“...Востраў” цяпер не самотны

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

Вольга Водчыц: “Назіранне” з адрэналінам

/i/content/pi/cult/355/6772/7-1.jpg

Сваё прафесійнае свята айчынныя кінатворцы адзначаюць сёння. Адным жа з вынікаў кінагода можна назваць стужку, знятую беларусамі сумесна з эстонскімі і латышскімі калегамі. "Адзінокі востраў" - вельмі цікавы і знакавы для "новага" "Беларусьфільма" праект з удзелам як айчынных артыстаў, так і майстроў экрана з краін Балтыі. Адну з галоўных роляў у карціне выконвае мінская актрыса Вольга ВОДЧЫЦ, асобу якой, бадай, не трэба прадстаўляць шырокай публіцы: на працягу пяці гадоў Вольга адкрывала ранішні тэлеэфір у праграме "Добрай раніцы, Беларусь!". Яшчэ раней яна сыграла колькі роляў на сцэнах сталічных тэатраў, а цяпер актыўна працягвае кінематаграфічную кар'еру: ужо пасля здымак у "Адзінокім востраве" сыграла ў адным з расійскіх серыялаў, а раней прымала ўдзел у японскім праекце, прысвечаным Чарнобыльскай катастрофе.

- "Адзінокі востраў" здымала выдатная беларуска-эстонска-латышская каманда на чале з цудоўным рэжысёрам Петэрам Сімам. Ніколі нават не марыла, што буду здымацца ў прафесіянала, які слухаў лекцыі Андрэя Таркоўскага. Прынамсі, здымачныя групы ў нас былі адразу дзве - беларуская і эстонская, бо здымкі з перапынкам на восень і зіму праходзілі ў нас і ў Таліне. Мне пашанцавала пад час здымак пабываць яшчэ ў Рызе. Так цікава, як з Петэрам Сімам, мне не даводзілася працаваць ні з адным кінарэжысёрам. У "Адзінокім востраве" калектыўны галоўны герой. Я выконваю ролю беларускі, якая замужам за эстонцам. Падзеі ў стужцы развіваюцца паралельна адразу некалькімі сюжэтнымі лініямі.

- Вы адчувалі, што працуеце за мяжой? Бо лічыцца, што Эстонія змянілася больш за іншыя краіны былога СССР цягам апошніх дваццаці гадоў.

- Не адчувала, бо падаецца што мы, беларусы, па менталітэце і тэмпераменце вельмі блізкія і эстонцам, і латышам, і літоўцам, мы - еўрапейцы. Наогул, я атрымлівала вялікае задавальненне ад самога працэсу здымак "Адзінокага вострава", калі рэжысёр з аператарам старанна "ставяць святло", рэпеціруюць з акцёрамі. І гэта сёння - вялікая рэдкасць для кіно, бо здымкі серыялаў звычайна праходзяць у вялікай спешцы.

- "Адзінокі востраў", безумоўна, чакае еўрапейскі пракатны лёс. У гэтым сэнсе мы ўсе спадзяемся на "прарыў" для нашага нацыянальнага кіно. Як вам падаецца, ці будуць еўрапейскія гледачы адчуваць, што глядзяць хай і напалову, але беларускае кіно?

 - Мне падаецца, што глядач у любой краіне добра адрэагуе на пачуцці, якія мы паспрабавалі перадаць у фільме - каханне, сяброўства, вернасць свайму дому. Цікава, што падчас здымак у Таліне да нашай машыны з надпісам "Беларусьфільм" падышла жанчына, якая, амаль як мая гераіня, выйшла замуж за эстонца і шмат гадоў таму пакінула Беларусь. Ёй даражэй за ўсё было атрымаць няхай такое своеасаблівае, але важнае для яе прывітанне з радзімы...

- Першая ваша роля ў кіно - дзіцячая стужка Маргарыты Касымавай "Зорка Венера". Праз некалькі гадоў быў яшчэ адзін вопыт кінапастаноўкі - у "Анастасіі Слуцкай" выканалі ролю здрадніцы Евы, але, у выніку, трапілі вы на драматычную сцэну...

-Гэта было яшчэ на чацвёртым курсе Акадэміі мастацтваў. Вучылася на курсе Барыса Уторава, у цудоўных педагогаў Уладзіміра Іванова, Алы Швідзевіч, Андрэя Грабёнкіна. Дарэчы, ужо на першым курсе мяне запрашалі на ролю ў серыяле Дзмітрыя Астрахана "Зала чакання", але я адмовілася. Наш курс апынуўся ў розных тэатрах, а тыя грандыёзныя планы па ўвасабленні найлепшых сусветных мюзіклаў на беларускай сцэне, якія мы выношвалі, засталіся пакуль толькі ў марах. А марылі мы аб знакамітым "Чыкага" Джона Кэндера і Боба Фоса, які нашмат раней за маскоўскую каманду Філіпа Кіркорава пераклалі і паставілі ўласнымі сіламі ў студэнцкім тэатры. Увасобілі мы і "Котак" Вэбера, і амерыканскую версію "Мэры Попінс, да сустрэчы!", і "Гукі музыкі". На жаль, наш тэатр і, самае галоўнае, глядач нават не ведае, што такое сапраўдны мюзікл у сучасным яго разуменні. Мой улюбёны - "Ісус Хрыстос - суперзорка". Дарэчы, калі раптам нехта вырашыць паставіць яго ў Беларусі, гатова прапанаваць свае паслугі ў якасці выканаўцы партыі Марыі Магдаліны! А вось мая лепшая сяброўка са студэнцкіх часоў Ілона Казакевіч сёння выконвае галоўную ролю княжны Тараканавай у мюзікле Кіма Брэйтбурга "Блакітная камея".

