Марафоны музыкі

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

Фестывальная зіма распачынаецца на Беларусі, паводле традыцыі, у Віцебску — Міжнародным музычным фестывалем імя І.Салярцінскага, а музычную эстафету падхопяць брэсцкія “Студзеньскія музычныя вечары”.

 

 Абодва фестывалі- амаль равеснікі: віцебскаму фэсту - дваццаць тры, а брэсцкі- на год старэйшы.

Што да праграмы, дык віцебскі форум прапануе ўсяго шэсць канцэртаў. Гэта менш, чым у мінулыя гады, аднак імёны на іх прадставяць сапраўды важкія. Да таго ж, частку выступленняў фестываль зладзіў для жыхароў Полацка і Наваполацка. Сярод будучых цікавых імпрэз у Віцебскай абласной філармоніі - цэлы музычны кактэйль розных эпох і стыляў акурат сёння прапануе віцябчанам сталічны ансамбль салістаў "Класік-Авангард". А адным з фартэпіянных акцэнтаў стане закрыццё фестывалю. Яно адбудзецца 23 снежня ў час выступлення заслужанага арыста Расіі Мікалая Луганскага.

Таксама ўжо вызначана праграма "Студзеньскіх музычных вечароў" у Брэсце. Яны распачнуцца 9 студзеня і будуць складацца з 13 канцэртаў музыкантаў з 12 краін. Як зазначаюць арганізатары, адметнасцю сёлетняга фэсту мае стаць выступленне кнопачнага акардэаніста з Кіева Ігара Завадскага, а таксама юнай скрыпачкі з Токіа Манэ Хаторы.

Як і віцебскі форум, "Студзеньскія музычныя вечары" не абмяжуюцца толькі сценамі цэнтральнай залы (ёй, па традыцыі, стане Брэсцкі абласны акадэмічны тэатр драмы): канцэрты маюць адбыцца ў касцёле Узвіжання Святога Крыжа, мастацкім музеі Мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць - герой", а ўпершыню фэст прыме сцэна Пружанскага ГДК.