“На цябе, наша моладзь, надзея”

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

Як вядома, сёлета адзначаецца 125-я гадавіна з дня нараджэння славутых Песняроў Беларусі — Янкі Купалы і Якуба Коласа. Вось і вырашылі супрацоўнікі Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці распрацаваць і правесці з гэтай нагоды (ва ўмовах сваёй выставачнай залы) мерапрыемства, якое насіла б інавацыйны характар, спалучаючы ў сабе традыцыйную форму работы — экскурсію па экспазіцыі з твораў народных майстроў Віцебшчыны — і элементы літаратурнага свята. Творчая група Цэнтра вырашыла яго эпіграфам абраць верш Янкі Купалы “На цябе, наша моладзь, надзея”. Бо сэнс гэтага верша, якім паэт звяртаўся на пачатку ХХ стагоддзя, у 1915 годзе, да нашых дзядоў і прадзедаў, вельмі блізкі і слушны для сённяшніх маладых грамадзян Беларусі. Тым больш, што і ў якасці акцёраў і вядучых выступілі навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага вучылішча мастацтваў, якія праз год — два будуць ужо дыпламаванымі акцёрамі і рэжысёрамі і, безумоўна, яшчэ не раз звернуцца да творчай спадчыны Песняроў.

 /i/content/pi/cult/131/676/Vicebsk1.jpg
 Выступаюць навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага вучылішча мастацтваў.
Выразнае і прачулае чытанне вершаў Я.Купалы і Я.Коласа, інсцэніраванне ўрыўкаў з іх паэм і празаічных твораў успрымаліся асабліва эмацыянальна дзякуючы гучанню цымбалаў, на якіх навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя І.І. Салярцінскага выконвалі беларускія народныя мелодыі і творы сучасных кампазітараў. Несумненнай творчай і ідэйнай знаходкай літаратурна-этнаграфічнага свята “Як ты мне мілы, родны кут” (менавіта так назвалі арганізатары мерапрыемства) сталі творчыя выступленні навучэнцаў школ горада — пачынаючых паэтаў і кампазітараў, пераможцаў прысвечанага юбілею класікаў айчыннай літаратуры абласнога конкурсу. Распавядаючы гледачам аб мары Я.Купалы і Я.Коласа пра росквіт роднага краю і шчаслівую долю беларускага народа, удзельнікі свята яскрава прадэманстравалі: мара тая спраўдзілася, набыла рэальныя і дзівосныя абрысы.
У канцэртнай праграме свята прыняў удзел навучэнец 4 курса Віцебскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя І.І. Салярцінскага, лаўрэат Гранд-прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, кампазітар-выканаўца Уладзіслаў Сярпінскі. А ў выставачнай зале, побач з вырабамі ўжо сталых народных майстроў Віцебшчыны, што захоўваюць культурныя традыцыі нашага народа, супрацоўнікі аддзела народных рамёстваў
 /i/content/pi/cult/131/676/Vicebsk2.jpg

 Выцінанку дэманструе Алеся Талерчык. 

Віцебскага АМЦНТ прадставілі экспазіцыю з лепшых творчых работ навучэнцаў Віцебскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот. Міжволі думалася: калі б клопат аб іх не ўзяла на сябе дзяржава, цяжка прыйшлося б у жыцці многім з гэтых творчых, улюбёных у родны край хлопчыкаў і дзяўчынак.
Высокі ўзровень этнаграфічнага напрамку свята забяспечыла экспазіцыя з фондаў Віцебскага АМЦНТ, дзе былі прадстаўлены вырабы з лазы і саломкі, гліны і дрэва, ручнікі і тканыя посцілкі, шмат іншых рэчаў, вырабленых самадзейнымі майстрамі вобласці. Як даверлівы расповед пра непаўторнасць і каштоўнасць народнага мастацтва, пакінутага продкамі нам, сённяшнім людзям, праводзіла экскурсію па экспазіцыі галоўны мастак цэнтра, старшыня Віцебскага аддзялення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Ніна Федарыстава. Для шматлікіх наведвальнікаў мерапрыемства — дзяцей і дарослых — сапраўдным адкрыццём сталі гістарычны экскурс і майстар-клас па выцінанцы, падрыхтаваны вядучым метадыстам цэнтра па народных рамёствах і промыслах Алесяй Талерчык.

Святлана ПАЦЯНКОВА,
галоўны рэжысёр Віцебскага АМЦНТ