“Скура” ў іх танчэйшая…

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

Хто “пасяліўся” ў Дуніна-Марцінкевіча?

/i/content/pi/cult/355/6773/7-2.jpg

14 снежня ў Бабруйску адкрыўся IV Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.І.ДунінаМарцінкевіча. Урачысты феерверк над тэатрам, 14 спектакляў на працягу 5 дзён, тры чыткі, штодзённыя абмеркаванні і "круглыя сталы" - гэта далёка не поўны пералік усіх тых мерапрыемстваў, якія арганізатары фестывалю падрыхтавалі для ўдзельніка ў і гасцей.

Бадай самым яркім падарункам дня адкрыцця стала, як і належыць на фестывалі драматургіі, прэм'ера спектакля "Страцім-лебедзь" па п'есе сучаснага драматурга Юрыя Сохара ў рэжысуры Віталя Баркоўскага, якую ажыццявілі гаспадары пляцоўкі - Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча. Зрэшты, прымеркаваныя да 120-гадовага юбілею з дня нараджэння Максіма Багдановіча, гэтая пастаноўка зусім не сталася "дацкай". У першую чаргу таму, што Віталь Баркоўскі змог знайсці, адчуць і перадаць тыя шчымлівыя інтанацыі тугі па няспраўджанасці магчымага творчага жыцця Паэта, якія, пэўна, не выпадаюць для параднага партрэта.

 Белым пухам вішняў рассыпаюцца па сцэне лісты-вершы Багдановіча, злучаючы ў адно прыгажосць гэтага веснавога цвіцення і тугу аб пранізліва-чыстым канцы прыгажосці. І нягледзячы на тое, што ўвесь спектакль, які разгортваецца перад намі, - гэта ланцужок спрэс няспраўджаных мар, жаданняў, імкненняў паэта, перад намі паўстае не ахвяра часу і людзей. У выкананні Яўгена Ракіцкага мы бачым таго самага Страцім-лебедзя, моцнага, гордага, няскоранага перад абставінамі і дробнай зайздрасцю-зласлівасцю. Нездарма суразмоўцам яго, адзіным, з кім Багдановіч размаўляе і думае на роўных, становіцца не хто іншы, як "сусед" Антон Чэхаў (Аляксандр Парфяновіч). Творчы дух аднаго знаходзіць адказы на ўласныя пытанні ў жыцці і смерці другога. І- падтрымку ва ўласнай веры і ахвяраванні сябе Слову, літаратуры./i/content/pi/cult/355/6773/7-3.jpg

Зрэшты, ці ж літаратурай займаецца ў спектаклі Максім Багдановіч?! Ён- жыве! Таму і вершы яго, як кожная хвіліна чалавечага жыцця, аказваюцца такімі рознымі: то легкакрыла-натхнёнымі, то, быццам сціснуты стогн, пакутліва-невыноснымі...

У сваіх спектаклях, прысвечаных такім выбітным асобам культуры (свядома не пішу толькі нацыянальнай, бо маштаб іх, без сумнення, значна большы), як Марк Шагал, Хаім Суцін альбо Максім Багдановіч, рэжысёр Віталь Баркоўскі ўмела знаходзіць інтанацыі і фарбы для таго, каб паказаць нам не проста застылы ў стагоддзях манумент творцы. Яго героі - жывыя людзі, са сваімі пачуццямі і перажываннямі. Жывыя, але ж- не звычайныя: магчыма, з-за таго, што "скура" ў іх танчэйшая, перажыванні і пачуцці аказваюцца больш вострымі і яркімі, магчыма таму, што сваім унутраным зрокам - душой - яны "бачаць" больш важныя і важкія рэчы, тое, што закрыта для астатніх. А магчыма таму, што яны не імкнуцца да так званай сацыялізацыі, а галоўным у жыцці бачаць... само жыццё, уменне чуць яго, аддавацца яго радасцям, жарсцям і пакутам. Быць жыццём.

...У сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў і гасцей фестывалю міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка зазначыў, што Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі з'ява надзвычай важная для айчыннай культуры, бо захаванне традыцый, у тым ліку і тэатральных, немагчымае без пільнай увагі да таго, што робіцца ў нашай краіне сёння, чым жывуць айчынныя драматургі, рэжысёры, тэатры. І ён запэўніў, што ўсе тыя часы "ваганняў" адносна неабходнасці гэтага форуму канулі ў Лету: фестываль у Бабруйску мусіць ладзіцца традыцыйна, раз на два гады. Для таго, каб айчынныя аўтары ведалі: яны запатрабаваныя на сваёй зямлі.

наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Бабруйск - Мінск

На здымках: Яўген Ракіцкі ў ролі Максіма Багдановіча; сцэна са спектакля "Страцім-лебедзь".

Фота Аляксандра ЧУГУЕВА