Шукайце… мужчыну на магістральным маніторынгу

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

Актуальныя тэндэнцыі аматарскай сцэны без “апендыксаў” і стэрэатыпаў

/i/content/pi/cult/354/6759/pic_6.jpgНа старонках "К" мы не аднойчы звярталіся да актуальных пытанняў існавання народных тэатраў. Гэтым разам чарговую нагоду для працягу размовы даў VI Фестываль аматарскага тэатральнага мастацтва "Святло рампы", які днямі завяршыўся ў Магілёве і сабраў дванаццаць творчых калектываў горада і ўсёй рэспублікі. Акрамя традыцыйнага конкурснага "спаборніцтва" паміж калектывамі, магістральнай тэмай "Святла рампы" стаў своеасаблівы комплексны маніторынг таго, якім жа чынам развіваецца сёння аматарскае тэатральнае мастацтва, у якіх накірунках яно бачыць свае перспектывы і што з былых традыцый у сучасных рэаліях цалкам страчвае сваю актуальнасць? Тым больш, што аматарскі статус сам па сабе, з аднаго боку, абавязвае больш пільна і трапятліва ставіцца да гэтага занятку, але ж з іншага - не дае аніякіх гарантый і стабільнасці ў плане забеспячэння самога творчага працэсу. 

 

Разбурэнне міфалогіі

Прыемна было адзначыць, што пад час фестывалю былі абвергнутыя некаторыя стэрэатыпы, якія традыцыйна прымяняліся да сферы аматарскага тэатра. Адзін з іх - надзвычайны дэфіцыт у народных тэатрах мужчын: маўляў, усе яны займаюцца заробкам грошай і не маюць часу на акцёрства. Аказалася, што ў рэальнасці сітуацыя выглядае зусім інакш: часам, назіраючы за выступленнямі калектываў, думалася, што фактуры і палкасці сцэнічнага існавання не аднаго з акцёраў-аматараў маглі б пазайздросціць многія з прафесійных рэгіянальных тэатраў. Прычым, што прыемна, значную катэгорыю складаюць людзі, так бы мовіць, сярэдняга ўзросту - тыя, хто ўжо мае пэўную прафесійную ды побытавую стабільнасць і на гэтым фоне знаходзіць для сябе ў тэатры дадатковую аддушыну для ўласных творчых праяўленняў.

Яшчэ адзін міф, які на паверку аказваецца ўсяго толькі зручнай пазіцыяй для таго, каб нічога не рабіць, - тэзіс пра адсутнасць у аматараў годнай для пастаноўкі драматургіі. Афіша фестывалю паказала, што галоўная рэпертуарная "праблема" - адсутнасць імпэту ў кіраўнікоў калектываў. І гэта яскрава высвеціў досвед тых удзельнікаў фестывалю, якія, як магілёўскія народны тэатр Палаца культуры вобласці са спектаклем "Выйсце крыніц" У.Караткевіча альбо народны яўрэйскі тэатр "Шалом" з пастаноўкай "Вуліца Шалом-Алейхема, 40" А.Ставіцкага, знайшлі для сябе цікавы матэрыял сярод класічных твораў. Альбо, як народны тэатр з Жодзіна са спектаклем "Аднакласнікі" Ю.Палякова ці народны тэатр з Брэста са спектаклем "Свінячыя выбрыкі" А.Богдана, накіроўваюць увагу ў бок сучаснай драматургіі, у тым ліку і беларускай, дзе можна адшукаць тэмы, актуальныя і сугучныя з днём сённяшнім. Ці, прыкладам, можна было б узяць на ўзбраенне вопыт народнага маладзёжнага тэатра "Легіён" з Мазыра. Пераважная частка яго рэпертуару ствараецца кіраўнікамі калектыву адмыслова з улікам творчых магчымасцей трупы.

 

Аматарскі тэатр - гэта...

Як зазначыў старшыня журы, рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Віктар Куржалаў, дыяпазон тэатральных работ, прадстаўленых у фестывальнай афішы, з'яўляецца своеасаблівым адлюстраваннем тых запатрабаванняў, якія сённяшні актыўны глядач прад'яўляе да тэатраў прафесійных. Іншымі словамі, усе тыя крытычныя заўвагі, што прафесіяналы звычайна прад'яўляюць аматарам, на самой справе - патрабаванні гледачоў-аматараў да рэпертуарных тэатраў, да таго, што яны жадаюць убачыць на сцэне.

У гэтым сэнсе відавочна вылучаюцца дзве тэндэнцыі. Першая - імкненне да "паўнавартаснага" тэатральнага дзейства, дзе будзе дастаткова магчымасцей для выкарыстання эфектных візуальных сродкаў (багатых дэкарацый, відэапраекцый, што актыўна пранікаюць і ў аматарскі тэатр, і г.д.), актыўная экспансія элементаў кінематографа і шоу-бізнесу, да якіх прафесійныя тэатры прывучаюць сваіх гледачоў на працягу апошніх дзесяці-пятнаццаці гадоў. Другая - кірунак у бок вяртання на сцэну тэатра моцных псіхалагічных перажыванняў, якія забяспечваюцца коштам драматургічнага напружання, вострых дыялогаў і палкіх маналогаў, закліканых стварыць уражанне пераемнасці традыцый класічнага псіхалагічнага тэатра. І адзін, і другі кірункі маюць як відавочныя плюсы, так і прыхаваныя падводныя камяні, якія выплываюць тады, калі знешняя форма засланяе галоўную, сутнасную прыроду тэатральнай творчасці - уменне наладжваць на сцэне кантакт паміж персанажамі.

