння пакуль не прыняты закон аб знаходжанні непаўналетніх у начны час на дыскатэчных мерапрыемствах. Калі гэты дакумент быў дасланы на разгляд у Міністэрства культуры, дык мы ўнеслі ў яго свае прапановы. Сутнасць іх у наступным: падлеткі да 14 гадоў могуць знаходзіцца на дыскатэках да 10 гадзін вечара, ад 14 да 16 гадоў - да 12 гадзін, а старэйшыя - на неабмежаваны прамежак часу. Таму, як толькі будзе прыняты гэты нарматыўны дакумент, мы адразу ініцыюем пытанне аб зменах артыкула 17.12 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях. Але і цяпер мясцовыя выканаўчыя ўлады сваім рашэннем могуць дазваляць правядзенне дыскатэк для непаўналетніх на неабмежаваны перыяд у адпаведнасці з пунктам 18 Палажэння аб дыскатэчных мерапрыемствах.

■ ■ ■

Пад час першага пасяджэння Рэспубліканскага савета дырэктараў АМЦНТ акрэслена праблемнае поле пытанняў, над вырашэннем якіх мяркуецца працаваць у 2012 годзе. Сярод прыярытэтных напрамкаў дзейнасці: міжнародныя і міжнацыянальныя стасункі, распрацоўка і рэалізацыя інавацыйных бізнес-праектаў у галіне культуры і метадычнай практыкі, інфармацыйна-рэкламныя тэхналогіі, новыя тэхналогіі наладжвання вучобы кадраў, замацаванне маладых спецыялістаў на сяле... Словам, рэспубліканскі метадычны штаб распачынае сваю дзейнасць. Спадзяемся, плён яе акажацца сапраўды важкім і агульнакарысным.

Фота Юрыя ІВАНОВА