Са свету па… ёлцы

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

Да 14 снежня можна падаць заяўку на… упрыгажэнне навагодняй ёлкі для… Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Ці не зашмат шматкроп'яў у адным сказе? Падаецца, не, паколькі музей ужо некалькі гадоў запар штосезон прапануе арыгінальны інтэрактыўны праект. Скажам, летась узімку адну з залаў установы запоўнілі плюшавыя мядзведзікі. Сёлета ж навагодні час там пройдзе з зялёнымі красунямі, упрыгожанымі ў рамках акцыі "Са свету па ёлцы" самым арыгінальным чынам.

Як зазначаюць у музеі, конкурснае дрэўца мае быць упрыгожана на пэўную тэму, у стылістыцы якой-небудзь эпохі або краіны. Дарэчы, першым дваццаці сем'ям, што падалі заяўкі на ўдзел, музей прапануе загадзя падрыхтаваныя ёлачкі для эксперыментавання.

А 5 студзеня 2012-га адбудзецца прэзентацыя зімовых красунь і падвядзенне вынікаў конкурсу, галоўны прыз якога - падарожжа ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза ў Белавежскую пушчу.