 

Традыцыі і мода

Калі хтосьці засумняваецца ў тым, што аматарскі тэатр - гэта модна, варта толькі пазнаёміцца з мазырскім "Легіёнам", і сумненні знікнуць цалкам. Актыўны малады калектыў, сярэдні ўзрост удзельнікаў якога набліжаецца да 40 гадоў, прадэманстраваў усім прыхільнікам фестывалю не толькі творчы імпэт, якога, балазе, было на "Святле рампы" дастаткова, але і сучасны маркетынгавы падыход, чаго часам так не стае іншым аматарам, прычым не толькі ў галіне тэатральнага мастацтва. Пра сур'ёзнасць творчых прэтэнзій і грунтоўнасць уласных намераў мазыране заявілі не толькі пастаноўкай спектакля "Пра Фядота" Л.Філатава, але ж і адносінамі да свайго занятку, тым драйвам, які яны прывезлі ў Магілёў - разам з рэкламнай прадукцыяй у выглядзе яркіх праграмак, прома-дыскаў, банера з партрэтамі акцёраў тэатра. А ўжо завітаўшы на інтэрнэт-сайт "Легіёна", можна пазнаёміцца з амаль вычарпальнай інфармацыяй аб самім калектыве. Думаецца, уся гэтая дзейнасць, якую праводзіць мазырскі калектыў,- цудоўны ўзор для пераймання ўсім тым, хто вырашае, з чаго ж пачаць папулярызацыю ўласных творчых эксперыментаў і пошук сталай базы для існавання. Перадусім, не толькі матэрыяльнай, але і ідэалагічна-творчай.

 У гэтым сэнсе цікавым калектывам - удзельнікам "Святла рампы" стаў народны тэатр з Брэста, які сёлета адзначае сваё 50-годдзе. Калектыў, які працуе на базе ДК Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі, аказваецца, "сумясціў" у адным выступленні ажно два фестывалі- "Святло рампы" і фестываль-конкурс "чыгуначных" народных тэатраў. Прадэманстраваўшы, што падобныя калектывы ў рамках такіх ведамасных структур, як Беларуская чыгунка, не толькі не з'яўляюцца чымсьці накшталт "апендыксаў", а наадварот, маюць магчымасць развівацца і наладжваць кантакты не толькі на творчым, але нават і на карпаратыўным узроўні. А гэта значыць, што творчая ініцыятыва здольная даваць плён у любым структурным "атачэнні", галоўнае - шчырае і пастаяннае жаданне займацца тэатральнай творчасцю.

 

■ ■ ■

Падвядзенне фестывальных вынікаў для журы - рэч заўсёды няпростая, асабліва, калі на абмеркаванне прадстаўленыя не прафесіяналы, патрабаванні да якіх вядомыя і зразумелыя, а аматарскія групы, кожная з якіх кіруецца ў сваім творчым руху пэўнымі задачамі, важнымі і актуальнымі, магчыма, толькі для яе асабістага жыцця. І той факт, што тэатры - удзельнікі "Святла рампы" ўжо адным сваім удзелам у конкурсе сталі пераможцамі, не выклікае аніякіх сумненняў.

Ды ўсё ж выбар журы, якое Гранпры фестывалю прысудзіла ўзорнаму тэатру "Рэха" ДШМ № 1 г.Магілёва за спектакль "Хлопчык на даху, або Дзіравы парасон" К.Ткачовай, стаўся для многіх канкурсантаў нечаканасцю. Здавалася б, у параўнанні з яркімі і маштабнымі пастаноўкамі аршанскіх аматараў, мазыран, жодзінцаў ці іншых калектываў-удзельнікаў, магілёўскія школьнікі выглядалі вельмі сціпла і някідка. Аднак ім, разам з кіраўніком Наталляй Дурэйка, удалося схапіць, адчуць і прадэманстраваць нам, гледачам, адну з найважнейшых задач, якія вырашаў і мусіць вырашаць ва ўсе часы тэатр, - уменне наладжваць кантакт паміж людзьмі. Уменне бачыць і чуць адзін аднаго на сцэне, размаўляць з дапамогай аўтарскіх дыялогаў, а не прамаўляць іх - вось тыя азы, дзякуючы якім сціплае з пункту гледжання яркасці і квяцістасці сцэнічнае дзеянне сталася такім глыбокім і важным. І калі дзякуючы такім аматарскім спектаклям, як гэты, людзі не толькі на сцэне, але і ў глядзельнай зале навучацца бачыць і чуць адзін аднаго, можна лічыць, што высокая місія тэатральнага мастацтва выкананая.

На здымку: сцэна са спектакля "Хлопчык на даху..." тэатра "Рэха".

Фота Васіля ЦІТОВА  

 

Л і ч б ы і ф а к т ы

Паводле інфармацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, на 7 снежня 2011 года ў краіне існуе 2871 аматарскі калектыў тэатральнай творчасці. Сярод іх 1815 - дзіцячыя. Усяго ў падобных тэатрах удзельнічаюць 28727 чалавек, больш за 18 тысяч з якіх- дзеці. Аматарскіх калектываў тэатральнай творчасці, што маюць званне "народны" ці "ўзорны", у Беларусі на сёння 176. Шэсць народных тэатраў уганараваны найменнем "заслужаны".