- Як вам было выходзіць на сцэну "без песні" пасля таго, як трапілі ў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі?

 - А так здарылася, што без песні я амаль і не выходзіла! А на сцэне РТБД даволі часта, здаралася, ці не кожны вечар. Праца там была вельмі цікавай - мы наведалі з гастролямі шмат краін. Вельмі запомніліся гастролі ў Іркуцку: жылі ў гэтым горадзе амаль месяц, сталі амаль роднымі людзьмі, тым больш, усе нашы спектаклі ішлі на роднай матчынай мове. Аказалася, што ў Сібіры жыве вельмі шмат беларусаў. На развітанне беларуская суполка зладзіла нам вячэру ў мясцовым рэстаране беларускай кухні, а мы аддзячылі ім нацыянальнымі танцамі. Велізарным плюсам нашага тэатра было і тое, што можна было непасрэдна кантактаваць з аўтарамі п'ес, у якіх мы ігралі. Але са сваёй тэатральнай кар'еры больш за іншыя хачу адзначыць спектакль "Адвечная песня" паводле Янкі Купалы. Тут я працавала з Сяргеем Кавальчыкам, дарэчы, рэжысёрам, які вельмі любіць і паважае музыку на сцэне. Гэты спектакль, сапраўды, ішоў у нас на "адным дыханні". А наогул, больш за ўсё, як, дарэчы, і большасці маіх калег, падабаюцца ролі адмоўных персанажаў. Напрыклад, маёй любімай дасюль застаецца роля злой сястры Папялушкі. У "добрых" персанажаў ролі звычайна зусім нецікавыя - такія яны "правільныя", а вось "злыдні"- гэта самае тое...

- Рэзкі паварот вашага жыцця - тэатральную сцэну вы мяняеце на тэлевізійны павільён...

- Так, гэта былі вельмі значныя змены, зыначыўся нават мой жыццёвы рытм: у якасці вядучай праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!" мне давялося пяць гадоў запар уставаць а чацвёртай раніцы і праз дзве гадзіны выходзіць у прамы эфір. Але гэта было даволі проста, бо я па сваёй натуры досыць матываваная і пунктуальная асоба. Праўда, зараз я добра разумею: магчымасць як след выспацца дорага каштуе...

- Што вам як актрысе дало тэлебачанне?

- Каласальны жыццёвы вопыт. Магчымасць сустракацца з рознымі людзьмі, слухаць іх, атрымліваць ад іх новыя веды - гэта, наогул, галоўнае ў жыцці, хоць і гучыць досыць гучна. Ведаеце, у нас у Акадэміі мастацтваў быў такі прадмет - "Назіранне". Веданне яго мне вельмі дапамагло падчас прамых эфіраў на тэлебачанні, дзе вельмі часта выручала толькі хуткая рэакцыя на эмоцыі субяседніка. Акцёрская прафесія наогул - экстрэмальная. Праўда, калі займацца нечым сур'ёзна, самааддана, дык любая прафесія мусіць быць экстрэмальнай.

- Прамы эфір немагчыма параўнаць з загадзя адрэпеціраваным спектаклем, тым больш, з кінастужкай...

- А я заўсёды хвалююся, калі выходжу на сцэну, нават калі спектакль ідзе не першы раз! Мае педагогі вучылі, што паміж намі і глядзельнай залай існуе "чацвёртая сцяна", якую трэба абавязкова разбурыць. Тое самае, лічу, існуе і падчас прамога эфіру на тэлебачанні, калі ідзе своеасаблівы абмен энергіяй паміж вядучым і гледачамі. Дарэчы, гэты абмен ніколі не адбываецца аднолькава. Прамы эфір, наогул, прапануе шмат "сюрпрызаў", якія мы з Дзмітрыем Карасём мужна пераносілі: то не запаліцца а шостай раніцы палова асвятлення ў павільёне і мы гадзіну працуем у паўцемры, то спозніцца нехта з запрошаных на эфір гасцей... Такія выпадкі гарантуюць усплёск адрэналіну- адна хвіліна прамога эфіру адпавядае дзесяці хвілінам звычайнага жыцця. Дзякуй нашай камандзе, якой удавалася спраўляцца з усімі праблемамі. Лічу, мне наогул шанцуе ў жыцці на добрых людзей.

 Фота Юрыя ІВАНОВА