Трэнд класіка

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

Год Багдановіча: завяршэнне

 

Цягам гэтага года па ўсёй Беларусі, гэтаксама як і ў многіх краінах свету, прайшло багата мерапрыемстваў, прысвечаных 120-годдзю з дня нараджэння нашага славутага паэта Максіма Багдановіча. Як паведамляла "К", увесну быў створаны аргкамітэт па шырокім святкаванні знакавай падзеі на чале з міністрам культуры Беларусі Паўлам Латушкам.

Днямі адбылося падсумаванне вынікаў работы аргкамітэта, пад час якога былі вызначаны як значныя дасягненні, так і пэўныя недапрацоўкі, а таксама вылучаны пэўныя напрамкі ў падрыхтоўцы будучых юбілеяў нашых класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, што будуць адзначацца ў наступным годзе.

Як паведаміў намеснік міністра культуры нашай краіны Тадэвуш Стружэцкі, галоўным вынікам працы аргкамітэта можна лічыць тое, што творчасць Максіма Багдановіча стала бліжэй многім нашым суайчыннікам, аматарам літаратуры з іншых краін.

У прыватнасці, як адзначыла дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Таццяна Шэляговіч, выстаўкі, прысвечаныя жыццёваму і творчаму шляху таленавітага творцы праходзілі ў рэгіёнах Беларусі, а таксама ў Літве, Латвіі, Польшчы і Украіне. "Самае галоўнае, яны збіралі вялікую колькасць аматараў беларускай літаратуры,"- зазначыла яна. Акрамя таго, запланаваны выставачныя праекты і ў іншых краінах Еўропы. У гэтым шэрагу міжнародных акцый можна вылучыць і вялікую працу Беларускага радыё. Па словах дырэктара радыё "Беларусь" Навума Гальпяровіча, дзякуючы намаганням журналістаў на хвалях замежнага вяшчання неаднаразова гучалі вершы Багдановіча на розных мовах.

Вельмі важнай аказалася падтрымка беларускімі музейшчыкамі сваіх калег з Ялты ў працы па стварэнні асобнай залы, прысвечанай Максіму Багдановічу, якая мусіць у бліжэйшай перспектыве з'явіцца ў гэтым горадзе. Са значных дасягненняў, што атрымалася ажыццявіць да юбілею паэту, на думку Таццяны Шэляговіч, стала і распрацоўка памятнага медаля, устаноўка і падтрыманне ў належным стане мемарыяльных дошак, дакументальныя ролікі на айчынным тэлебачанні, а таксама стварэнне і размяшчэнне рэкламных плакатаў на сталічных білбордах. І хоць, на думку большасці прадстаўнікоў аргкамітэта, двух білбордаў на двухмільённы горад відавочна не дастаткова, тым не менш, тэндэнцыя бачыцца вельмі пазітыўнай.

 Разам з гэтым дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча паведаміла, што ўсё яшчэ працягваецца грамадскае абмеркаванне праекта па аднаўленні дома ў Траецкім прадмесці, дзе нарадзіўся слынны беларускі паэт. Да таго ж, у членаў аргкамітэта маюцца пытанні адносна стварэння помніка Багдановічу ў Гродне, у тым ліку, адносна яго годнага размяшчэння.

Выдадзены шэраг навуковых даследаванняў як айчыннымі, так і замежнымі вучонымі. У прыватнасці, літаральна ўчора ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка завяршыла сваю працу Міжнародная навуковая канферэнцыя "Мастацкі свет Максіма Багдановіча: адметнасць, шматграннасць, універсальнасць". У межах форуму адбылася прэзентацыя "Мультымедыйнага выдання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі "Паэт красы і гармоніі", а таксама анансаванай "К" энцыклапедыі "Максім Багдановіч".

 К.А

Дарэчы

 Днямі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылася прэзентацыя кнігі "Максім Багдановіч: вядомы і невядомы". Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

У крытыка-архіўны зборнік уключаны даследаванні творчасці Максіма Багдановіча 1910-1940 гадоў. Яго ўкладальнік і аўтар каментарыяў - літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч. Дзякуючы апублікаваным матэрыялам можна прасачыць, як паэзія класіка беларускай літаратуры ўспрымалася крытыкамі першай паловы XX стагоддзя - Антонам Луцкевічам, Яўхімам Карскім, Аляксандрам Вазнясенскім і іншымі. Акцэнт зроблены на літаратуразнаўчыя працы, якія не перавыдаваліся з часоў першай публікацыі. З архіўных матэрыялаў, змешчаных у кнізе, асобнае месца займае першая кандыдацкая дысертацыя па творчасці беларускага паэта, абароненая Рыгорам Жалезняком у Ленінградзе ў 1940 годзе. У асобным раздзеле прадстаўлены таксама ўспаміны і малавядомыя матэрыялы перапіскі родных і сяброў Максіма Багдановіча.