Не маўчаць!

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

Бачанне ў прасторы жэста

/i/content/pi/cult/354/6756/pic_2.jpgУ Магілёўскім абласным драматычным тэатры адбыўся паказ мастацтва пантамімы, пластычных спектакляў і мініяцюр, не ўласцівых гэтай сцэне. І хаця ён называўся ўсяго толькі "Вечар невербальнага мастацтва", паводле сваёй ідэі і разгорту гэта быў, па сутнасці, аднавечаровы... фестываль, які з'яднаў мінскіх, магілёўскіх і пецярбургскіх прафесійных акцёраў ды аматараў. 

Невербальны - значыць, бязмоўны? Так, але ёсць у гэтага слова яшчэ адзін сэнс: невербальны - той, які нельга выказаць словамі - толькі пластыкай ды музыкай пачуццяў. І каб настроіць на гэта публіку яшчэ да таго, як яна зойме свае месцы ў зале, гледачоў сустракалі дзяўчаты і юнакі, якія жэстамі прапаноўвалі адчуць водар уяўнай кветкі, сфатаграфавацца на нябачную камеру ці проста ўсміхнуцца. А маладая фотамастачка, якая ўзяла сабе псеўданім Джэйн Эн Пі, парадавала гасцей сваёй першай фотавыстаўкай, дзе былі прадстаўлены зоркі рок-сцэны ў арыгінальным бачанні аўтара.

Санкт-Пецярбургскі тэатр з крэатыўнай назвай "Тэатр Імя, Якога... нельга называць" паказаў спектакль "Фокус", заснаваны на спалучэнні святла і ценю, акцёрскай пластыкі і лялек (рэжысёр - Дзмітрый Казенас). Артысты прымусілі гледачоў не толькі думаць і спачуваць, але і... сачыняць сюжэт разам з імі. Сярод удзельнікаў былі і клоўнскі дуэт "Чаманары" ў складзе братоў Віталя і Леаніда Фурманавых, і кіраўнік тэатра пантамімы "ІнЖэст" Вячаслаў Іназемцаў з філасофскай прытчай у стылі традыцыйнага японскага танца "буто". Першакурснікі Магілёўскага каледжа мастацтваў пад кіраўніцтвам Таццяны Матусевіч прапанавалі пластычную мініяцюру "На крылах надзеі".

Ды ўсё ж візітоўкай вечара стала выступленне не /i/content/pi/cult/354/6756/pic_3.jpgпрафесіяналаў ці навучэнцаў, а аматарскага тэатра-студыі Магілёўскага таварыства глухіх "Шостае пачуццё" са спектаклем "Жыццё цудоўнае". Акцёры размаўлялі пры дапамозе азбукі глухіх, а для гледачоў, якія ёй не валодаюць, тэкст агучваўся. Фактычна гэта быў урок, у якім Анёл, выразна сыграны Ганнай Парадзінай, тлумачыў, што самае важнае ў чалавечых стасунках - гэта пачуцці, якія ахінаюць людзей у адказ на нашы ўчынкі. Вось і галоўную гераіню ў выкананні Валянціны Карповіч Анёл "судзіў" не за дабро ці зло, а за тыя адчуванні, што яна выклікала ў людзей на працягу свайго багатага на прыгоды жыцця.

Чырвонай ніткай праз увесь вечар праходзілі выступленні шоугрупы "Арцель камедыянтаў", якія не толькі весялілі гледача, але і прымушалі яго задумацца. Завадатарам выступаў кіраўнік гурта і яркі артыст Яўген Мельнікаў, вядомы магіляўчанам пад сцэнічным псеўданімам Жан. Менавіта ён стаў ініцыятарам гэтай нязвычнай культурнай акцыі і прыцягнуў да ўдзелу многіх неабыякавых да сцэнічнага мастацтва людзей. Арганізацыйныя ж праблемы вырашыў ужо вядомы магіляўчанам творчы цэнтр "АртФэст". А сам праект быў прысвечаны 80-годдзю Беларускага таварыства глухіх, і арганізатарам удалося запрасіць да ўдзелу менавіта тых акцёраў і пастаноўкі, якія без слоў данеслі галоўнае: трэба любіць жыццё і людзей, нават калі яны адрозніваюцца ад вас. Ці ж гэта не ісціна для ўсіх?

Ганна ПАЯРКАВА

Магілёў

На здымках: сцэны са спектакляў тэатра "Тэатр Імя, Якога... нельга называць" і шоу-групы "Арцель камедыянтаў".