Мэсідж “Я хачу дадому!”

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

Пінскі погляд на “сацыялку”

/i/content/pi/cult/354/6757/pic_4.jpgМне ўжо даводзілася пісаць на старонках "К" пра гэты маладзёжны калектыў. І вось новая хваля ўражанняў пасля наведвання Палескага драматычнага тэатра ў Пінску. Гэтым разам пабывала на спектаклі "Я хачу дадому!" паводле п'есы Л.Разумоўскай. 

Слова "маладзёжны" ўжыта вышэй зусім не выпадкова, паколькі і на сцэне, і ў зале- прадстаўнікі менавіта гэтай узроставай катэгорыі. Зрэшты, да яе апелюе і пастаноўшчык Павел Марыніч. Адсюль пытанне: што ж мы бачым на сцэне? Трагедыю зусім юных, згубленых усімі маладых людзей, што страцілі, да ўсяго, і саміх сябе на зломе стагоддзяў.

У сцэнаграфіі- нічога лішняга, аднак менавіта яна і з'яўляецца пэўным складнікам асабістасці сцэнічнага выказвання трупы. Наўкол - пустэча, што толькі візуальна трансфармуецца ў неабходныя ўзвышэнні, памост, які, папраўдзе, нярэдка асацыіраваўся з пагостам. І музыка, і рэжысёрская трактоўка гучаць узвышанай нотай дабра, што мусіць разбурыць Вавілонскую вежу. Сацыяльны пасыл спектакля тут на першым плане.

Што да акцёраў, дык у Палескім драматычным, па вялікім рахунку, яны бяруць менавіта ансамблевай ігрой. Зрэшты, практычна ўсе спектаклі тэатра, заснаванага Іванам Базанам, уражваюць менавіта гэтым. У "Я хачу дадому!" запомніліся трактоўка паслушніка-Венькі маладога артыста Паўла Рыжова, трагічны лёс на сцэне пражывае Юлія Брылёва, скалечаную душу паспяхова і моцна перадае характарная актрыса Алена Андрэева. Ды і ў ролях Антаніны Ракала і Андрэя Дзмітрычэнкі адчуваеш ноткі трагізму...

...Што дадаць? Хіба колькі слоў пра творчыя планы. Моладзь тэатра з лістапада распачала пастановачны працэс майскай прэм'еры Палескага драматычнага - п'есы Янкі Купалы "Раскіданае гняздо" ў рэжысуры таго самага Паўла Марыніча.

Святлана ЯФРЭМАВА

Дзяржынск

На здымку: сцэна са спектакля "Я хачу дадому!"